Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 27 чэрвеня 2015: Рыцарскія баі ў Азярцы, эўрапейскія прысмакі ў Мёрах


Толькі мая Беларусь. Вёска Рэдкавічы, Любанскі раён, Менская вобласць.

Толькі мая Беларусь. Вёска Рэдкавічы, Любанскі раён, Менская вобласць.

Новае фота кожны дзень, увесь год. Загружайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 альбо на пошту radiosvaboda@gmail.com.Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Афіша:

Фэстываль гістарычнай рэканструкцыі «Эпоха рыцарства» пройдзе на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музэю архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо Менскага раёну. У праграме фэстывалю: відовішчныя спаборніцтвы закутых у сапраўдныя дасьпехі рыцараў, масавыя баі пешых рыцараў, турнір конных рыцараў, турнір сярэднявечных лучнікаў, выступ музыкаў, якія граюць на старадаўніх інструмэнтах, сапраўдны рыцарскі лягер, рамесьнікі, якія гандлююць дзіўнымі сувэнірамі, язда на конях і іншыя пацехі.

У Мёрах (Віцебская вобласьць) па ініцыятыве Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі адбудзецца кулінарны фэстываль «Эўрапейскія прысмакі».

У гісторыі:

1925 — нарадзілася Лідзія Арабей, беларускі празаік, крытык, літаратуразнаўца.

1934 — нарадзіўся Віктар Карамазаў, беларускі пісьменьнік.

1944 — у Менску пад нямецкай акупацыяй пачаўся Другі Ўсебеларускі кангрэс, скліканы Беларускай цэнтральнай радай. Прысутнічалі 1039 дэлегатаў, якія прадстаўлялі розныя раёны Беларусі і беларускія згуртаваньні за мяжой. Практычнага значэньня для Беларусі кангрэс ня меў. Празь некалькі дзён Рада разам зь іншымі грамадзкімі ўстановамі, якім нацысты дазволілі дзейнічаць у Менску, эвакуяваліся.

1961 — нарадзіўся Анатоль Лябедзька, палітык, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

1989 — устаноўчы зьезд Таварыства беларускай мовы прыняў зварот да ўсіх прыхільнікаў беларускага слова.

У памяці:

1863 — на Лукіскай плошчы ў Вільні быў павешаны Зыгмунт Серакоўскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-1864 гг. Серакоўскі быў капітанам расейскага Генштабу. Пасьля пачатку Студзеньскага паўстаньня ў Варшаве атрымаў двухтыднёвы адпачынакад службы дзеля выезду за мяжу. Выехаў на Літву, дзе стаў адным з кіраўнікоўпаўстанцаў. Абвясьціў сябе генэралам Літоўскім і Ковенскім пад імем Далэнга. За кароткі тэрмін сабраў паўстанцкі аддзел колькасьцю 5 тысяч чалавек. Ягоны аддзел 23-24 красавіка быў разьбіты расейскімі войскамі, але частка аддзелу ацалела і працягнула змаганьне. У наступнай бітве каля мястэчка Біржы паўстанцы пад камандаваньнем Серакоўскага былі канчаткова разьбітыя, а сам ён, паранены ў грудзі, патрапіў у палон.

Цытата:

«Хочацца спытаць у тых, што перабеглі з нашага саюзу да Чаргінца:

— А вы не баіцёся, што некалі вам скажуць: „Все вы хрюкали возле моего корыта“...

Альбо:

— Я вас нашел на помойке...»

Лідзія Арабей, «Перабежчыкі».

XS
SM
MD
LG