Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастару ў Гомелі пагражаюць крымінальнай справай


Пастар Сяргей Нікалаенка пасьля суду 19 чэрвеня, які пакараў яго штрафам

Пастар Сяргей Нікалаенка пасьля суду 19 чэрвеня, які пакараў яго штрафам

У Гомелі ў дамах пастара царквы Божай «Праабражэньне» Сяргея Нікалаенкі, а таксама дыякана царквы Аляксандра Чуева супрацоўнікі міліцыі правялі ператрусы.

Яны забралі пячатку і шэраг дакумэнтаў абшчыны.

Супраць вернікаў праводзіцца праверка па крымінальным артыкуле за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

У пастанове аб праверцы жыльля, падпісанай гомельскім пракурорам Зайцавым, указана, што ў дамах Сяргея Нікалаенкі і Аляксандра Чуева можа «незаконна знаходзіцца літаратура сэктанцкага характару ці літаратура з інфармацыяй, якая пасягае на правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян альбо шкодзіць выкананьню грамадзянамі іх дзяржаўных, грамадзкіх, сямейных абавязкаў, а таксама статутныя дакумэнты незарэгістраванай вышэйназванай арганізацыі, сьпісы яе сяброў, расклад мерапрыемстваў, справаздачы аб праведзеных мерапрыемствах, сходах, фінансавыя справаздачы, пячаткі ды іншае».

«Наколькі я разумею, капаюць на 193-ці артыкул. Што будзе далей, нічога пэўнага не сказалі. Але ў арандаваным раней памяшканьні нам забаранілі праводзіць набажэнствы. Мы можам праводзіць набажэнствы толькі па месцы нашага юрыдычнага адрасу, у прыватным доме», — сказаў карэспандэнту Свабоды Сяргей Нікалаенка.

19 чэрвеня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Віктар Казачок аштрафаваў пастара пратэстанцкай суполкі Царквы Божай «Праабражэньне» Сяргея Нікалаенку на 3,6 мільёна рублёў за правядзеньне набажэнства ў арандаваным памяшканьні. Суд прызнаў набажэнства афіцыйна зарэгістраванай рэлігійнай суполкі несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам, бо яно не было ўзгоднена з адміністрацыяй Цэнтральнага раёну.

31 траўня вернікі царквы праводзілі нядзельнае набажэнства, якое было сарвана амапаўцамі.

Царква Божая «Праабражэньне» зарэгістраваная ва ўстаноўленым парадку ў Гомелі з 2004 году. У 2012 годзе яна прайшла перарэгістрацыю. А ў сакавіку 2015 году абшчына заключыла дамову арэнды памяшканьня для набажэнстваў.

Паводле пастара Сяргея Нікалаенкі, грамада накіравала зварот у адміністрацыю Цэнтральнага раёну Гомеля, каб узгадніць правядзеньне набажэнстваў. Але чыноўнікі з адказам зацягнулі і толькі вусна дазволілі іх праводзіць.

XS
SM
MD
LG