Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША віталі эўрапейскія санкцыі супраць Расеі


ЗША - дэманстрацыя ў Нью-Ёрку з патрабаваньнем санкцыяў супраць Расеі і ваеннай дапамогі Ўкраіне, 19 ліпеня 2014 году, архіўнае фота

ЗША - дэманстрацыя ў Нью-Ёрку з патрабаваньнем санкцыяў супраць Расеі і ваеннай дапамогі Ўкраіне, 19 ліпеня 2014 году, архіўнае фота

Злучаныя Штаты Амэрыкі лічаць, што працяг Эўрапейскім зьвязам дзеяньня сэктаральных эканамічных санкцыяў супраць Расеі, накладзеных у адказ на яе дзеяньні ва Ўкраіне, сьведчыць пра адзінства сусьветнай супольнасьці ў супрацьстаяньні агрэсіі Масквы, заявіў прадстаўнік Белага дома Джош Эрнэст.

Гэты крок сьведчыць пра рашучасьць міжнароднай супольнасьці дабіцца таго, каб прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін прытрымліваўся элемэнтарных міжнародных нормаў, сказаў ён у панядзелак.

Сьпікер нагадаў, што пра неабходнасьць сумесных дзеяньняў па Расеі казаў у пачатку месяца прэзыдэнт ЗША Барак Абама падчас саміту «Групы сямі».

Раней у панядзелак, 22 чэрвеня, пра тое, што Злучаныя Штаты вітаюць працяг Эўразьвязам эканамічных санкцыяў супраць Расеі, накладзеных у адказ на расейскую агрэсію на ўсходзе Ўкраіны, заявіў прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Джон Кербі.

Ён нагадаў, што гэтак жа, як у ЭЗ, у ЗША і іншых краінах «Групы сямі» выразна заяўлялі, што наўпрост зьвязваюць гэтыя санкцыі з поўным выкананьнем Менскіх дамоўленасьцяў.

«Мы спадзяемся, што ўсе краіны асудзяць агрэсіўныя дзеяньні Расеі ва Ўкраіне і далучацца да міжнароднай супольнасьці ў накладаньні санкцыяў», — дадаў Кербі на брыфінгу.

Раней у панядзелак, 22 чэрвеня, Эўрапейская Рада ў складзе міністраў замежных спраў краінаў-сябраў афіцыйна зацьвердзіла працяг сэктаральных эканамічных санкцыяў супраць Расеі — ў адказ на яе дэстабілізацыйную ролю на ўсходзе Ўкраіны — да 31 студзеня 2016 году. Гаворка ідзе пра санкцыі, якія тычацца, у прыватнасьці, фінансавага, энэргетычнага і абароннага сэктараў эканомікі Расеі, а таксама тавараў падвойнага прызначэньня.

XS
SM
MD
LG