Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Януковіч заявіў, што быў супраць расстрэлаў на Майдане і што дагэтуль баіцца за сваё жыцьцё


Віктар Януковіч
Віктар Януковіч

Экс-прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч прызнаў у інтэрвію тэлекампаніі ВВС, што ён часткова нясе адказнасьць за забойствы падчас падаўленьня пратэстаў у Кіеве ў лютым 2014 году.

У сваім першым інтэрвію заходнім СМІ з пачатку канфлікту на ўсходзе Ўкраіны Віктар Януковіч сказаў карэспандэнту ВВС Гэбрыэлу Гейтхаусу, што ніколі не аддаваў загад адкрываць агонь па ўдзельніках акцыяў пратэсту, але прыклаў недастаткова намаганьняў для таго, каб спыніць кровапраліцьце:

«Я быў праціўнікам, катэгарычным праціўнікам кровапраліцьця. Я лічыў, што ніякая ўлада ня вартая кроплі крыві людзей. Таму я быў супраць таго, каб пралілася кроў ва Ўкраіне. І я зрабіў усё, каб ва Ўкраіне не было вайны», — сказаў ён .

Пры гэтым ён усклаў адказнасьць за кровапраліцьце на «радыкальныя элемэнты» прыхільнікаў Майдану:

«Сёньня, калі прайшло столькі часу — ужо паўтара гады — сёньня ўкраінцы зразумелі, што ў гэтых расстрэлах не зацікаўленая была ўлада і прэзыдэнт, а зацікаўленыя былі тыя ... радыкалы, тыя, я б сказаў, злачынцы, якія вырашылі такім шляхам захапіць уладу».

«Загад не аддаваў»

Паводле Віктара Януковіча, дзейная ўкраінская ўлада не расьсьледуе падзеі на Майдане.

«Я зьвярнуўся цяпер у Генэральную пракуратуру з просьбай, каб гэтыя матэрыялы расьсьледаваньня публічна маглі дэманстраваць грамадзтву, паколькі грамадзтва ня ведае, што расьсьледаваньне фактычна ніякае не вядуць. Прайшло паўтара гады. Наадварот, зьнішчаюць усе сьляды тых злачынстваў, учыненых на Майдане», — заявіў былы прэзыдэнт Украіны. Аднак, мяркуючы па рэестры Генэральнай пракуратуры, крымінальныя справы па забойстве міліцыянтаў падчас пратэстаў вядуць.

Адказваючы на пытаньне, ці гатовы ён вярнуцца ва Ўкраіну, каб несьці адказнасьць за тое, што адбывалася на Майдане, Януковіч сказаў, што не аддаваў загаду страляць па мітынгоўцах:

«Я ніякіх загадаў не даваў. Гэта не мае паўнамоцтвы, па-першае. Па-другое, я публічна казаў, што я супраць ужываньня сілы, тым больш — страляніны. Я супраць кровапраліцьця, я пра гэта ўвесь час казаў. Але. Работнікі праваахоўных органаў выконвалі свае абавязкі ў адпаведнасьці зь дзейнымі законамі, таму яны мелі права на ўжываньне зброі ў тых выпадках, калі гэта прадугледжана законам», — сказаў Віктар Януковіч.

«І ў якіх выпадках яны яго ўжывалі, а ў якіх не ўжывалі — у мяне гэтых фактаў няма», — дадаў ён.

«Генацыд насельніцтва Данбасу»

Зрынуты прэзыдэнт назваў вайну на ўсходзе Ўкраіны жахам, які стаў рэальнасьцю. А анэксія Крыму Расеяй, па яго словах, — гэта трагедыя, якой не адбылося б, калі б ён быў прэзыдэнтам.

Ён лічыць пэрспэктыву вяртаньня Крыму Ўкраіне не занадта рэалістычнай:

«І людзі, галоўнае, крымскі народ, 90% насельніцтва прагаласавалі за выхад з Украіны. Я лічу, што гэта вельмі дрэнна. Але гэта вынік таго, што зрабіў Майдан. Гэта сьледзтва таго радыкальнага нацыяналістычнага руху, што напалохаў насельніцтва, якое традыцыйна было прарасейскім».

Віктар Януковіч таксама выказаўся адносна таго, што цяпер адбываецца на ўсходзе Ўкраіны: «Наогул, я лічу, што ўсё, што цяпер адбываецца на Данбасе, гэта генацыд. Генацыд насельніцтва Данбасу».

Пры гэтым ён выказаў упэўненасьць у тым, што Данбас, значную частку тэрыторыі якога кантралююць узброеныя прыхільнікі самаабвешчаных ДНР і ЛНР, павінен заставацца ў складзе Ўкраіны.

«Калі Кіеў хоча, каб Данбас застаўся ва Ўкраіне, — а я за гэта, я за тое, каб Данбас застаўся ва Ўкраіне, — то трэба садзіцца за стол перамоваў, зрабіць усё, што заўгодна, дасягнуць кампрамісу, дамовіцца і пачаць выконваць Менскія пагадненьні. Заслуга Расеі — у тым, што адбыліся Менскія пагадненьні», — сказаў спадар Януковіч.

«Пагроза майму жыцьцю актуальная»

Віктар Януковіч таксама заявіў, што не прысвойваў дзяржаўных грошай і не хаваў становішча на рахунках у замежных банках.

Яго шыкоўны маёнтак у прыгарадзе Кіева, які адкрылі для наведвальнікаў пасьля яго ўцёкаў у Расею, па словах былога кіраўніка дзяржавы, яму асабіста не належыць. Плацяжы на мільёны даляраў, выдаткаваных на ўладкаваньне комплексу, ён называе «палітычнымі тэхналёгіямі».

«Ёсьць дом на тэрыторыі гэтай рэзыдэнцыі, 630 квадратных мэтраў, які належыць Януковічу, які я купіў за ўласныя грошы, якія задэкляраваў, я купіў, афіцыйна заплаціў у бюджэт», — сказаў спадар Януковіч.

«Усё астатняе, што было на гэтай тэрыторыі, яно не належыць мне асабіста і ніколі не належала», — дадаў ён.

Віктар Януковіч таксама запэўнівае, што разьмешчаны на тэрыторыі рэзыдэнцыі заапарк, у тым ліку са страўсамі, яму не належаў, ён толькі «падтрымліваў гэтых страусаў», якія «проста жылі там».

«Гэты заапарк, ён разьмешчаны наогул у баку. Я калі там бываў, я бываў там два разы на год, умоўна кажучы, калі ў мяне быў час. У мяне асабліва часу не было там бываць. Я працаваў. Хоць я люблю жывёл, і калі ў мяне быў час і была магчымасьць, я туды хадзіў».

Былы прэзыдэнт адзначыў, што цяпер большую частку часу праводзіць у Растове, але вымушаны перасоўвацца па Расеі, яго ўвесь час суправаджае ахова:

«Па-ранейшаму небясьпека або пагроза майму жыцьцю зьяўляецца актуальнай, таму меры бясьпекі прымаюцца разнастайныя, і я вымушаны жыць у такіх умовах».

Поўны тэкст інтэрвію Януковіча можна пачытаць тут.

Віктара Януковіча адхілілі ад улады ў лютым мінулага году на фоне шматмесячнага супрацьстаяньня з апазыцыяй, якое скончылася гібельлю больш за сотні чалавек, пасьля таго былы кіраўнік дзяржавы зьбег у Расею. Януковіча і яго атачэньне шукае Інтэрпол.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG