Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Улады Армэніі адмовіліся зьніжаць тарыфы на электраэнэргію


Паліцэйскі грае ў футбол з пратэстоўцамі на праспэкце Баграмяна ў Ерэване

Паліцэйскі грае ў футбол з пратэстоўцамі на праспэкце Баграмяна ў Ерэване

Кампанія «Электрычныя сеткі Армэніі» цалкам належыць расейскай фірме «Інтэр РАО». Пратэсты пачаліся ў Ерэване і шэрагу іншых гарадоў у канцы мінулага тыдня.

Урад Армэніі адмовіўся зьніжаць тарыфы на электраэнэргію, нягледзячы на мітынгі пратэсту, якія працягваюцца ўжо некалькі дзён. Прэм’ер-міністар Авікам Абрамян заявіў на пасяджэньні ўраду 25 чэрвеня, што ўлады краіны будуць дзейнічаць з пазыцыі «забесьпячэньня энэргетычнай бясьпекі краіны». Ён адхіліў заклікі пратэстоўцаў адмяніць рашэньне аб павышэньні тарыфаў на электраэнэргію больш чым на 16% са жніўня.

Аднак ён заявіў, што дзяржаўныя выплаты бедным сем’ям, колькасьць якіх ўрад ацэньвае ў 105 тысяч, будуць павялічаныя, каб дапамагчы ім справіцца з павышэньнем тарыфаў. Абрамян таксама заклікаў пратэстоўцаў разблякаваць адну з асноўных магістраляў гораду і заклікаў іх быць «больш канструктыўнымі».

Абрамян пагадзіўся са сьцьвярджэньнямі пратэстуючых аб безгаспадарлівасьці і карупцыі ў электрычнай кампаніі Армэніі, але сказаў, што заплянаванае павышэньня адлюстроўвае «аб’ектыўныя рэаліі,» у тым ліку падзеньне нацыянальнай валюты Армэніі і ў большай ступені, чым чакалася, закрыцьцё Мецаморскай АЭС.

Тым ня менш, сотні людзей засталіся каля прэзыдэнцкага палаца ў Ерэване раніцай 25 чэрвеня, блякуючы рух на праспэкце Баграмяна. 24 чэрвеня больш за 9000 пратэстуючых выйшлі на плошчу, праігнараваўшы заклік паліцыі разысьціся. Пратэстоўцы застаюцца непахіснымі, нягледзячы на рызыку далейшых сутыкненьняў з паліцыяй.

Кампанія «Электрычныя сеткі Армэніі» (ЭСА) цалкам належыць расейскай фірме «Інтэр РАО». Пратэсты пачаліся ў Ерэване і шэрагу іншых гарадоў у канцы мінулага тыдня.

«Мы не сьпяшаемся, — сказаў Радыё Свабода Вагінак Шушанян, лідэр руху „Няма рабунку!“, які каардынуе пратэсты. — У нас ёсьць адзін месяц і 10 дзён, пакуль новыя тарыфы на электраэнэргію ня ўступяць у сілу». Шушанян сказаў, што дэманстрантаў ня спыняць вадамёты. «Калі вы паліваеце нас, — сказаў ён, — мы толькі расьцем».

Армянская служба Радыё Свабода паведамляе, што пратэсты ўспыхнулі ў многіх іншых гарадах краіны. Армэнія, адна з самых бедных постсавецкіх краін з насельніцтвам 3,2 мільёна, ужо моцна пацярпела ад эканамічнага крызісу ў Расеі.

XS
SM
MD
LG