Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алянд будзе гутарыць з Абамам у справе шпіёнскага скандалу


Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд і прэзыдэнт ЗША Барак Абама на сустрэчы ў Нямеччыне 8 чэрвеня 2015 году
Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд і прэзыдэнт ЗША Барак Абама на сустрэчы ў Нямеччыне 8 чэрвеня 2015 году

Сёньня прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд склікаў экстраную нараду кіраўнікоў службаў бясьпекі пасьля таго, як апублікаваныя WikiLeaks сакрэтныя дакумэнты паказалі, што Вашынгтон цягам многіх гадоў шпіёніў за ім, а таксама за ягонымі папярэднікамі — Жакам Шыракам і Нікаля Сарказі.

Ўрадавыя крыніцы паведамілі, што міністэрства замежных спраў Францыі выклікала Джэйн Хартл, амбасадара ЗША ў Парыжы для тлумачэньня прэтэнзіяў адносна шпіянажу за францускімі прэзыдэнтамі. Хартл сустрэнецца з міністрам замежных спраў Францыі Ляранам Фабіюсам а 18-й гадзіне паводле мясцовага часу.

Прэсавы сакратар ураду Стэфан Ле Фол заявіў перад нарадай, якую склікаў Алянд, што шпіянаж «непрымальны паміж саюзьнікамі».

Таксама стала вядома, што ў найбліжэйшы час Алянд мае намер абмеркаваць сытуацыю з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам.

23 чэрвеня інтэрнэт-рэсурс WikiLeaks апублікаваў дакумэнты, зь якіх вынікае, што Агенцтва нацыянальнай бясьпекі (АНБ) Злучаных Штатаў шпіёніла за францускімі прэзыдэнтамі Жакам Шыракам, Нікаля Сарказі і Франсуа Аляндам.

Дакумэнты, апублікаваныя ў супрацоўніцтве з францускай штодзённай газэтай Liberation і сайтам Mediapart, паказваюць, што АНБ нібыта шпіёніў за названымі прэзыдэнтамі ад 2006 году да траўня 2012, то бок месяца, калі Алянд заступіў на пасаду пасьля Сарказі.

Паводле WikiLeaks, дакумэнты таксама ўтрымліваюць нумары сотавага тэлефона шматлікіх чыноўнікаў, у тым ліку прамы мабільны тэлефон прэзыдэнта.

Белы дом адмовіўся ад камэнтараў, заявіўшы толькі, што ЗША наогул шпіёняць за людзьмі з «апраўданых нацыянальнай бясьпекай» прычынаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG