Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве — 21-ы музычны фэст «Магутны Божа»


На гала-канцэрце фэстывалю “Магутны Божа”

На гала-канцэрце фэстывалю “Магутны Божа”

Удзельнікамі сёлетняга фэстывалю «Магутны Божа», які пачаўся ў Магілёве, сталі больш за 500 музыкаў з 20 краінаў. Фэст прадоўжыцца да 27 чэрвеня.

Духоўны гімн беларусаў «Малітва» прагучаў 25 чэрвеня на гала-канцэрце міжнароднага фэстывалю «Магутны божа».

Першы радок з твору паэткі Натальлі Арсеньневай і кампазытара Міколы Равенскага даў назву гэтаму фэсту. Сёлета ён адбываецца ў 21 раз. Распачалі ж яго ў 1993 годзе з ініцыятывы тагачаснага магілёўскага ксяндза Ўладзіслава Бліна і прадстаўнікоў грамадзкасьці.

Гімн «Малітва» ў першыя гады фэстывалю гучаў на яго адкрыцьці і закрыцьці. Удзельнікі конкурснай праграмы мусілі ведаць яго на мове арыгіналу. Гэтак было пазначана ў палажэньні фэсту. У новай рэдакцыі палажэньня такога патрабаваньня няма.

Удзельнікі конкурсу

Удзельнікі конкурсу

Сёлета зводны хор канкурсантаў выканаў «Малітву» ў магілёўскім касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Паны Марыі і сьвятога Станіслава. Гучаў гэты твор і на адным зь мерапрыемстваў фэстывалю.

«Гімн „Магутны Божа“ — гэта магія. Мне даводзілася кіраваць агульнымі харамі, і агульнае гучаньне гімна „Магутны Божа“ мяне змушала быць зусім іншым чалавекам. Гімн „Магутны Божа“ — твор, які ня толькі вызначае кірунак конкурсу і фэстывалю, гэта стан чалавечага быцьця. У гімне што ні слова — то яно нібыта высечанае ў сэрцы», — гэтак перадаў эмоцыі ад гімну «Малітва» старшыня журы фэстывальнага конкурсу заслужаны дзеяч культуры Расеі Станіслаў Калінін у гутарцы з журналістамі.

Праслухоўваньне ўдзельнікаў конкурсу фэстывалю ў магілёўскім касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Паны Марыі і сьвятога Станіслава

Праслухоўваньне ўдзельнікаў конкурсу фэстывалю ў магілёўскім касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Паны Марыі і сьвятога Станіслава

Гала-канцэрт адбыўся на стадыёне «Спартак». На ўрачыстасьці зь вітальным словам выступіў старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў. Вітаньне ад Міністэрства культуры Беларусі зачытаў намесьнік міністра Вячаслаў Чэрнік.

«Год ад году гэты выдатны творчы праект мае ўсё больш прыхільнікаў, як сярод удзельнікаў, так і сярод гледачоў. Пра гэта сьведчыць тое, што сёлета ў Магілёве сабраліся дзясяткі калектываў з многіх краінаў сьвету, а горад у чарговы раз стаў цэнтрам духоўнага жыцьця Беларусі», — адзначыў у сваёй прамове Вячаслаў Чэрнік.

На галаканцэрт прыйшлі некалькі тысяч чалавек. Сярод іх былі кіраўніцтва гораду і вобласьці, а таксама каталіцкае, праваслаўнае пратэстанскае духавенства. Гімн грамада слухала стоячы.

Магілёўскія чыноўнікі і духавенства слухаюць гімн “Малітва” стоячы

Магілёўскія чыноўнікі і духавенства слухаюць гімн “Малітва” стоячы

XS
SM
MD
LG