Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводка ў Сочы: затоплены аэрапорт, ёсьць загінулы


За гадзіну ў Сочы выпала амаль месячная норма ападкаў. Больш за 400 дамоў падтопленыя ў Сочы ў выніку моцнай паводкі, якая ўзьнікла з-за дажджоў. Зь небясьпечнай зоны эвакуяваныя 20 сем’яў. Як паведамілі мясцовыя ўлады, у Адлерскім раёне ў вадзе знойдзена цела загінулага мужчыны, паведамляе ВВС.

Практычна ўсю тэрыторыю Краснадарскага краю накрыў шырокі навальнічны фронт. Сытуацыя ў Сочы ў чацьвер істотна ўскладнілася з-за перавышэньня максымальнага ўзроўню вады ў мясцовых рэках больш чым на 1,2 мэтра. У горадзе ўведзены рэжым надзвычайнай сытуацыі.

Чыгуначны вакзал і аэрапорт залітыя вадой, іх праца прыпыненая. Тысячы пасажыраў ня могуць пакінуць горад: «Расавіяцыя» афіцыйна закрыла аэрапорт Сочы на прылёт і вылет самалётаў з-за падтапленьня лётнага поля.

Як паведамляе прэс-служба Краснадарскага краю, улады Сочы пачалі эвакуацыю жыхароў з затопленых раёнаў.

«Рака Херота выйшла зь берагоў, чыгуначны вакзал затоплены, цягнікі спынілі рух, да Адлера ня ходзяць, затапіла аэрапорт, пад мэтар стаяла вада. Каля 2000 пасажыраў цяпер знаходзяцца ў аэрапорце», — цытуе прэс-служба мэра Сочы Анатоля Пахомава. У пятніцу ўзровень вады ў Сочы зьнізіўся ніжэй за небясьпечны ўзровень, абстаноўка стабілізавалася.

Некаторыя жыхары гораду зьвязваюць паводку з парушэньнямі падчас будаўніцтва алімпійскіх аб’ектаў пры падрыхтоўцы да зімовай Алімпіяды 2014 году.

«На нашай вуліцы гэта асабліва распаўсюджаная зьява, — кажа мясцовая жыхарка Ірына Сярэнка, — таму што пры будаўніцтве алімпійскіх аб’ектаў парушылі натуральны вадасьцёк, у людзей ліўневыя канавы запаўняюцца, водаадводу няма».

Акрамя таго, жыхары паведамляюць пра перабоі ў водазабесьпячэньні. Праца помпавай станцыі пад Сочы, якая праводзіць ваду ў бліжэйшыя пасёлкі, таксама спыненая з-за паводкі.

Моцны дождж у Сочы і суседніх гарах пачаўся ў ноч на чацьвер і ішоў увесь дзень зь невялікімі перапынкамі. Паводле дадзеных МНС, раніцай за гадзіну выпала каля 100 мм ападкаў пры месячнай норме 130 мм. Узровень вады ў рэках Хаста, Кудэпсту і Херота падняўся да небясьпечных узроўняў.

Найбольш цяжкая сытуацыя ў Адлерскім раёне: там на тэрыторыі саўгаса «Расея» падтопленыя каля 400 дамоў. Ратавальнікі МНС пры правядзеньні пошукавых работ у гэтым раёне знайшлі ў вадзе цела загінулага мужчыны. Абставіны гібелі чалавека пакуль невядомыя, іх высьвятляе паліцыя.

У бліжэйшыя некалькі гадзінаў сыноптыкі прагназуюць утварэньне ў Чорным моры сьмерчаў з магчымым выхадам на сушу.

Улады пачалі эвакуацыю турыстаў і мясцовых жыхароў. Паведамляецца, што людзі будуць разьмешчаныя ў санаторый «Кудэпсту» і ў Імэрэцінскай нізіне.

Паводле дадзеных МНС, да ліквідацыі наступстваў паводкі ўжо прыцягнута больш за 470 чалавек і больш за 100 адзінак тэхнікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG