Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У панядзелак у Менску будуць два эўракамісары і тузін міністраў


Мапа «Ўсходняга партнэрства»

Мапа «Ўсходняга партнэрства»

Кіраўнікі міністэрстваў замежных спраў і аховы навакольнага асяродзьдзя ўсіх шасьці краін, што ўваходзяць у праграму «Ўсходняе партнэрства», зьбяруцца 29-га чэрвеня ў Менску.

Пра гэта паведаміў сёньня прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Дзьмітры Мірончык.

Ён сказаў, што ў сталіцы Беларусі пройдзе нефармальны міністэрскі дыялёг. Гэтае мерапрыемства будзе складацца з двух сэгмэнтаў: дыскусіі кіраўнікоў міністэрстваў замежных спраў і тэматычнай сустрэчы з удзелам міністраў па ахове навакольнага асяродзьдзя. Беларусь тут будуць прадстаўляць міністар замежных спраў Уладзімер Макей і першы намесьнік міністра аховы навакольнага асяродзьдзя і прыродных рэсурсаў Ія Малкіна.

У Менск таксама прыедуць эўракамісар па эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні Эўразьвязу Яганэс Ган, эўракамісар па ахове навакольнага асяродзьдзя, моры і рыбалоўстве Кармэну Вэла, генэральны сакратар эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Ален Ле Руа і, паколькі Латвія старшынюе ў Эўразьвязе, дзяржаўны сакратар Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя і рэгіянальнага разьвіцьця Латвіі Гунціс Пукіціс.

У парадак дня сустрэчы міністраў замежных спраў уключаныя пытаньні стану і пэрспэктываў далейшага разьвіцьця «Ўсходняга партнэрства» ў кантэксьце вынікаў чацьвёртага саміту гэтай арганізацыі, які праходзіў 21–22-га траўня ў Рызе. Таксама мяркуецца, што на завяршальным этапе сустрэчы яе ўдзельнікі абмяняюцца думкамі па асноўных тэмах актуальнага міжнароднага парадку дня. Прымаць нейкія выніковыя дакумэнты альбо заявы не плянуецца.

На дадатковае пытаньне журналістаў, якія канкрэтна пытаньні будуць абмяркоўваць міністры замежных спраў, Дзьмітры Мірончык адказаў: нефармальная сустрэча таму і называецца нефармальнай, што прадугледжвае шырокае поле для абмеркаваньня.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі таксама сказаў, што, акрамя працоўных кантактаў, «на палях» нефармальнай сустрэчы адбудуцца перамовы кіраўнікоў міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Грузіі — Уладзімера Макея і Тамар Беручашвілі. А першы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандар Міхневіч правядзе перамовы зь першым намесьнікам кіраўніка МЗС Украіны Натальляй Галібарэнкай. На гэтых сустрэчах будуць абмяркоўвацца актуальныя пытаньні двухбаковых дачыненьняў.

На пытаньне, ці прыедуць у Менск кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў краін Эўразьвязу, Дзьмітры Мірончык даў адмоўны адказ. Ён сказаў, што плянуецца сустрэча прадстаўнікоў толькі тых шасьці краін, якія ўваходзяць ва «Ўсходняе партнэрства», а інтарэсы Эўразьвязу ў Менску будуць прадстаўляць два эўракамісары, а таксама іншыя высокія чыноўнікі.

Нефармальныя міністэрскія дыялёгі краін-удзельніц «Усходняга партнэрства» на роўні міністраў замежных спраў і кіраўнікоў галіновых міністэрстваў праводзяцца з 2012 году. Першая такая сустрэча адбылася ў Кішынэве, другая — у Тбілісі, трэцяя — у Ерэване, чацьвёртая — у Баку. У Менску пройдзе пятая.

Асноўная мэта нефармальных міністэрскіх перамоваў — даць удзельнікам плятформу для адкрытага абмену думкамі па актуальных пытаньнях дзейнасьці «Ўсходняга партнэрства» і міжнароднага парадку дня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG