Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джазавая нявыкрутка: Менск без турыстаў


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Тры тыдні ў беларускім інтэрнэце абмяркоўвалі «Джазавыя вечары» на менскай плошчы Свабоды: няўжо яны нарэшце зразумелі што ня трэба лезьці, проста не замінаць?

«Яны» – у сэнсе, улады. Мы дакладна ня ведаем якія, якога ўзроўню. Фармальна – менскія гарадзкія.

І вось ужо які дзень пасьля мінулай суботы працягваюцца дэбаты: ну навошта, навошта яны ўсё сапсавалі? Ня толькі настрой трыццаці тысячам менчукоў, якія пабывалі на імпрэзах. Сапсавалі ўсе свае высілкі па прыцягненьні турыстаў у пустыя новыя гатэлі, у якія ўбуханыя сотні мільёнаў даляраў.

Спэцслужбы іншых краінаў умудраюцца арганізоўваць бясьпеку цэлым алімпіядам, не прыцягваючы ўвагі публікі да сябе. А тут – дэманстратыўна, груба, з аўтазакамі навідавоку. Спахапіліся, відаць, як так – усё добра, і бяз нас?

– А вы ведаеце кім я буду працаваць у будучыні?!

Сяржант міліцыі лаецца з наведнікам «Джазавых вечароў», які сярод іншага сфатаграфаваў і яго – аднаго з тысяч прысутных на плошчы Свабоды.

Сяржант упэўнены, што існая сыстэма грамадзкіх узаемаадносінаў будзе нязьменная пры ягоным пакуль маладым жыцьці. Спрабую ўявіць, што ён мае пад такой моцна сакрэтнай працай у будучыні, якая не дазваляе яго фатаграфаваць сёньня.

Магчыма, ён скончыць юрыдычны факультэт, здасьць «нарматывы ГТО», і калі-небудзь будзе начальнікам менскага АМОНу. Таго самага, чые байцы крывілі твары, слухаючы такую непадобную да Мішы Круга музыку.

Ці стане сакрэтным супэр-агентам і будзе лавіць шпіёнаў.

І што і праз дваццаць гадоў, калі можна будзе падумваць пра міліцэйскую пэнсію, усё гэтаксама будзе выглядаць у цэнтры Менску: джаз, мэталашукальнікі, АМОН, забарона на фотаапараты для наведнікаў імпрэзы.

Спробы беларускай афіцыйнай сыстэмы ўпіраюцца і будуць упірацца ў нявыкрутку.

Гэта як заказчык хоча «пад Моцарта», а ўрэшце робіць пад сябе – пад блатняк-«шансон».

Затык сучаснай улады ў тым, што каб прыцягнуць турыстаў, трэба ня толькі пабудаваць гатэлі і «абшчапіт». Трэба стварыць «свабодную культурную зону», вольную ад прымусу, гвалту і празьмернага кантролю. Хоць бы вонкава.

А такі «аазіс» стварыць не атрымаецца, бо ўлада баіцца якога-кольвек натоўпу ў прынцыпе.

Сыстэма сябе ахоўвае да апошняга. І справа тут ўжо нават не ва ўзурпацыі ўлады, а ў тым, што многія робяць на сыстэму стаўку ў сваёй жыцьцёвай кар'еры.

Гэта ня толькі малады сяржант з амбіцыёзнымі плянамі на будучыню. Гэта добрая палова краіны, якая баіцца якіх-кольвек зьменаў. Бо зьмена – гэта лятарэя, дзе няма гарантыі, што ты трапіш у хвалю.

Дазволіш джаз у шырокім сэнсе – прывучыш людзей да разьняволенасьці ў думках і паводзінах. Усё пазабараняеш – не атрымаеш грошай, якія ў літаральным сэнсе валяюцца, сядзяць, стаяць і танчаць пад нагамі: на асфальце і газонах.

Ізноў аматары добрай музыкі паедуць у суседнія сталіцы, каб там пакінуць свае кроўныя, а не ў беларускай казьне, якая ўжо ня ведае што яшчэ прыдумаць, каб выціснуць з людзей грошы.

Адказ просты, ня можаце дапамагчы – проста не замінайце.

Расейская «тумбачка», зь якой раней браліся фінансы, пусьцее, і прыкрываецца. Цяпер ня тыя тлустыя часы, калі ў абмен на рэальнае павелічэньне даходаў людзі заплюшчвалі вочы на татальныя забароны ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця.

Цяпер ад забаронаў у людзей толькі павялічваецца жаданьне не перасякацца з дзяржавай аніяк.

А гвалтам узаемнасьці можна дасягнуць хіба што ў гвалце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG