Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алесін: Адстаўка Мяжуева кладзецца ў тэндэнцыю мадэрнізацыі беларускага войска


Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

Аляксандар Мяжуеў быў адпраўлены ў адстаўку з пасады дзяржсакратара Савету бясьпекі, як паведамляе прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі, «па ягонай просьбе ў сувязі са складанымі сямейнымі абставінамі».

Адстаўку чыноўніка Свабодзе камэнтуе экспэрт Аляксандар Алесін:

«Вядома, у жыцьці ўсё бывае, і магчымыя самыя розныя абставіны, у тым ліку і сямейныя. Паводле маіх зьвестак, са службовага пункту гледжаньня да генэрала Мяжуева няма прэтэнзіяў. Прыкладам, вось нядаўна ён у Кітаі пасьпяхова правёў перамовы, раней у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ён быў на сваім месцы, калі ўзначальваў камісію па нацыянальнай бясьпецы. Гэта чалавек падрыхтаваны, ён вайсковы генэрал.

Але часам так бывае, што і заслужанага чалавека просяць напісаць заяву па сямейных абставінах, і не таму, што ён на сваім месцы дрэнна працуе, а проста таму, што зьмяніліся задачы, што цяпер патрэбныя людзі іншай генэрацыі. Мне здаецца, цяпер якраз такі момант, і адстаўка Аляксандра Мяжуева супадае з тэндэнцыяй у беларускім войску.

Пытаньне стаіць пра тое, што трэба вельмі хутка беларускаму войску мяняцца, патрэбна рэзкая мадэрнізацыя. Мяркую, Украіна заўсёды маячыць перад прэзыдэнтам як прыклад таго, што адбылося, калі армію пакінулі без належнай увагі. Магчыма, менавіта гэтым выкліканае такое рэзкае перасоўваньне кадраў у войску, калі згадаць учорашнюю адстаўку камандуючага ракетнымі войскамі і артылерыяй Зямскова. Там, на маю думку, таксама найперш стаіць задача паставіць чалавека новай генэрацыі, які больш прыдатны для новай ролі ракетных войскаў і артылерыі. Падобна да таго, што на гэтым зьмены ў вайсковым кіраўніцтве ня спыняцца».

Паводле Аляксандра Алесіна, на рашэньне аб адстаўцы Аляксандра Мяжуева маглі паўплываць і палітычныя прычыны, у тым ліку зьвязаныя з будучымі выбарамі і намерам Аляксандра Лукашэнкі далей умацоўваць сваю асабістую ўладу.

XS
SM
MD
LG