Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армэнія: «Гэта вышэйшая форма грамадзянскага працэсу»


Ерэван, 23.06.2015
Ерэван, 23.06.2015

Сёньня раніцай паліцыя ў Ерэване жорстка разагнала пратэст супраць павышэньня тарыфаў на электраэнэргію.

Мы папрасілі пракамэнтаваць гэтую падзею Грайра Тамразяна, дырэктара армянскай службы нашага радыё.

РС: Колькі людзей узяло ўдзел у гэтым сядзячым пратэсьце ў Ерэване, які быў разагнаны паліцыяй на досьвітку?

Грайр Тамразян: Учора надвячоркам было там, па-мойму, больш чым 5 тысяч чалавек. Магчыма, бліжэй да 10 тысяч. Цэлы праспэкт Баграмяна быў запоўнены дэманстрантамі. А гэта самая вялікая вуліца ў Ерэване. Я не магу сказаць вам дакладную лічбу, але гэта была вялікая дэманстрацыя.

РС: Паведамляецца, што гэты пратэст арганізавала ініцыятыва «Не — грабяжу!». Што-небудзь вядома пра гэтую групу, акрамя яе назвы?

Грайр Тамразян: У Армэніі цяпер разьвіваецца новая форма пратэсту, якую можна назваць грамадзянскім непадпарадкаваньнем. Яна прымае розныя формы. У свой час у Армэніі хацелі ўвесьці абавязковыя плацяжы ў пэнсійны фонд. Гэта значыць, кожны чалавек, якому больш за 40 гадоў, мусіў плаціць пэўную колькасьць грошай у пэнсійны фонд. Ад гэтага і пачаўся гэты рух грамадзянскага непадпарадкаваньня. А перад гэтым яшчэ быў падобны рух супраць павышэньня цэн на транспарт. Гэты грамадзянскі рух стаіць крыху ўбаку ад палітычнага руху. Але, на мой погляд, гэта найвышэйшая форма грамадзянскага працэсу.

РС: Фармальна пратэст быў супроць павышэньня тарыфаў на электраэнэргію. Тарыфы паднялі прыблізна на 16%, што не падаецца вельмі рэзкім павышэньнем. Чаму людзі зрэагавалі на гэта такім чынам?

Грайр Тамразян
Грайр Тамразян

Грайр Тамразян: Таму што на працягу апошніх трох гадоў, яшчэ да гэтага павышэньня, тарыфы на электраэнэргію павышаліся тры разы. У сукупнасьці тыя тры павышэньні далі рост коштаў электраэнэргіі на амаль 40%. Калі б прайшло цяперашняе павышэньне, то мы мелі б сукупны рост на 56%. У суме гэта было б вельмі істотнае павышэньне цэн.

Я яшчэ хачу сказаць, што гэты грамадзянскі рух выстаўляе ня толькі эканамічныя патрабаваньні. Там ёсьць і палітычныя патрабаваньні — пакончыць з карупцыяй, судзіць усіх карумпаваных палітыкаў і паліцыянтаў, і г. д. То бок гэты рух увесь час нарастае, і цяпер не вядома, чым гэта скончыцца пасьля арыштаў і зьбіваньня дэманстрантаў і журналістаў. Як ведаеце, учора былі зьбітыя больш чым 10 журналістаў, у тым ліку трое журналістаў Радыё Свабода.

РС: Як цяпер пачуваюць сябе нашы калегі?

Грайр Тамразян: Іх моцна зьбілі, асабліва аднаго, ён цяпер ня можа працаваць. Але я спадзяюся, што празь некалькі дзён ён паправіцца і вернецца на працу. Гэта было ўпершыню ў гісторыі Радыё Свабода ў Армэніі, калі зьбілі нашага карэспандэнта.

РС: Я прачытаў у аднаго блогера, што акрамя эканамічнага патрабаваньня — не павышаць тарыфы — некаторыя дэманстранты прыйшлі на той пратэст і з палітычнымі лёзунгамі. Нібыта маладыя людзі прыйшлі туды зь лёзунгамі супраць «расейскай акупацыі»? Вы лічыце такое магчымым?

Грайр Тамразян: Канешне, гэта магчыма. Моладзь у Армэніі лічыць, што ўся энэргетыка краіны знаходзіцца пад кантролем Расеі, то бок пад кантролем расейскіх кампаній. Яны лічаць, што гэта, насамрэч, акупацыя. Той факт, што Расея цяпер кантралюе армянскую эканоміку, гэта і ёсьць, паводле іх, форма акупацыі. І акрамя гэтага, як мы ведаем, у Армэніі ёсьць вайсковыя расейскія базы. Безумоўна, гістарычна так склалася, што ў Армэніі з Расеяй заўсёды былі добрыя адносіны, але маладыя людзі лічаць, што гэта ўжо занадта — што нельга так аддаваць кантроль над эканомікай. У гэтым сэнсе людзі спадзяюцца, што нядаўні закуп магутнай армянскай электрастанцыі амэрыканскай кампаніяй крыху палегчыць сытуацыю ў энэргетыцы.

РС: Ці вядома, што будзе з гэтымі людзьмі, якіх сёньня затрымалі падчас разгону дэманстрацыі?

Грайр Тамразян: Пакуль што не вядома. Некаторых адпусьцілі. Магчыма, у адносінах да іншых будуць узбуджаныя судовыя справы. Затрымалі столькі людзей, што ўсім не хапае месца ў паліцэйскіх пастарунках у Ерэване, і іх вывезьлі па-за сталіцу, у іншыя гарады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG