Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі палітоляг: «Замена Тальявіні на Сайдыка прынцыпова нічога ня дасьць»


Новы прадстаўнік АБСЭ Марцін Сайдык

Новы прадстаўнік АБСЭ Марцін Сайдык

Нават калі прадстаўнік АБСЭ нечага вельмі хоча дасягнуць ў перамоўным працэсе, ня ўсё залежыць ад яго. Бо мадэль, прапісаная ў Менскіх дамоўленасьцях, не зусім рэалістычная. Такое меркаваньне выказаў ўкраінскі палітоляг Уладзімер Фясенка.

23 чэрвеня ў беларускай сталіцы адбудзецца чарговае паседжаньне трохбаковай кантактнай групы па Ўкраіне. Мяркуецца, што прадстаўляць АБСЭ будзе толькі ўчора прызначаны аўстрыйскі дыплямат Марцін Сайдык. Чакаюць у Менску і былую прадстаўніцу АБСЭ Гайдзі Тальявіні, якія вяла перамовы з чэрвеня 2014 году і днямі папрасілася ў адстаўку.

Украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка даў сваю ацэнку дзейнасьці Гайдзі Тальявіні на пасадзе перамоўніка ад АБСЭ і выказаў сваю думку наконт прызначэньня новым прадстаўніком АБСЭ Марціна Сайдыка:

Уладзімер Фясенка

Уладзімер Фясенка

— Наколькі я ведаю, афіцыйныя ўлады Ўкраіны падзякавалі ёй за працу, ацанілі яе працу як дастаткова плённую, значную, канструктыўную. Мяркую, што гэта ня толькі дыпляматычны этыкет. Яна зрабіла ўсё, што магла. А сышла ў адстаўку таму, што няма выніку. Дасьведчаныя крыніцы мяркуюць, што асноўная прычына выхаду спадарыні Тальявіні з гэтага перамоўнага працэсу — псыхалягічны і эмацыйны крызіс. Яна зразумела, што перамовы апынуліся ў глухім куце, у поўным тупіку. Вось яна такім чынам і прарэагавала. На адрас спадарыні Тальявіні было нямала крытыкі, асабліва пасьля яе дакладу пра грузінскія падзеі ў 2008 годзе. Я ведаю, што расейскія калегі сур’ёзна яе крытыкавалі, і ва Ўкраіне яе ўзгадвалі ў гэтым кантэксьце.

Але падчас перамоваў трохбаковай групы па Ўкраіне не было заўважана, каб Гайдзі Тальявіні падыгрывала расейскаму боку альбо сэпаратыстам. Яна захоўвала нэўтральную пазыцыю, намагалася спрыяць перамоўнаму працэсу, пошуку кампрамісу.

— Пераемнік спадарыні Тальявіні аўстрыйскі дыплямат Марцін Сайдык запэўніў учора ў Маскве, што «будзе старацца прытрымлівацца яе прыкладу і працягваць яе курс, таму што мы павінны працаваць на карысьць людзей, якія сапраўды пакутуюць ад гэтага канфлікту». Ці ўдасца, на ваш погляд, спадару Сайдыку дасягнуць большага, чым было пры Тальявіні?

— Але яе пераемнік спадар Сайдык павінен разумець, што нават калі прадстаўнік АБСЭ нечага вельмі хоча дасягнуць, ня ўсё залежыць ад яго.

Я б сказаў, што ў менскіх перамоваў дзьве галоўныя праблемы. Першая — прынцыповая розьніца, прынцыповыя разыходжаньні, я б нават падкрэсьліў — поўная супрацьлегласьць пазыцыяў двух бакоў. Я кажу пра два бакі — Украіну і Расею, таму што сэпаратысты — гэта марыянэткі Расеі. Яны ня маюць самастойнай пазыцыі. Яны выступалі за тое, каб аддзяліцца ад Украіны, стаць асобнымі, потым, калі расейскія гаспадары сказалі, што трэба вяртацца ва Ўкраіну, але на асаблівых умовах, тады яны пачалі выкарыстоўваць такую пазыцыю.

Таму трэба казаць пра ўкраінскую пазыцыю і пазыцыю, якую прасоўвае на перамовах Расея. Тут ёсьць прынцыповыя рознагалосьсі, і знайсьці кампраміс, на мой погляд, вельмі і вельмі цяжка (ня хочацца сказаць, што немагчыма).

Другая праблема — мадэль, прапісаная ў менскіх дамоўленасьцях, на мой погляд, не зусім рэалістычная. Калі не сказаць больш жорстка — утапічная. На мой погляд, у тым фармаце, у якім прапісаныя менскія дамоўленасьці, дасягнуць міру немагчыма. Гэта ня дасьць вырашэньня канфлікту, а можа перавесьці яго ў нейкую іншую плоскасьць, калі пасьлядоўна ісьці ў рэалізацыі менскіх дамоўленасьцяў.

Але я хачу акрэсьліць яшчэ адну праблему. Пуцін у сваім выступе ў Санкт-Пецярбургу падчас Міжнароднага эканамічнага форуму сказаў, што мір будзе і страляніна на Данбасе спыніцца толькі тады, калі будуць палітычныя дамоўленасьці. Зразумела, палітычныя дамоўленасьці на расейскіх умовах. А пазыцыя ўкраінскага боку палягае ў тым, што спачатку трэба спыніць агонь, а потым шукаць палітычны кампраміс.

На сёньня гэта галоўная перашкода ў перамоўным працэсе. Фактычна Расея баявымі, ваеннымі дзеяньнямі шантажуе Ўкраіну і эўрапейскіх удзельнікаў перамоваў. Так што я скептык. Замена Тальявіні на Сайдыка, на мой погляд, нічога прынцыпова ня дасьць.

— Але спадар Сайдык быццам бы дыплямат зь вялікім стажам, з досьведам. Доўгі час — з 1980 па 1985 і з 1989 да 1991 — працаваў у Маскве, павінен добра ведаць псыхалёгію расейцаў.

— Я ведаў шмат заходніх дыпляматаў, якія працавалі ў Расеі. Сам факт працы ў Маскве не азначае, што ён прарасейскі чалавек. Галоўная функцыя перамоўніка — захоўваць хаця б фармальны нэўтралітэт і спрыяць пошуку кампрамісу.

Але, паўтаруся, на сёньня да кампрамісу не гатовыя абодва бакі. Украіна не пагодзіцца на расейскі сцэнар. Мадэль Менску-2 Украіну задавальняе ў тым, што выйдуць з Украіны расейскія найміты, ня будзе расейскай зброі. Але ў чым ключавая памылка? Чаму я так скептычна ацэньваю мадэль другіх менскіх дамоўленасьцяў? Таму што вывад расейскіх войскаў і закрыцьцё мяжы, перадача мяжы Ўкраіне — гэта апошні пункт. А ён павінен быць адным зь першых. Пакуль мяжа застаецца адкрытай, застаецца магчымасьць пастаўкі на Данбас і зброі, і расейскіх наймітаў. І магчымасьць правядзеньня больш-менш дэмакратычных выбараў на Данбасе застаецца віртуальнай, гіпатэтычнай. Таму што сама мадэль кампрамісу, які быў дасягнуты ў лютым у Менску, памылковая.

Таму я крытычна ацэньваю магчымасьць яе рэалізацыі, хто б ні быў з боку АБСЭ.

XS
SM
MD
LG