Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вакульчык пра Сухарэнку: «Ён ужо ня наш»


Сьцяпан Сухарэнка

Сьцяпан Сухарэнка

Дзейны старшыня КДБ Беларусі не зьбіраецца працаўладкоўваць свайго папярэдніка на пасадзе.

«Пра далейшы лёс былога старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Сьцяпана Сухарэнкі вам лепш запытацца ў міністра замежных спраў Уладзімера Макея. Для нас генэрал Сухарэнка — ужо былы супрацоўнік КДБ», — так адказаў сёньня дзейны старшыня КДБ Валер Вакульчык на пытаньне Свабоды пра далейшае працаўладкаваньне Сьцяпана Сухарэнкі.

А першы намесьнік міністра замежных спраў Аляксандар Міхневіч на пытаньне Свабоды адказаў так: «Мабыць, вы зьвяртаецеся да нас яшчэ заўчасна. Так, указ аб вызваленьні Сухарэнкі з пасады амбасадара ўжо падпісаны, але пакуль ён працягвае сваю працу і ў гэтыя дні па-ранейшаму знаходзіцца ў Армэніі».

Генэрал Сухарэнка ў свой час узначальваў КДБ Беларусі. «Праславіўся» сваёй заявай падчас прэзыдэнцкіх выбараў у 2006-м годзе, што апазыцыя нібыта хацела атруціць ваду ў Менску, накідаўшы ў водаправодную сыстэму дохлых пацукоў.

Хутка пасьля выбараў Сьцяпан Сухарэнка быў звольнены з пасады і пэўны час нідзе не працаваў. Затым яго прызначылі амбасадарам Беларусі ў Армэніі. Учора Аляксандар Лукашэнка вызваліў Сухарэнку ад гэтай дыпляматычнай пасады.

Журналісты таксама запыталіся ў генэрала Вакульчыка, якая будзе сытуацыя ў Беларусі напярэдадні выбараў. «Усё будзе спакойна, я вас запэўніваю», — адказаў на гэтае пытаньне дзейны старшыня КДБ.

XS
SM
MD
LG