Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леаніда Кулакова пакаралі 10 суткамі арышту за фота


Леанід Кулакоў пасьля суду, 23 чэрвеня 2015 году

Леанід Кулакоў пасьля суду, 23 чэрвеня 2015 году

Суд Менскага раёну пакараў актывіста руху «Эўрапейская Беларусь» за фатаграфаваньне пляката ў падтрымку палітвязьня Юрыя Рубцова.

Леаніда Кулакова прызналі вінаватым у правядзеньні несанкцыянаванага пікету, хоць сьведкі-міліцыянты самі прызналі ў судзе, што транспарант ён у руках не трымаў, а толькі фатаграфаваў яго, за што і быў затрыманы.

Так, амапаўцы Іван Чарапанаў і Юры Сушко на судзе паведамілі, што ня бачылі, каб Леанід Кулакоў вывешваў расьцяжку «Свабоду Рубцову», і ня бралі ўдзелу ў яго затрыманьні. Пра затрыманьне Леаніда Кулакова паведаміў іх калега Вадзім Ярома. Ён распавёў, што атрымаў па рацыі зьвесткі пра аўтамабіль, на якім прыехалі да ўнівэрсаму «Гіпа» актывісты Максім Вінярскі і Сяргей Мацкойць, якія вывесілі на трасе расьцяжку «Свабоду Рубцову».

На стаянцы каля «Гіпа» сьведка з напарнікам знайшлі гэты аўтамабіль, побач зь якім быў Леанід Кулакоў. У гэты момант Леанід Кулакоў нібыта фатаграфаваў расьцяжку «Свабоду Рубцову».

«Пасьля гэтага мы затрымалі Кулакова дзеля далейшага разбору», — паведаміў суду міліцыянт. На пытаньне адваката, ці зьяўляецца фатаграфаваньне адміністрацыйным парушэньнем, сьведка Вадзім Ярома нічога не адказаў.

Абаронца Леаніда Кулакова ў сваёй прамове прасіў суд закрыць вытворчасьць па справе, паколькі дзеяньні Леаніда Кулакова па фатаграфаваньні пэўных падзеяў не зьяўляюцца адміністрацыйным парушэньнем, а іншае ў судзе не было даказана.

Аднак судзьдзя Менскага раённага суду Сяргей Ткачук абвясьціў, што віна Леаніда Кулакова ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце даказаная, і пастанавіў арыштаваць яго на 10 сутак.

Тэрмін пакараньня Леаніда Кулакова павінен адлічвацца ад часу затрыманьня, гэта значыць — зь вечара 19 чэрвеня. Пры гэтым у судовай залі Леанід Кулакоў ня быў узяты пад варту, а з пакункам рэчаў зьехаў з суду. Патлумачыць гэткі паварот падзеяў Леанід Кулакоў ня змог.

Такім чынам, Леанід Кулакоў стаў ужо другім па ліку актывістам, каго суд пакараў адміністрацыйным арыштам, але выкананьне прысуду не адбылося. Амаль месяц таму 13 сутак адміністрацыйнага арышту за акцыю каля расейскай амбасады атрымала Вольга Мікалайчык. Яна таксама на волі.

Учора ў Менскім раённым судзе асудзілі яшчэ двух актывістаў руху «Эўрапейская Беларусь»: на 10 сутак арышту — Максіма Вінярскага, на 5 сутак — Сяргея Мацкойця.

Усіх трох затрымалі ў пятніцу ўвечары каля супэрмаркету «Гіпа» на Лагойскім тракце ў Менску за спробу вывесіць транспарант з надпісам «Свабоду Рубцову».

Гомельскі актывіст Юры Рубцоў 28 траўня быў асуджаны на два гады пазбаўленьня волі. «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня.

Юры Рубцоў быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня пасьля таго, як адмовіўся працаваць на «хіміі» за нізкі заробак і зрабіў на грудзях татуіроўку «Лукашэнка, сыходзь». Цяпер ён у ІЧС у Баранавічах. На хімію ён трапіў за абразу судзьдзі, які судзіў Рубцова, хоць таго прывезьлі на працэс напаўголым.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG