Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мацкевіч: За вынікі ЦТ з бацькоў могуць выцягнуць чвэрць мільёна даляраў


Абітурыенты ідуць на цэнтралізаванае тэставаньне

Абітурыенты ідуць на цэнтралізаванае тэставаньне

Сёньня на сайце Рэспубліканскага інстытуту кантролю сталі даступныя вынікі цэнтралізаванага тэставаньня па беларускай мове. Абітурыенты здавалі гэты прадмет 14 чэрвеня. Але даведацца свой вынік можна было значна раней, праўда, заплаціўшы за смс-паведамленьне.

Паводле словаў дырэктара Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў Мікалая Фяськова, усяго сёлета на цэнтралізаванае тэставаньне зарэгістраваўся 101 691 абітурыент. Яны здадуць 275 948 чалавека-тэстаў.

Паводле рэглямэнту вынікі тэставаньня можна даведацца праз 10–12 дзён на сайце Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў.

Платная СМС паслуга для абітурыентаў - магчымасьць атрымаць вынікі цэнтралізаванага тэставаньня. Скрыншот. Менск, 25 чэрвеня 2015 году

Платная СМС паслуга для абітурыентаў - магчымасьць атрымаць вынікі цэнтралізаванага тэставаньня. Скрыншот. Менск, 25 чэрвеня 2015 году

Для тых, хто хоча атрымаць выніковыя балы раней, працуе платны смс-сэрвіс, які адпраўляе вынікі на тэлефон. «Кошт адпраўкі смс-запыту на нумар 5050 для абанэнтаў Velcom, МТС складае 15 480 рублёў, для абанэнтаў Life:) — 19 080 рублёў», — паведамляе сайт установы.

Калі ўсе абітурыенты скарыстаюцца такой смс-паслугай, то агульная сума прыбытку складзе больш за 4 мільярды рублёў.

Кошт напісаньня кожнага тэсту ў гэтым годзе склаў 18000 рублёў. Выходзіць, што агульная сума за 275 948 тэстаў складзе амаль 5 мільярдаў рублёў. І гэта без уліку рэпэтыцыйных тэставаньняў, якія тройчы праводзяцца па кожным з прадметаў і каштуюць у тры разы даражэй — 50 100 рублёў.

Як сказала Радыё Свабода рэдактарка сайту nastaunik.info Тамара Мацкевіч, цягам амаль двух сутак даведацца вынікі тэсту па беларускай мове можна было толькі праз смс-паведамленьні. На афіцыйным сайце Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў зьвесткі былі недаступныя:

Тамара Мацкевіч

Тамара Мацкевіч

«24 чэрвеня мы правялі экспэрымэнт. У нас былі пашпартныя зьвесткі аднаго з абітурыентаў. Адправіўшы іх у смс-запыце, мы імгненна атрымалі паведамленьне з вынікамі тэсту па беларускай мове. Разам з тым цягам усяго ўчорашняга дня на сайце Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў атрымаць вынікі было немагчыма. Хоць база была гатовая і сотавыя апэратары мелі да яе доступ. На сайце вынікі сталі даступныя толькі сёньня, 25 чэрвеня, бліжэй да абеду. Не выключаю, што гэта вынік розгаласу ў СМІ, у іншым выпадку маглі б яшчэ нейкі час не даваць бясплатны доступ да вынікаў».

Тамара Мацкевіч лічыць, што абітурыенты і іхнія бацькі маюць права ведаць, куды накіруюцца грошы, атрыманыя Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў у выніку рассылкі платных смс-паведамленьняў:

«Выходзіць, што спачатку абітурыент плаціць 18 тысяч рублёў за здачу тэсту, а пасьля аддае яшчэ такую ж суму, каб даведацца вынік тэставаньня. Хоць інстытут гарантуе бясплатнае атрыманьне выніковых балаў. У цывілізаванай дзяржаве кампэтэнтныя органы адразу б зацікавіліся тым, ці адмыслова гэта робіцца. Гаворка вядзецца пра чвэрць мільёна даляраў, якія выцягваюць з кішэняў бацькоў абітурыентаў».

Тамара Мацкевіч адзначыла, што абітурыенты і іхнія бацькі заўсёды будуць імкнуцца атрымаць вынікі як мага хутчэй — ад колькасьці балаў залежыць, у які ўнівэрсытэт будуць пададзеныя дакумэнты на паступленьне:

«Зразумела, што як адбываецца затрымка на дзень-два, то людзі пойдуць на выдаткі, каб атрымаць вынікі, ад якіх часта залежыць і выбар унівэрсытэту, і ўвогуле далейшы лёс абітурыента. Я не магу сьцьвярджаць, але не выключаю, што Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў робіць гэта дзеля таго, каб выцягнуць грошы з кішэняў бацькоў выпускнікоў».

Дырэктар Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў Мікалай Фяськоў адмовіўся гаварыць з карэспандэнтам Радыё Свабода пра тое, які працэнт абітурыентаў дасылае смс-запыты, каб даведацца вынікі тэстаў, і якім чынам разьмяркоўваецца прыбытак, атрыманы ў выніку кампаніі цэнтралізаванага тэставаньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG