Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Армяне кажуць «Хопіць!» — прычыны «электрычнай» рэвалюцыі


Чаго хочуць ўдзельнікі акцый пратэсту ў Ерэване і ці асьцерагаюцца яны ўмяшаньня ў сытуацыю Расеі? Адказы на гэтыя пытаньні шукаў карэспандэнт Свабоды Марк Крутаў.

У Ерэване сёньня працягваецца мірная акцыя пратэсту супраць падвышэньня тарыфаў на электраэнэргію. Паліцыя ня робіць новых спробаў разагнаць дэманстрантаў, нягледзячы на тое што яны па-ранейшаму перакрываюць адну з асноўных гарадзкіх магістраляў — праспэкт Баграмяна. Пратэстоўцы збудавалі барыкады з сьмецьцевых бакаў, аднак колькасьць людзей, якія застаюцца на акцыі, днём у сераду прыкметна зьменшылася. Каардынацыйная група пратэстоўцаў адмовілася ад прапанаваных прэзыдэнтам краіны Сэржам Саргсянам перамоваў, заявіўшы, што адзіным выхадам з сытуацыі будзе заява прэзыдэнта ў прамым эфіры нацыянальнага тэлебачаньня аб адмене рашэньня пра падаражаньне электраэнэргіі.

Пасьля разгону акцыі, якая адбылася ўчора раніцай, колькасьць людзей, якія выйшлі на плошчу Свабоды і праспэкт Баграмяна ў аўторак увечары, вырасла ў некалькі разоў і склала, паводле розных ацэнак, ад 10 да 15 тысяч чалавек. Усю ноч на плошчы ішлі ажыўленыя, але спакойныя гутаркі мітынгоўцаў адзін з адным. Да ўдзельнікаў акцыі выйшаў намесьнік начальніка паліцыі Ерэвану Валеры Асіпян. Ён перадаў прапанову прэзыдэнта Армэніі Сержа Саргсяна прыняць групу з 4-5 прадстаўнікоў пратэстоўцаў і правесьці зь імі перамовы, аднак прапанова была адхіленая. Удзельнікі акцыі заявілі, што разыдуцца толькі ў выпадку безумоўнай адмены рашэньня пра падаражаньне электраэнэргіі на 15%.

Раніцай у сераду паліцыя зноў папрасіла мітынгоўцаў сысьці з праспэкта Баграмяну, аднак зноў атрымала адмову. У Ерэване горача, і ўдзельнікі акцыі просяць сваіх прыхільнікаў дапамагчы ім з пітной вадой. Частка дэманстрантаў паспрабавала ўзмацніць зробленыя са сьмецьцевых бакаў барыкады тратуарнай пліткай, але гэтых людзей хутка спынілі іншыя ўдзельнікі акцыі.

Пасьля ўчорашняга разгону акцыі пратэсту, падчас якога паліцыя ўжыла вадамёты і ў выніку якога сур’ёзна пацярпелі і журналісты, з асуджэньнем дзеяньняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў выступіла АБСЭ, а таксама прадстаўнікі пасольстваў Вялікабрытаніі і ЗША ў Армэніі.

На якіх умовах згодныя разысьціся ўдзельнікі акцыі пратэсту ў Ерэване? Ці апраўданыя параўнаньні гэтай акцыі з украінскім Майданам? Ці ёсьць у пратэсту лідэры і як дэманстранты ў армянскай сталіцы і іншых гарадах, дзе працягваецца акцыя, ставяцца да яе асьвятленьня расейскімі тэлеканаламі, якія сьцьвярджаюць, што мітынгі арганізаваныя за грошы заходнімі спэцслужбамі? На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказаў Рубен Меграбян, рэдактар армянскага інфармацыйнага парталу 1in. am, журналісты якога ўжо другія суткі вядуць прамую відэатрансьляцыю падзеяў у цэнтры Ерэвану.

РС: Чаму прадстаўнікі дэманстрантаў адмовіліся ад прапанаваных прэзыдэнтам перамоваў?

Меграбян: Па праўдзе кажучы, я не бачу прадмету перамоваў. Ёсьць дзяржаўныя інстытуты, і яны павінны абслугоўваць грамадзтва, грамадзкія інтарэсы. Калі яны не робяць гэтага, больш за тое, калі яны робяць супрацьлеглае — грамадзтва выходзіць і паказвае уладам іх месца.

РС: Ці дарэчныя паралелі з украінскім Майданам? Як называюць акцыю самі яе ўдзельнікі?

Меграбян: Ніяк, яны лічаць сябе проста свабоднымі годнымі грамадзянамі Армэніі. Што тычыцца паралеляў з Майданам — паралелі з Майданам мае любы грамадзянскі пратэст у любой краіне сьвету ў любы пэрыяд часу. Ёсьць карумпаваная ўлада, вельмі неэфэктыўная, заточаная толькі «пад дубіну», якая не выконвае свае абавязкі ў дачыненьні да грамадзтва, і людзі кажуць: «Хопіць!» Ёсьць і прыніжэньне годнасьці пасьля зьбіцьця і разгону акцыі. У гэтым сэнсе паралелі ёсьць. У астатнім — гэта розныя маштабы, розныя краіны, розныя ўмовы.

РС: Калі гэта пратэст супраць карумпаванай улады як такой, наколькі ў ім яшчэ моцны першапачатковы каталізатар, абурэньне з нагоды павышэньня кошту электраэнэргіі, ці пратэст выйшаў за гэтыя рамкі?

Меграбян: Трохі выйшаў, таму што рух «Не рабунку!» патрабуе ад улады рэформаў у энэргетыцы. Для Армэніі гэта вельмі сур’ёзнае і вельмі палітычнае пытаньне. У нашай энэргетыцы газ — гэта армянская дачка «Газпрому», якая зьяўляецца манапалістам, а электрычнасьць — дачка расейскай жа кампаніі «РАО ЕЭС». Гэта кампанія «Электрычныя сеткі Армэніі», і мы бачым, як яна працуе: неэфэктыўнасьць і вельмі вялікая карупцыйная рызыка.

РС: Калі гаворка ідзе аб расейскіх кампаніях, ці гучаць на акцыі антырасейскія лёзунгі?

Мегрябян: Не. Вінавацяць армянскія ўлады — чаму яны дапусьцілі сытуацыю, калі ў «Электрычных сетак Армэніі» ўзьнік доўг на 250 мільёнаў даляраў. Гэта ж адбылося не за адзін дзень, не за адзін квартал і не за адзін год. Куды глядзела ўлада, чаму яна не прасачыла дынаміку ўтварэньня гэтага доўгу? Зь іншага боку, вінавацяць саму гэтую энэргетычную кампанію, якая расьпісала сабе нейкія зусім экзатычныя выдаткі. Задаюцца пытаньнем, чаму яна арандавала такую дарагую нерухомасьць, купляла такія дарагія машыны, чаму выдаткоўвала велізарныя сумы на незразумелыя паштовыя або юрыдычныя выдаткі.

РС: Каго пэрсанальна вінавацяць ўдзельнікі пратэсту ў сытуацыі, якая склалася?

Меграбян: Яўгена Бібіна, кіраўніка «Электрычны сетак Армэніі», а таксама Дзяржкамісію па рэгуляваньні грамадзкіх паслугаў на чале з Робэртам Назараном, якая была абавязаная адсочваць дзейнасьць энэргетыкаў.

РС: Ці ёсьць у пратэстаў у Армэніі лідэры, хто гэтыя людзі — напрыклад, чальцы «каардынацыйнай групы», якія адмовіліся ад перамоваў з прэзыдэнтам?

Меграбян: «Каардынацыйная група» носіць хутчэй намінальны характар, таму што няма ніякага мэханізму надзяленьня яе паўнамоцтвамі, гэтым таксама была абумоўленая адмова ад перамоваў. Называць іх тымі, за кім ідуць людзі, я б не стаў. Гэта маладыя людзі без палітычнага мінулага, але актыўныя, са сваім разуменьнем дабра і справядлівасьці. Яны кажуць: «Мы гаспадары нашай краіны, грамадзяне, а не вы, ўлада. Мы вас нанялі, гэта вы існуяце для нас, а ня мы для вас». Лідэр руху «Не рабунку!», які пачаў акцыю, Максім Саргсян, раней удзельнічаў у пратэстах супраць падвышэньня тарыфаў на праезд у грамадзкім транспарце, але палітычнага мінулага ў яго няма.

РС: Як рэагуюць ўдзельнікі акцыі на тон, у якім яе асьвятляе афіцыйнае расейскае тэлебачаньне, на заявы аб тым, што пратэст можа быць арганізаваны Захадам?

Меграбян: Ігнаруюць гэта. Камэнтаваць тое, што паказваюць расейскія тэлеканалы, павінны псыхіятры. Гэта неадэкватнасьць і тупая кансьпіралёгія, якая не мае нічога агульнага з рэальнасьцю. Мы яшчэ з 1988 году (год землятрусу ў Сьпітаку — РС) ведаем, што Масква заўсёды хлусіць. Гэта не навіна, і мы на гэта глядзім па-філязофску.

РС: Ці асьцерагаюцца ўдзельнікі «электрамайдану», што ў сытуацыю, як ва Ўкраіне, можа ўмяшацца Расія — напрыклад, дэстабілізаваць абстаноўку ў Нагорным Карабаху?

Меграбян: Гэтыя асьцярогі заўсёды ёсьць, заўсёды былі і заўсёды будуць, пакуль ёсьць нагорна-карабахскі канфлікт. Асьцярогі таго, што калі грамадзтва пачынае змагацца за справядлівасьць, Расея гэта ўспрымае як спробу выхаду з-пад яе дамінаваньня і нацкоўвае на нас суседзяў. Зараз такое ўспрыманьне ёсьць, але пакуль яно носіць чыста тэарэтычны характар. Прамых сымптомаў таго, што Масква рыхтуецца разыграць такі сцэнар, пакуль няма.

РС: А як жа меркаваньне, якое існуе ў Расеі, што ў Армэніі мацней, чым у суседніх краінах, падтрымліваюць палітыку Уладзімера Пуціна?

Меграбян: Гэта памылковае ўяўленьне аб армянскіх рэаліях. Да Расеі ў нас заўсёды было добрае стаўленьне, але казаць аб нейкіх асаблівых сымпатыях да Уладзімера Пуціна нельга, у абываталя да яго стаўленьне як да лідэра суседняй сяброўскай краіны. Але цяпер тут вельмі шмат пытаньняў, таму што мы бачым, што ад гэтага вельмі шмат праблемаў, мы бачым проста непавагу з боку Расеі ў дачыненьні да Армэніі. У Армэніі сочаць і за сытуацыяй у Данбасе, тут вельмі шмат людзей сымпатызуюць незалежнай Украіне, сымпатызуюць таму, за што змагаецца цяпер Украіна, як і ва Ўкраіне вельмі шмат людзей сымпатызуюць Армэніі. Урэшце ёсьць і аб’ектыўнае пачуцьцё справядлівасьці, якая складаецца ў тым, што нельга прымушаць людзей жыць у несвабодзе.

XS
SM
MD
LG