Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гляньце: чые мошчы прывезьлі


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Тысячу гадоў назад у Кіеве памёр князь Уладзімір, у Расеі сёньня другая асоба, што датычыць афіцыйнай пашаноты, пасьля Ўладзіміра Пуціна (Сталін часова адышоў на трэцяе месца).

Каб яшчэ больш падмацаваць незвычайны рэйтынг прэзыдэнта, вырашана мошчы Ўладзіміра паказаць у 45 гарадах Расеі. А дзеля большай гучнасьці ператварыць акцыю ў «міжнародную», правезьці іх па Беларусі — з 20 чэрвеня да 7 ліпеня. Цяпер на чарзе Горадня.

У арганізатараў хапіла розуму не накіраваць каўчэг з парэшткамі ў старажытную сталіцу хрысьціянства ў Беларусі — у Полацак, дзе князь Уладзімір, будучы сьвяты, асабіста забіў князя Рагвалода і згвалціў княскую дачку Рагнеду, што зафіксавана ў летапісах.

Чытаем у сёньняшніх расейскіх крыніцах аб слаўных дзеях Уладзіміра наступнае: «Дружына наўгародзкага князя імклівым прыступам узяла добра ўмацаваны горад. Усё сямейства Рагвалода трапіла ў палон. Па загаду свайго настаўніка Ўладзімір авалодаў Рагнедаю на вачах бацькі і маці. Пасьля чаго Рагвалода, яго жонку і сыноў забілі. Полацак быў цалкам разбураны». Бачыце, якія настаўнікі былі ў наўгародзкага князя. Выгадавалі адпаведнага сабе.

Слава, слава Уладзіміру! Беларусы, сьпяшайцеся да мошчаў абвешчанага сьвятым заваёўніка Полацка, першай нашай сталіцы, і забойцы вашых продкаў!

У Маскве ведаюць, што робяць. Уцягнулі беларусаў у сваю прапагандысцкую акцыю як залежных ад сябе, хто сваёй думкі і гонару ня мае.

Падтэкст акцыі з мошчамі яскравы: паказаць украінцам сваё фэ. Сваю перавагу. Маральную, як здаецца расейцам. У даведцы, якой суправаджаецца акцыя з мошчамі, сьцісла сказана: князя Ўладзіміра пахавалі ў 1015 годзе ў кіеўскай Дзесяціннай царкве (першай цаглянай). Пазьней царква была разбурана, а саркафаг з парэшткамі князя доўгі час знаходзіўся пад руінамі. Усё.

У галаве абываталя на фоне вайны ва Ўкраіне ўзьнікаюць здагадкі: значыць продкі хахлоў зьнішчылі храм і занядбалі сьвятыя мошчы. Бо што яшчэ можна падумаць, ня ведаючы прадмету?

Хітравумныя арганізатары не паведамляюць, што ў 1240 годзе хан Батый абклаў Кіеў, узяў яго штурмам і разбурыў Дзесяцінную царкву. І што парэшткі Ўладзіміра былі схаваныя ад зьневажаньня Батыем. Відавочна зьвесткі такія былі б вельмі да месца, асабліва сёньня. Прычым іх можна, як бачым, укласьці ў два сказы.

Як мошчы ўсё ж былі адкапаныя? У 1635 годзе мітрапаліт Пятро Магіла вырашыў правесьці раскопкі. Былі знойдзеныя саркафагі, адзін зь якіх, як вырашыў сам Магіла, належаў князю Ўладзіміру. Яго перапахавалі ў Кіева-Пячорскай лаўры.

Такім чынам, уся гісторыя з парэшткамі Ўладзіміра — гісторыя цалкам кіеўская. Але яе рашуча прыватызавала Масква. Адзін з украінскіх дасьледчыкаў зазначае, што прэтэнзіі расейскай царквы на гэты сюжэт вельмі хісткія, паколькі Дзесяцінная царква ў Кіеве была пабудаваная за паўтара стагодзьдзя да ўзьнікненьня Масквы, за трыста гадоў да стварэньня вялікага Маскоўскага княства і за шэсьцьсот гадоў да ўтварэньня Маскоўскага патрыярхату.

Утойваючы поўныя зьвесткі аб мошчах і возячы іх сёньня уздоўж мяжы з Украінай, арганізатары далучаюцца да РТР, да працягу вайны ў розумах супраць «братоў па веры» і па «адзінай старажытнарускай народнасьці». А роля царквы бачыцца якраз адваротнай: загойваць раны, не разьвярэджваць, спрыяць залагоджаньню канфліктаў, не даваць распаўсюджвацца варожасьці. Урэшце мець сваю галаву, не ісьці на павадку ў сёньняшніх Уладзіміраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG