Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ў беларусаў з арытмэтыкай, зразумець цяжка. Хаця грошы лічыць нібыта ўмеюць.

Рабіў я нейк апытаньне пра Брэжнева: чым застаўся ў памяці Леанід Ільліч? І чым, можа, падабаўся? Падабаўся тым, што ўсё было стабільна, а не падабаўся, што быў вельмі лядашчы і сядзеў занадта доўга. Дык хіба гэта доўга? Лукашэнка больш.

Рэакцыя нечаканая. Палохаюцца! Перастаньце, ня можа быць! – кажа адзін. Іншы (з жонкай) з падазронасьцю – вы задаяце правакацыйныя пытаньні. Хто, я? Прагугліце: Брэжнеў 18 год прабыў, Лукашэнка ўжо 20. Дваццаць мінус васемнаццаць, атрымліваем на два больш… Ня вераць! Быць такога ня можа!

Ім запомнілася, што Брэжнеў кіраваў неверагодна доўга і да сьмерці надакучыў. Звычайная арытмэтыка ім здаецца «правакацыяй». Яны раздражняюцца! Толькі адна жанчына адрэагавала больш ураўнаважана: ай, ды ну вас, мужчына, не сачыняйце, не дурыце мне галавы! Самае сьмешнае, яна пакрыўдзілася праз пачутыя «небыліцы». Не паверыла ніяк.

Ніякіх для сябе выразных высноў зрабіць з гэтага я ня здолеў. Так, толькі падзівіўся. Душа беларуская цьмяная. Ці яны такія «шчасьлівыя, якія часоў не наблюдаюць» і ім здаецца, што Лукашэнка толькі пачаў і яму яшчэ вельмі доўга цягнуць прэзыдэнцкую лямку. Ці палохаюцца, што ён мог тады пастарэць як той Брэжнеў, калі больш за яго сядзіць? Не зразумець беларуса, які тэрмін Лукашэнкі расцэньвае як выдумку.

І я падумаў: яны сапраўды ня могуць падлічыць, бо насамрэч так даўно ён, што яны ня ў стане успомніць – зь якога часу. Беларуская памяць, вядома, карацейшая за жаночую. А што скажа наш братка на тое, што сёньня яго абранец кіруе столькі, колькі атрымалася ў апошняга цара? Таксама палічыць, што брахня?

Не, ну што ў беларуса па гістарычнай арытмэтыцы, скажыце? Наступным можа быць, як выглядае, сталінскі рубеж, Ёсіф Вісарыёнавіч быў на варце 31 год. Проста як нейкі Мікалай І. Нездарма маці таварыша Сталіна ніяк не магла ўцяміць, кім ён стаў. Ты кім працуеш, сынок? – запыталася яна аднойчы. Ты цара памятаеш? Ну дык вось я накшталт таго. Быль? Гістарычны анэкдот? Дакладна невядома, але кажуць, што праўда.

Правакацыя! – абурыцца беларус. Які Сталін цар, калі ён быў камуністам, якія супраць цара? Але так і бывае, што ворагі самадзяржаўя з часам «сталеюць». Дыялектыка, братка, марксізм-ленінізм, дружа.

XS
SM
MD
LG