Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомы расейскі палітык, экс-прэм’ер РФ і былы кіраўнік савецкай і расейскай выведкі Яўген Прымакоў памёр ва ўзросьце 85 гадоў.

Пра сьмерць палітыка паведаміў Інтэрфакс са спасылкай на ягоных блізкіх.

Яўген Прымакоў нарадзіўся ў Кіеве ў 1929 годзе. Быў эканамістам, усходазнаўцам-арабістам, палітычным і дзяржаўным дзеячам, амбасадарам, старшынём Вярхоўнага Савету СССР, дырэктарам Службы зьнешняй выведкі Расеі.

Шушкевіч: Я зайздросьціў Прымакову

Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч

«Палітычна мне не падабаўся падыход, якія рэалізоўваў Яўген Прымакоў. Але я ня ведаю палітычнай ролі Яўгена Прымакова ў станаўленьні гэбісцкай дыктатуры.

Я шмат кантактаваў зь ім, і з маіх вельмі працяглых размоваў з гэтым чалавекам тут, у Менску, калі ён прыяжджаў, і ў Маскве, калі туды езьдзіў я, я магу сказаць толькі адно — калі ён і мае дачыненьне да фармаваньня дыктатуры ў Расеі, то гэта добра. Таму што гэта вельмі разумны і вельмі адукаваны чалавек.

Так, як ён мне сябе дэманстраваў, дык я проста зайздросьціў яго адукаванасьці. Я нікога ня ведаў з такім узроўнем дасьведчанасьці па справах Блізкага Ўсходу.

Ёсьць людзі, якія хваляцца сваёй адукацыяй і абароненымі дысэртацыямі. Яму ня трэба было гэта гаварыць. Таму што ніколі не было пытаньняў, на якія б Прымакоў не прадэманстраваў сваю фантастычную дасьведчанасьць і памяркоўнасьць у сэнсе, што з гэтым трэба рабіць.

Вось з такога боку я ведаў гэтага чалавека.

Ён быў дырэктарам Службы зьнешняй выведкі Расеі ў 1991–1996 гадах, але ніколі не гаварыў пра гэтую пасаду. Але ўсе ведалі, што на гэтым месцы магутны знаўца і магутны чалавек».

Карняенка: Прымакоў нічога не зрабіў для дэмакратыі

Віктар Карняенка

Віктар Карняенка

«Я меў працоўныя сустрэчы зь Яўгенам Прымаковым падчас распрацоўкі закону аб сацыяльнай абароне ахвяраў чарнобыльскай катастрофы. Сказаць пра спадара Прымакова можна толькі тое, што гэта чалавек старой школы, безумоўна, вельмі дасьведчаны і адукаваны, але, на жаль, няздольны ўспрымаць рэформы для будучыні. Зразумела, шкада чалавека, але адзначыць яго ўнёсак у дэмакратызацыю краіны я не магу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG