Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт пра карупцыю ва Ўкраіне: «Разумею пракурораў, не разумею прэзыдэнта»

  • Паўло Зубʼюк

Карл Волах

Карл Волах

Карл Волах, аўтарытэтная асоба ўкраінскай грамадзкай супольнасьці і лабіст антыкарупцыйнай палітыкі ва Ўкраіне, разважае пра тое, чаму змаганьне з карупцыяй у гэтай краіне не прыносіць плёну.

Карл Волах — ізраільскі прадпрымальнік родам з Заходняе Ўкраіны, які пасьля эміграцыі ў Ізраіль, яшчэ за савецкімі часамі, рэалізаваў шмат бізнэс-праэктаў ва Ўкраіне і Малдове. Апошнім часам ён стаў вядомы як адзін з найбуйнейшых лабістаў антыкарупцыйнай палітыкі ва Ўкраіне. Карэспандэнт Свабоды паразмаўляў з Карлам Волахам, аўтарытэтнай асобай украінскай грамадзкай супольнасьці, пра барацьбу супраць карупцыі.

Ці зьмянілася нешта ў лепшы бок у справе барацьбы супраць карупцыі ва Ўкраіне?

— Фактычна — не. Канешне, цяпер судзьдзі ці падатковыя інспэктары ўжо не дэманструюць на людзях такія дарагія рэчы, не дэманструюць тыя грошы, але карупцыйная сыстэма захавалася.

Калі казаць пра карупцыянераў, імёны якіх гучалі падчас і пасьля рэвалюцыі — ці пакараны нехта зь іх?

— Ніхто. Тое, што робіць пракуратура — гэта «топіць» справы, якія былі. Першыя два генпракурора ўвогуле супэртэмпамі гэта рабілі, я нават не ўяўляю, якія грошы туды ішлі, каб спыніць гэтыя крымінальныя справы. Нават калі фактаў было больш, чым дастаткова, на адлегласьці рукі — усё роўна гэта ўсё адпраўлялася у сьметніцу. Заносіліся проста неверагодныя грошы: я ведаю аднаго дастаткова высокага кіраўніка, якога хацелі арыштаваць — ён адкупіўся за 10 мільёнаў даляраў. Лічбы там проста шалёныя! Ані першы пасьля Майдану генпракурор — Махніцкі, ані другі — Ярэма — нічога не зрабілі. На жаль, трэці, які прыйшоў — першыя некалькі тыдняў падавалася, што на яго можна ўскладаць нейкія надзеі — але потым высьветлілася, што гэта тое ж самае. Нехта зьвязвае гэта зь ягонай хваробай — ён насамрэч вельмі нездаровы чалавек, а ўсім кіруе ягоны першы намесьнік, але ад дзейнасьці папярэдніх генпракурораў гэта відавочна не адрозьніваецца, тая самая сыстэма. Канешне, гэта ёсьць і ў іншых органах — міліцыі, СБУ. У гэтых [Генэральнай пракуратуры] проста паўнамоцтвы большыя: працэсуальны кодэкс прапісаны пад генэральнага пракурора Пшонку — найлепшага сябра і кума прэзыдэнта Януковіча. Пракуратура назірае за сьледзтвам, яны забіраюць справы, якія хочуць, яны іх закрываюць, засоўваюць у далёкую шуфляду, яны там ляжаць. Маса справаў, маса!

Чаму нават сымбалічна ня быў пакараны прынамсі хтосьці? Патрабаваньні такія ж у народу яўна былі?

— Я лічу, што ўся справа ў грошах.

Не празь нейкія дамоўленасьці, не празь меркаваньні, што краіна можа расхістацца, калі нейкіх людзей пачнуць саджаць?

— Ну, гэта ж сьмешна. Глядзіце: вось апошняя справа па гэтай кампаніі «БРСМ-Нафта». Яе заснавальнікам быў чалавек з ураду Азарава, чалавек, блізкі да Януковіча — Ставіцкі. Фірма займаецца трэйдэрствам нафтапрадуктаў, набывае выключна 93 бэнзін альбо яшчэ ніжэй, а прадае 95 некалькіх марак. Зразумела, што яна робіць! Гэтая фірма працавала так да рэвалюцыі, а пасьля рэвалюцыі на яе, як і на шмат іншых кампаніяў былых людзей улады, прыйшлі праверкі. За два дні да ператрусаў Генэральная пракуратура забірае гэтую справу ў сваё расьсьледаваньне — і ў той самы дзень закрывае сьледзтва. І гэта было не адзінае крымінальнае расьсьледаваньне, іншыя закрываліся, якія пачыналі фіскальныя ворганы паводле розных сыгналаў. Ёсьць таксама ў сеціве запыт народных дэпутатаў: чаму закрытае расьсьледаваньне? Адказ намесьніка Генэральнага пракурора Бузыра: вы ўвогуле ня маеце права пытаць, якія справы нам расьсьледаваць альбо не, гэта ня ваша справа. У сеціве можна нават паглядзець сканы гэтых дакумэнтаў.

Потым праходзіць крыху часу, прыходзіць новы пракурор — міліцыя пачынае яшчэ адно расьсьледаваньне, мяркую, падставаў для гэтага яна мела больш, чым дастаткова, улічваючы што яны расьсьледуюць яшчэ 5 справаў па нейкіх дзіўных спробах узарваць ці падпаліць запраўкі кампаніі «БРСМ». Выглядае, што там адбываецца нейкі дзіўны працэс — ці то карпаратыўны канфлікт, ці то нейкі рэйдэрскі захоп. 20 траўня міліцыя пачынае крымінальнае расьсьледаваньне — і 6 чэрвеня той самы намесьнік генэральнага пракурора Бузыр дасылае ім ліст што «вы пачалі гэтае расьсьледаваньне беспадстаўна» — г.зн. закрыць справу. Гэты ліст прыйшоў 8 чэрвеня — якраз калі нафтабаза выбухнула. Фактычна гэта найбуйнейшая экалягічная катастрофа ад часоў Чарнобыля. Пакуль яшчэ быў Налівайчанка ў СБУ — я падаў заяву, распачалі крымінальную справу, пачалі расьсьледаваць. Адзіныя, каго дапыталі — гэта быў я і кіраўнік сьледчага аддзелу. Пасьля чаго справу закрылі. Вось вам барацьба супраць карупцыі ва ўкраінскай пракуратуры.

Чаму прэзыдэнт, які дэкляруе шлях у Эўропу (тым больш, што Ўкраіна цяпер вельмі залежыць ад Эўропы) дазваляе ўсё гэта? Чаму прызначае такіх пракурораў?

— Ня маю адказу. Я разумею, чаму гэта робяць пракуроры: таму што яны не баяцца. Без адказнасьці амаль усе будуць браць незаробленае — асабліва калі там лічбы такія, што адзін хабар большы, чымсьці зарплата такога пракурора за ўсё яго жыцьцё, а можа і за 10 жыцьцяў. Канешне, яны бяруць! Вось чаму не хапае ў палітычнага кіраўніцтва краіны асьцярожнасьці і мудрасьці падтрымліваць сумленных людзей і не падтрымліваць несумленных? Ну, кажуць што ў прэзыдэнта папросту вельмі кароткая «лава запасных»: каго ён ведае — таго прызначае, каго ня ведае — таго не прызначае. А той, хто раней працаваў у пракуратуры ці праваахоўных органах — ён так ці інакш да карупцыі мае дачыненьне.

Ці могуць зьмяніць сытуацыю замежныя «варагі»?

Усё пытаньне ў тым, ці маюць яны карт-блянш на барацьбу з гэтымі зьявамі. Яны рызыкуюць тым, што яны нічога прынцыпова ня зьменяць. У Грузіі Саакашвілі мог усё гэта рабіць: ён быў ня проста прэзыдэнтам — але і краіна была прэзыдэнцкай рэспублікай. У яго былі ўсе паўнамоцтвы і ўсе рычагі ўплыву. Што ён можа зрабіць як губэрнатар? Мяркую, што няшмат. Чаму ён пайшоў на гэта — таксама ня ведаю. Раней я меркаваў, што ён сапраўды мае карт-блянш каб прыбраць з пасадаў найбольш адыёзных у гэтым рэгіёне фігураў — тых, якія ня проста могуць устаць на ягоным шляху, а абавязкова стануць. Саакашвілі кажа: мы ў Грузіі пасадзілі 15% судзьдзяў, вам трэба пасадзіць 25%. Хто яму дазволіць саджаць судзьдзяў? Ён ня мае ніякага ўплыву на Раду судзьдзяў Украіны, я ўжо не кажу пра Вярхоўную Раду. Хто яму дазволіць разьбірацца як сьлед з пракурорамі, калі ён усяго толькі губэрнатар, а гэта вэртыкаль Генэральнае пракуратуры?

На ніводным узроўні нічога немагчыма зрабіць, калі ў цябе няма магчымасьці зьвярнуцца ў нармальную пракуратуру і нармальны суд. Вось ён кагосьці звольніць — яны пойдуць у суд, дзе сядзяць хабарнікі — і адновяцца на працы. Іх зловяць на гарачым — а потым высьветліцца, што там не хапае рэчавых доказаў. І ўсе будуць казаць: прыйшлі грузіны, робяць тут жудасныя рэпрэсіі, не зьвяртаюць увагі на заканадаўства — што мы можам зрабіць?

Якія ёсьць станоўчыя пэрспэктывы разьвіцьця сытуацыі?

Паняцьця ня маю. Я ня ведаю, што можа зьмяніцца, калі мы маем такую пракуратуру, як цяпер. Я ня ведаю, хто будзе ў СБУ пасьля Налівайчанкі. Ён, канешне, чалавек сыстэмы, нічога не рабіў без кансультацыяў наверсе, але гэта чалавек некарумпаваны, прагрэсіўных поглядаў, праўкраінскіх, дэмакратычных. У яго было жаданьне нешта зьмяніць. Каго там зараз паставяць? Двое ягоных першых намесьнікаў — гэта людзі... Ну, паглядзіце ў інтэрнэце, вы там столькі інфармацыі знойдзеце: хто яны, якая ў іх мультымільённая маёмасьць. Я ня маю падставаў казаць пра нейкі аптымізм у гэтай сфэры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG