Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нармандзкая чацьвёрка падтрымала адданасьць Менскім дамоўленасьцям


(Зьлева направа) Міністры замежных спраў Францыі – Ларан Фабіюс, Украіны – Паўло Клімкін, Нямеччыны – Франк-Вальтэр Штайнмаер і Расеі – Сяргей Лаўроў на сустрэчы ў Бэрліне, 13 красавіка 2015 году

(Зьлева направа) Міністры замежных спраў Францыі – Ларан Фабіюс, Украіны – Паўло Клімкін, Нямеччыны – Франк-Вальтэр Штайнмаер і Расеі – Сяргей Лаўроў на сустрэчы ў Бэрліне, 13 красавіка 2015 году

Міністры замежных спраў Украіны, Францыі, ФРГ і Расеі на сустрэчы ў Парыжы, якая скончылася ў ноч на 24 чэрвеня, пацьвердзілі сваю прыхільнасьць выкананьню Менскіх дамоўленасьцяў у поўным аб’ёме.

Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Францыі Ларан Фабіюс.

Яны таксама выказалі глыбокую занепакоенасьць з нагоды пагаршэньня сытуацыі ў Данбасе і заклікалі да больш хуткай дээскаляцыі і неадкладнага спыненьня агню, што дазволіла б дасягнуць прагрэсу ў палітычнай, гуманітарнай і сацыяльна-эканамічнай сфэрах, гаворыцца ў заяве Фабіюса, апублікаванай у ноч на сераду.

Міністры нагадалі пра асаблівую ролю Спэцыяльнай маніторынгавай місіі ва Ўкраіне АБСЭ ў працэсе такой дээскаляцыі. Яны адзначылі незаменную ролю Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ у падрыхтоўцы і правядзеньні мясцовых выбараў, а таксама неабходнасьць палітычнага дыялёгу паміж Украінай і прадстаўнікамі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей, заявіў кіраўнік МЗС Францыі.

Такім чынам, гаворыцца ў яго заяве, усе чатыры міністры дасягнулі згоды па наступных пытаньнях:

— Заклікаць бакі цалкам выконваць патрабаваньні адводу цяжкіх узбраеньняў і дамовіцца таксама пра адвод танкаў і ўзбраеньняў калібрам менш за 100 мілімэтраў, які павінен быць ажыцьцёўлены на працягу наступных некалькіх тыдняў;

— Пацьвердзіць неабходнасьць завяршэньня і ажыцьцяўленьня пляну дээскаляцыі каля вёскі Шырокіна пад Марыюпалем, што павінна стаць першым крокам на шляху шырокай і глыбокай дэмілітарызацыі на лініі кантакту бакоў;

— Пакласьці канец абмежаваньням доступу назіральнікаў АБСЭ, якія падрываюць працэс вэрыфікацыі адводу цяжкіх узбраеньняў і супярэчаць Менскім дамоўленасьцям;

— Ліквідаваць перашкоды на шляху дастаўкі гуманітарнай дапамогі ў зону канфлікту і неадкладна ўзгадніць зь Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа магчымасьці дасягнуць канкрэтных вынікаў у тым, каб аблегчыць пакуты пацярпелага насельніцтва;

— Вызваліць зьняволеных па прынцыпе «ўсіх на ўсіх».

Міністры таксама пацьвердзілі, што Ўкраіна, Францыя, Нямеччына і Расея далей рашучыя ў тым, каб працягваць узаемадзейнічаць у «нармандзкім фармаце» і зрабіць усё магчымае са сваіх бакоў, каб дамоўленасьці былі выкананыя і крызіс быў вырашаны, заявіў па выніках сустрэчы кіраўнікоў МЗС чатырох дзяржаў ў Парыжы міністар замежных спраў Францыі Ларан Фабіюс.

Раней, адразу пасьля заканчэньня сустрэчы позна ўвечары ў аўторак, кіраўнік дыпляматыі Ўкраіны Паўло Клімкін, камэнтуючы яе вынікі ў Твітэры, напісаў: «У Парыжы мы ўсе падтрымалі адданасьць Менску. Расея таксама. Паглядзім, хто і як гэтую адданасьць будзе рэалізоўваць».

XS
SM
MD
LG