Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску — працяг трыбуналу над сталінізмам


Падчас першага паседжаньня грамадзкага трыбунала “Злачынствы сталінізму ў Беларусі”. Менск, 5 сакавіка 2015 году

Падчас першага паседжаньня грамадзкага трыбунала “Злачынствы сталінізму ў Беларусі”. Менск, 5 сакавіка 2015 году

Сёньня дасьледуюць ваенныя злачынствы сталінізму.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Мэмарыял» разам з ініцыятывай «За ўратаваньне Курапатаў» працягваюць правядзеньне першага Беларускага грамадзкага трыбуналу над сталінізмам.

Сёньня ў сядзібе Партыі БНФ адбудзецца шостае паседжаньне трыбуналу з удзелам сьведкаў, гісторыкаў, дасьледчыкаў гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі. Тэма чарговага разгляду — ваенныя злачынствы сталінізму. Пра гэта Свабодзе паведаміла адна з арганізатарак імпрэзы, актывістка ініцятывы «За ўратаваньне Курапатаў» Ганна Шапуцька:

Ганна Шапуцька

Ганна Шапуцька

«Разгляд гэтай тэмы адбываецца менавіта сёньня таму, што ў ноч з 24 на 25 чэрвеня 1941 году распачалася эвакуацыя вязьняў менскіх турмаў. Ужо 25 чэрвеня ў Трасьцянцы была растраляная група вязьняў „амэрыканкі“. А пазьней, 26 чэрвеня, яшчэ адна група вязьняў была растраляная каля Чэрвеня — былога Ігумена. Гэта яшчэ адна жахлівая старонка гісторыі сталінізму і пачатку вайны. Менавіта ў памяць гэтых злачынстваў грамадзкія актывісты штогод праводзяць „Ігуменскі шлях“, калі ўшаноўваецца памяць ахвяраў на месцы злачынства. Гэтаму складніку гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі і будзе прысьвечанае чарговае слуханьне. Як звычайна, падчас разгляду гэтай тэмы будуць выкарыстоўвацца фота, відэа і архіўныя матэрыялы, архіўныя зьвесткі».

Чальцы грамадзкага трыбуналу— гісторыкі, культуролягі, дзеячы культуры, грамадзкія актывісты. Сярод іншых — старшыня беларускага аддзяленьня «Мэмарыялу» Ігар Кузьняцоў, гісторык Анатоль Валахановіч, Гары Паганяйла, сьвятар Леанід Акаловіч і іншыя. Ініцыятары суду над сталінізмам заклікаюць усіх неабыякавых людзей да ўдзелу ў працы трыбуналу, мэта якога — дэсталінізацыя грамадзтва.

Грамадзкі трыбунал будзе праходзіць у некалькі этапаў і завершыцца грамадзкім выракам да Дня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі — 29 кастрычніка.

XS
SM
MD
LG