Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фясенка: «Януковіч нават сэпаратыстам не патрэбны»


Зьвергнуты прэзыдэнт Віктар Януковіч прыбыў на прэс-канфэрэнцыю ў Растове-на-Доне, 28 лютага 2014 году
Зьвергнуты прэзыдэнт Віктар Януковіч прыбыў на прэс-канфэрэнцыю ў Растове-на-Доне, 28 лютага 2014 году

Былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч амаль праз паўтара года пасьля ўцёкаў з Кіева ў Расею даў інтэрвію карэспандэнту ВВС.

Украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка у інтэрвію Свабодзе зазначыў, што ня варта надаваць гэтаму інтэрвію нейкае палітычнае значэньне. Інтэрвію Януковіча — гэта інфармацыйная, а не палітычная падзея, лічыць спадар Фясенка:

Уладзімер Фясанка
Уладзімер Фясанка

«Януковіч — фэномэн палітычнай гісторыі Ўкраіны, а не палітычнай рэчаіснасьці. Ён не ўплывае цяпер на ўкраінскую палітыку. Ён нават сэпаратыстам на Данбасе не патрэбны. Таму шукаць нейкага прыхаванага палітычнага сэнсу ня варта. Ніякіх інструмэнтаў уплыву на сучасную ўкраінскую палітыку ён ня мае.

Гэта падзея, якая важная для Януковіча як для палітыка, нават адстаўнога. Ведаеце, публічнасьць — гэта як наркотык, хочацца, каб пра цябе згадвалі. Для палітыкаў і зорак шоў-бізнэсу гэта абавязкова неабходна. Для журналістаў Януковіч таксама цікавы пэрсанаж, тым больш што з падзеямі 2013–2014 гадоў зьвязана вельмі шмат таямніц. Вельмі шмат! І Януковіч большую частку гэтых таямніц і блізка не раскрыў. Напрыклад, таямніца ягоных раптоўных уцёкаў з Кіева пры канцы лютага. Чаго ён так раптоўна ўцёк? Падпісалі пагадненьне, дасягнулі нібыта кампрамісу, улада ў яго заставалася. І тут ён літаральна празь некалькі гадзін ганебна ўцякае з Украіны. Чаму? Вэрсіі розныя. Мы дагэтуль гэтага ня ведаем. А цікавіць гэта многіх людзей.

Потым забойствы на Майдане. Таксама таямніца. Тое, што сказаў Януковіч, — дапускаю, што, магчыма, ён і не даваў загад страляць у людзей. Ён баяўся, я ведаю з розных крыніц, у тым ліку і з расейскіх, што расейцы ціснулі на Януковіча, патрабавалі ад яго жорсткіх паводзінаў, разборак, патрабавалі разагнаць Майдан. Нават расейскія кансультанты дапамаглі ўкраінскай Службе бясьпекі распрацаваць плян ліквідацыі Майдану. Але Януковіч вагаўся, баяўся браць на сябе такую адказнасьць. Тут ён мог быць і шчыры, што не хацеў кровапраліцьця, я дапускаю гэта.

Але баюся, што ўсёй праўды ў блізкай пэрспэктыве мы не даведаемся. Таму што асноўныя фігуранты — у Расеі, да гэтага маюць дачыненьне расейскія спэцслужбы. І хто як сабе паводзіў, якія аддаваў загады, мы даведаемся, калі яны захочуць штосьці прыадкрыць альбо калі адкрыюцца расейскія архівы. То бок мы даведаемся празь вельмі шмат гадоў альбо наагул не даведаемся ніколі.

Вы што думалі — ён будзе каяцца? Так, здараюцца выпадкі, калі палітыкі каюцца за былыя злачынствы, але вельмі рэдка. Яшчэ дапускаю, што калісьці ён напіша мэмуары. Наш колішні прэм’ер Мікалай Азараў напісаў жа, скажам так, не мэмуары, а кніжку, у якой выклаў сваё бачаньне падзеяў, якія адбыліся. Не выключаю, што і Януковіч напіша мэмуары і будзе выстаўляць сябе «белым і пушыстым», безумоўна. Гэта псыхалёгія такая ў бальшыні людзей, асабліва ў палітыкаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG