Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агульнае ў Эўразійскім саюзе — брутальныя разгоны масавых акцыяў


Падчас разгону дэманстрантаў у Ерэване, 23 чэрвеня 2015 году

Падчас разгону дэманстрантаў у Ерэване, 23 чэрвеня 2015 году

Паводле праваабаронцы Ўладзімера Лабковіча, пасьля Эўрамайдану міліцэйскі гвалт падчас масавых акцыяў на постсавецкай прасторы стаў звыклай справай.

На досьвітку 23 чэрвеня армянскія паліцыянты ўжылі сілу і вадамёты, каб разагнаць дэманстрантаў у цэнтры Ерэвана. Ня менш як 5000 чалавек выйшлі на вуліцы, пратэстуючы супраць павышэньня тарыфаў на электраэнэргію, якое стала вынікам імклівага абясцэньваньня нацыянальнай валюты Армэніі.

Паліцыя пасьля некалькіх «знакаў папярэджаньня» пачала сілай разганяць мітынгоўцаў, якія ўначы занялі ў армянскай сталіцы вуліцу, якая вядзе да прэзыдэнцкага палаца.

Паводле папярэдніх зьвестак, у выніку сутыкненьняў ёсьць траўмаваныя. Паведамляюць пра некалькі соцень затрыманых, якіх паліцыя забрала ў пастарункі.

Беларускі праваабаронца Ўладзімер Лабковіч адзначыў, што такія паводзіны армянскай улады тлумачацца агульнай тэндэнцыяй на жорсткае здушэньне акцыяў пратэсту ў краінах з аўтарытарнымі рэжымамі.

Паводле Лабковіча, тэндэнцыя пачала разгортвацца пасьля трагічных падзеяў на Майдане ў Кіеве:

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч

«Пасьля падзеяў на ўкраінскім Майдане ў аўтарытарных рэжымаў моцна павялічылася магчымасьць апраўдваць гвалтоўныя дзеяньні. Пасьля сьмерці больш як 100 чалавек зь „Нябеснай сотні“ дыктатары зразумелі: каб захаваць сваю ўладу, ім трэба ісьці на жорсткія разгоны і недапушчэньне масавых акцыяў пратэсту. Таму гвалт падчас мірных акцыяў пратэсту з боку ўлады ў нашым рэгіёне будзе станавіцца модай, новым правілам.

Калі казаць пра матыў, які паслужыў пачаткам для забурэньняў у Ерэване, то трэба адзначыць, што для грамадзкіх пратэстаў вельмі часта дастаткова даволі нязначнай падзеі. Ніколі не зразумела, дзе будзе апошняя кропля незадаволенасьці, апошняя саломінка, якая пераломіць хрыбет вярблюда. Нагадаю, у Тунісе рэвалюцыя пачалася з таго, што студэнт, які ня мог знайсьці працу, зьдзейсьніў самаспаленьне. Вельмі часта менавіта сацыяльны пратэст становіцца апошнім каталізатарам у патрабаваньні палітычных зьменаў».

Праваабаронца адзначыў, што, нягледзячы на менш пільную ўвагу з боку сусьветнай супольнасьці да стану правоў чалавека ў Армэніі, рэжым прэзыдэнта гэтай краіны гэтаксама залежыць ад Крамля, як і рэжым Аляксандра Лукашэнкі:

«Палітычны рэжым у Армэніі значна мякчэйшы, чым у Беларусі. І апазыцыя, і грамадзянская супольнасьць маюць значна больш магчымасьцяў для дзеяньня. У Армэніі не такі жорсткі рэпрэсіўны апарат. Але застаецца кантроль за выбарчым працэсам. Апошнія выбары, на якіх перамог Серж Саргсян, выклікаюць вялікія пытаньні. Міжнародныя экспэрты лічаць выбары сфальсыфікаванымі. У Армэніі бывалі выпадкі, калі пасьля выбараў прэзыдэнта адбываліся вялікія забурэньні і ўлады выкарыстоўвалі ня толькі сьлезацечны газ, некалькі чалавек загінулі. Гэта было пасьля таго, як апазыцыя вывела на вуліцы Ерэвана досыць вялікую колькасьць людзей, якія патрабавалі адмены вынікаў выбараў, бо лічылі іх сфальсыфікаванымі. Армэнія, у адрозьненьне ад Беларусі і Азэрбайджану, прыцягвае меншую міжнародную ўвагу што да парушэньняў правоў чалавека. Але гэтая краіна безумоўна знаходзіцца ў сфэры ўплыву Расеі. Можна сьцьвярджаць, што залежнасьць рэжымаў у Ерэване і ў Менску ад Крамля практычна аднолькавая».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG