Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ваенны досьвед украінскіх журналістаў абагульнілі ў падручніку


Міжнародная фэдэрацыя журналістаў і яе рэгіянальнае падразьдзяленьне — Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў прадставілі практычнае выданьне пад назвай «Бясьпека і салідарнасьць журналістаў ва Ўкраіне-2014. Дапаможнік для журналісцкіх аб’яднаньняў у крызісных сытуацыях».

Пра гэта Свабодзе паведаміў праваабаронца, аўтар дакумэнтальнай кнігі «100 дзён палону, або Пазыўны 911» Валер Макееў.

Падручнік быў прэзэнтаваны ў рамках Міжнароднай канфэрэнцыі «Бясьпека журналістаў, свабода слова і плюралізм падчас канфлікту», якая прайшла ў Вене пад эгідай АБСЭ.

У прадмове да падручніка зьмешчана сумесная заява Нацыянальнага саюзу журналістаў Украіны, Незалежнага мэдыя-прафсаюзу Ўкраіны і Саюзу журналістаў Расеі, што «журналісты — не салдаты і не павінны выкарыстоўвацца як інструмэнты ў інфармацыйнай вайне»:

«Мы сутыкаемся з супрацьстаяньнем, абразай і абвінавачваньнямі з боку тых, хто хацеў бы падзяліць нас і выкарыстоўваць як салдатаў інфармацыйных войнаў. Але мы працягваем настойваць на нашых прафэсійных і этычных стандартах, адмаўляючыся ад пазыцыі журналістаў у якасьці камбатаў. Гэта дае нам надзею і пэрспэктыву будучыні — бяз гвалту, нянавісьці і беспакаранасьці», — гаворыцца ў прадмове.

Па словах аднаго з аўтараў дапаможніка, старшыні Незалежнага мэдыя-прафсаюзу Ўкраіны Юрыя Луканава, у даведніку пададзеныя два погляды, якія далёка не заўсёды супадаюць:

Юры Луканаў

Юры Луканаў

«У нашай краіне мы маем унікальны досьвед працы мэдыяў у крызісных сытуацыях. У гэтым дапаможніку мы яго абагульнілі. Думаю, ён будзе карысны як для працы ўкраінскіх калегаў, так і для калегаў з усяго сьвету, каб разумець нашы рэаліі».

Даведнік быў падрыхтаваны на падставе матэрыялаў філіяў Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў ва Ўкраіне і Расеі. Супрацоўніцтва адбывалася ў рамках сумеснай ініцыятывы дакумэнтаваньня ўрокаў і досьведу канфлікту ва Ўкраіне для журналістаў.

Прэзыдэнт Эўрапейскай фэдэрацыі журналістаў Могенс Бліхер Б’ерэгард адзначыў, што сябры арганізацыі ганарацца салідарнасьцю ўкраінскіх і расейскіх калегаў, якія адважыліся рэалізаваць сумесны праект такога кшталту:

Могенс Бліхер Б’ерэгард

Могенс Бліхер Б’ерэгард

«Людзі паказалі прыклад мужнасьці, каб аб’яднаць намаганьні ва ўмовах сур’ёзных выклікаў. Цяпер вельмі важна ня страціць адданасьць прафэсіі, а падтрымаць і павялічыць яе ўплыў», — адзначыў кіраўнік Эўрапейскай фэдэрацыі журналістаў.

XS
SM
MD
LG