Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таваразварот паміж Беларусьсю і Расеяй па выніках першага кварталу 2015 году ўпаў на 32%.

Пра гэта паведаміў у Горадні дзяржсакратар «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі Рыгор Рапота.

«Калі за апошнія 10-12 гадоў будаўніцтва саюзнай дзяржавы аб’ём ўзаемнага тавараабароту паміж Расеяй і Беларусьсю павялічваўся з 7,7 мільярда даляраў у 2000 годзе да 46,06 мільярда даляраў у 2012 годзе, то ў 2013 годзе ён зьнізіўся на 9,4%, у 2014 — яшчэ на 5,3%, а па выніках першага кварталу 2015 — на 32%», — цытуе Рапоту «РИА Новости».

У першым квартале 2015 года гандлёвы абарот Беларусі і Расеі склаў крыху больш за $ 6 млрд, за аналягічны пэрыяд мінулага году — $ 9 млрд.

Пры гэтым імпарт у Беларусь з Расеі склаў 72,9%, а экспарт зь Беларусі ў Расею — 59,2% параўнальна з адпаведным пэрыядам мінулага году.

Таксама Рапота адзначыў, што пры росьце сельгасвытворчасьці ў абедзьвюх краінах таваразварот скарачаецца і ў гэтай галіне.

«Што за гэтым стаіць? Увядзеньне забаронаў на імпарт харчовых тавараў, беларускіх і расейскіх, або ваганьні курсаў нацыянальных валют альбо іншыя прычыны. Мы цяпер з гэтым разьбіраемся», цытуе Рапоту БЕЛТА.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды эканаміст Леанід Злотнікаў сказаў, што павялічыць таваразварот з Расеяй ня ўдасца.

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

«Мы куплялі нафту і газ бяз экспартнага мыта. У паўтара-два разы ніжэй, чым куплялі нашы суседзі ці канкурэнты. А цяпер цэны на нафту ўпалі, на газ таксама памяншаюцца. Нашы канкурэнты атрымалі таннае паліва. А цэны на наша паліва не паменшыліся. То бок атрымліваецца, што па спажываньні энэргарэсурсаў наша канкурэнтаздольнасьць адносна нашых суседзяў і іншых краін упала. Раней мы ў масьле качаліся, а цяпер іншыя сталі так жыць. І канкурэнтаздольнасьць іх прадукцыі яшчэ больш павысілася ў тым ліку і на расейскім рынку. Але для нас галоўная прычына тут уласная. Мадэрнізацыя правалілася. Буйныя капіталаўкладаньні былі ў сельскую гаспадарку, ды яшчэ за кошт крэдытаў. Крэдыты трэба аддаваць, а сельская гаспадарка ў даўгах як у шаўках. Прадпрыемствы Мінсельгасхарчу ніколі ня вярнуць свае даўгі ў поўным аб’ёме».

Але Расея падоўжыла на год харчовае эмбарага супраць краін Захаду, ці можа гэта паспрыяць таму, каб беларуская прадукцыя пайшла безь перашкодаў на расейскі рынак?

«Мы бачым, што ў першым квартале гэтага году экспарт беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі, пераважна харчоў, скараціўся. Вось вам вынік. Расея даўно паставіла задачу задаволіць патрэбы ў сьвініне, малацэ, птушцы, яйках за кошт уласнай вытворчасьці, без усіх гэтых санкцый. Яны паступова выконваюць гэту праграму. У іх скарачаецца патрэба ў імпарце харчоў. Тым больш, што беларуская прадукцыя не такая якасная, як з Захаду».

XS
SM
MD
LG