Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі мы разыдземся з Беларусьсю, гэта будзе велізарнай геапалітычнай памылкай Расеі» — цытаты з Прымакова


Яўген Прымакоў
Яўген Прымакоў

Вядомы расейскі палітык, экс-прэм’ер РФ і былы кіраўнік савецкай і расейскай выведкі Яўген Прымакоў памёр ва ўзросьце 85 гадоў. Прапануем вашай ўвазе падборку ягоных цытатаў паводле расейскіх выданьняў.


Пра Беларусь

Ці трэба нам Саюзная дзяржава? Вельмі трэба! Прычым Расеі не менш, чым Беларусі. Для нас гэта выхад у Эўропу. Што датычыць Лукашэнкі, давайце зыходзіць з таго, што яго падтрымлівае пераважная большасьць насельніцтва Беларусі.
Цяпер пасьпяхова наладжваюцца сувязі Беларусі з расейскімі рэгіёнамі. Але цяжкасьці ёсьць, прычым аб’ектыўныя, і на іх нельга заплюшчваць вочы. З аднаго боку, Беларусь не можа ўліцца ў Расею ў якасьці двух-трох губэрняў. Беларусь — цяпер сувэрэнная дзяржава, з моманту ўтварэньня Арганізацыі Аб’яднаных Нацый — чалец ААН, і яе правы неабходна паважаць. Зь іншага боку, варта знайсьці формулу, па якой могуць быць забясьпечаныя правы і Расеі, улічваючы яе розныя маштабы з Беларусьсю. Знайсьці кампраміс у такой сытуацыі складана, але пэрспэктывы ёсьць. (Інтэрвію «Аргументы і факты», 2005)

Давесьці справу да саюзу з Беларусьсю — гэта гістарычна вельмі важна для Расеі. Калі мы разыдземся з Беларусьсю, гэта будзе велізарнай геапалітычнай памылкай Расеі.
У Беларусі ўлада ніколі не будзе арыентаваная на Захад. Я ў гэтым упэўнены на сто адсоткаў. Акрамя ўсяго іншага Беларусь занадта шчыльна эканамічна зьвязаная з намі. У Беларусі не стаяць заводы, якія выпускаюць высакаякасную прадукцыю. Напрыклад, расейскі трактар не параўнаць з беларускім. Разрыў з расейскай эканомікай для Беларусі немагчымы. (Інтэрвію «Московский комсомолец», 2005)

Пра ЗША

Што тычыцца ЗША, то пасьля крушэньня Савецкага Саюзу яны сапраўды засталіся на сусьветнай арэне ў якасьці самай моцнай у эканамічным, ваенным сэнсе і па свайму палітычнаму ўплыву краінай у сьвеце. (Сьвет без Расеі. Да чаго вядзе палітычная нізкавокасьць, 2009)

Пра вялікія дзяржавы

Я не згодны, што сур’ёзная палітыка — гэта стукаць кулаком па стале. Калі Хрушчоў на Генасамблеі ААН стукаў чаравікам па стале і пагражаў ракетамі, гэта не было прыкметай нашай велічы. Прыкмета вялікай дзяржавы — калі твая краіна неабходная, зь ёй хочуць мець справу. Расея — вялікая дзяржава менавіта таму, што многія праблемы на міжнароднай арэне безь яе вырашацца не могуць. Ня згодны і з тым, што перамовы, у якіх мы ўдзельнічаем, заканчваюцца саступкамі. Немагчыма, вядома, абысьціся без кампрамісаў — гэта нерэальна. Але па цэлым шэрагу пытаньняў мы пасьпяхова «прабіваем» сваю пазыцыю. (Інтэрвію «Аргументы і факты», 2005)

Пра разварот самалёта над Атлянтыкай падчас вайны ў Югаславіі

«Разварочваць самалёт» дапушчальна тады, калі іншы бок прымае рашэньні, якія супярэчаць нашым нацыянальным інтарэсам. Але нават у гэтых умовах ніхто не ідзе на разрыў стасункаў. Напрыклад, амэрыканцы праводзяць ваенную апэрацыю ў Іраку. Гэта абсалютна супярэчыць інтарэсам Расеі. Але гэта не азначае, што мы павінны зрабіць сваю палітыку антыамэрыканскай. (Інтэрвію «Аргументы і факты», 2005)

Пра вайну з Грузіяй

Паўднёваасэцінскі крызіс жніўня 2008 году дадаў яшчэ больш нэгатывізму ў ЗША, на Захадзе ў цэлым, у дачыненьні да Расеі. Разам з тым значна паменшылася колькасьць тых, хто лічыў, што можна ігнараваць Расею, не лічыцца зь яе інтарэсамі. (Сьвет без Расеі. Да чаго вядзе палітычная нізкавокасьць, 2009)

Пра распад СССР

Ці ўдзельнічалі ў гэтым працэсе замежныя сілы? Наўпрост — ня думаю, хоць у ЗША і краінах Заходняй Эўропы было нямала людзей, якія марылі пра крах СССР. Адначасова многія там, магчыма, нават большасьць палітычных дзеячаў, несумненна імкнучыся да паслабленьня СССР, асьцерагаліся, што яго распад прывядзе да хаосу краіну, у розных частках якой, больш за тое, у розных частках, якія аддзяляліся, у велізарнай колькасьці знаходзілася ядзерная зброя. (Сьвет без Расеі. Да чаго вядзе палітычная нізкавокасьць, 2009)

Пра трэцюю сусьветную вайну

Вайной (эканамічны крызіс) не скончыцца, я ўпэўнены. Паглядзіце, з чаго пачыналася Першая сусьветная — з перадзелу сфэраў уплыву ў каляніяльным сьвеце. Другая — з-за Японіі, якая хацела паўсьвету захапіць, і Гітлера, які прэтэндаваў на Эўропу. А цяпер ёсьць магутная сіла, якая стрымлівае — ядзерная зброя (Інтэрвію «Аргумэнты і факты», 2009 год).

Пра Крым

Нам трэба зрабіць усё, каб «абсарбаваць» Крым — вырашаць усе праблемы. Вырашаць усе праблемы — транспартныя і гэтак далей, таму што тут адступленьня быць не можа. Трэба быць пасьлядоўнымі і цьвёрдымі. Гэта ўжо заваяваная пазыцыя (Інтэрвію «Россия 24», 2014 год).

Пра Пуціна

І мне здаецца, што я дастаткова добра ведаю тыя каштоўнасьці, якія ляжаць у аснове яго зьнешнепалітычнага мысьленьня. Я б сказаў, што адзін бок гэтай справы, безумоўна — не паўтараць тое, што было ў нас у пачатку 90-х гадоў, калі мы былі відавочна кіраванымі. Разумееце? А для гэтага, вядома, трэба ўмацоўваць абароназдольнасьць Расеі. І тое, што ён робіць і кажа, і тое, што будзе рабіць у будучыні — я спадзяюся, што ён будзе прэзыдэнтам, мне здаецца, што ён аптымальная фігура для гэтага, — ён хоча ўмацаваньня арміі, ўмацаваньня яе сучасным узбраеньнем. Імідж Пуціна — гэта імідж Расеі. ( Інтэрвію «Вестям», 2011 год).

Пра палітыку Расеі ва Ўкраіне

Ці можна па-ранейшаму казаць пра расейскую зацікаўленасьць ў тым, каб паўднёвы ўсход заставаўся часткай Украіны? Адказваю: лічу, што трэба. Толькі на такой аснове можна дасягнуць ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу. Іншае пытаньне: ці варта ўключаць у лік «саступак» ЗША і іх саюзьнікам у Эўропе адмову ад ўзьяднаньня Крыма і Севастопаля з Расеяй? Адказваю: не, гэта не павінна быць разьменнай манэтай у перамовах. Наступнае пытаньне: ва ўмовах невыкананьня менскіх пагадненьняў, ці можа Расея ў крайнім выпадку ўвесьці свае рэгулярныя войскі ў дапамогу апалчэнцам? Адказваю: катэгарычна не. Калі б такое здарылася, гэта было б выгадна ЗША, якія выкарыстоўвалі б такую сытуацыю, каб трымаць пад сабой Эўропу на цэлае стагодзьдзе. Разам з тым такая пазыцыя з нашага боку не азначае адмовы ад падтрымкі апалчэнцаў, якія дамагаюцца уліку асаблівасьцяў паўднёвага ўсходу Ўкраіны ў структуры ўкраінскага дзяржавы.
І нарэшце, яшчэ адно немалаважнае пытаньне: ці павінная Расея трымаць дзьверы адкрытымі для сумесных дзеяньняў з ЗША і іх натаўскімі саюзьнікамі у тым выпадку, калі гэтыя дзеяньні накіраваныя супраць сапраўдных пагрозаў чалавецтву — тэрарызму, наркагандлю, разьдзіманьня канфліктных сытуацый і гэтак далей? Несумненна павінна. Бяз гэтага, ня кажучы ўжо пра зацікаўленасьць расейцаў у ліквідацыі небясьпечных міжнародных зьяваў, мы страцім сваю краіну як вялікую дзяржаву. (Выступ на паседжаньні «Мэркурый-клюбу», 2015).

Пра жыцьцё

Для посьпеху розум шкодны, трэба толькі мець разумны выгляд. (Паводле «Коммерсант»)

Вядома, я не спрачаўся з лёсам, але ён мяне вёў. Што тычыцца ацэнкі ўсяго, ну што ж, калі ўсё гэта ўжо падыходзіць да фінішу, то я павінен сказаць, што нядрэнна пражыў. (Паводле «Комсомольская правда»)

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG