Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа ня траціць надзею на ўратаваньне Грэцыі


Лідэры краінаў Эўразьвязу заявілі, што яны спадзяюцца дасягнуць пагадненьня з Грэцыяй на гэтым тыдні. Заява была зробленая пасьля таго, як грэцкі ўрад Алексіса Цыпраса прапанаваў плян эканамічных рэформаў, патэнцыйна прымальны для Эўразьвязу і Міжнароднага валютнага фонду.

«Мы рухаемся да дамоўленасьці, але яшчэ шмат чаго трэба зрабіць», — заявіў прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд пасьля ўчорашняга пазачарговага саміту 19 краінаў зоны эўра і МВФ. І Алянд, і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявілі, што яны спадзяюцца дасягнуць пагадненьня на гэтым тыдні.

25 чэрвеня, у пятніцу, лідэры краінаў эўразоны і кіраўніцтва МВФ сустрэнуцца зноў, каб прыняць канчатковае рашэньне. Да гэтага часу будуць працягвацца перамовы на ўзроўні міністраў фінансаў. Грэцыя прапануе плян, які прадугледжвае павелічэньне падаткаў на 8 мільярдаў эўра за год, і захады жорсткай эканоміі. Аднак кіраўнік МВФ Крысьцін Лягард заявіла, што прапановам Атэнаў «усё яшчэ не хапае канкрэтнасьці».

Але нават частковая дамоўленасьць ужо зрабіла станоўчы ўплыў, выклікаўшы падвышэньне курсаў акцыяў на эўрапейскіх біржах.

XS
SM
MD
LG