Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь трапіла ў вір супрацьстаяньня Расеі і Захаду і ваенных праблемаў, зьвязаных з гэтым супрацьстаяньнем — адзначае ў сваім аналітычным дакладзе амэрыканскі дасьледны цэнтар Stratfor.

Беларусь спрабуе выступаць пасярэднікам, дае пляцоўку для перамоваў па ўкраінскім пытаньні, павольна збліжаецца з Эўразьвязам у эканамічнай плашчыні. Тым ня менш, Беларусь зьяўляецца стратэгічным саюзьнікам Расеі, і Менск, хутчэй за ўсё, будзе умацоўваць свае вайсковыя і палітычныя сувязі з Масквой, тым часам як эканоміка краіны слабее, а прэзыдэнцкія выбары набліжаюцца. Гэтыя шчыльныя сувязі — якія могуць уключаць у сябе адкрыцьцё новай расейскай авіябазы ў Беларусі — могуць быць козырам Масквы ў канкурэнцыі з Захадам.

Больш чым праз паўтара года пасьля пачатку крызісу ва Ўкраіне, супрацьстаяньне паміж Расеяй і Захадам не паказвае ніякіх прыкметаў аслабленьня. Канцэнтрацыя зброі і частыя вайсковыя вучэньні сталі звыклай практыкай для НАТО і Расеі на чале Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы.

Беларусь зразумела стала ключавым гульцом. Калі ўкраінская рэвалюцыя зрынула прэзыдэнта Віктара Януковіча ў лютым 2014 году, Беларусь была ізаляваная ад Захаду. Гэта выўялялася ў санкцыях, якія ЭЗ і ЗША ўвялі адносна Беларусі за аўтарытарныя паводзіны яе лідэра, у прыватнасьці, за рэпрэсіі ў адказ на пратэсты.

Тым ня менш, Лукашэнка граматна зрабіў Беларусь пасярэднікам у перамовах паміж Расеяй і Захадам з нагоды канфлікту ва Ўкраіне. Менск стаў асноўным месцам для перамоваў і пагадненьняў аб спыненьні агню, якія прынесьлі адчувальныя, хоць і няпоўныя, вынікі. Паступаючы такім чынам, Лукашэнка прадухіліў заходнія спробы распаліць рэвалюцыю ў стылі Эўрамайдану ў Беларусі і стварыў умовы для атрыманьня эканамічных бонусаў ад Эўропы для беларускай эканомікі, якая моцна цярпіць у выніку расейскага эканамічнага крызісу.

Але, нягледзячы на гэтыя жэсты, Беларусь вяла асьцярожную палітыку і захавала шчыльныя адносіны з Расеяй. Беларусь зьяўляецца чальцом АДКБ і Эўразійскага эканамічнага саюзу. Менск таксама карыстаецца расейскай фінансавай падтрымкай і прэфэрэнцыямі ў пастаўках энэрганосьбітаў. Беларусь і Расея маюць супольную сыстэму СПА, Менск падтрымлівае такія ініцыятывы ў сфэры бясьпекі, як стварэньне Калектыўных сілаў хуткага рэагаваньня АДКБ,

Нарошчваньне вайсковай моцы, якое адбываецца ў краінах НАТО, такіх як Польшча і краіны Балтыі, а таксама вайсковыя вучэньні з удзелам ЗША і НАТО, якія адбываюцца ва Ўкраіне, турбуюць Менск. Прэсавая служба Лукашэнкі паведаміла, што НАТО «павялічыла свае вучэньні больш чым у 1,5 раза ў параўнаньні зь мінулым годам, гаворка ідзе ў тым ліку і пра буйнамаштабныя вучэньні паблізу мяжы Беларусі». У сваю чаргу, Беларусь правяла сэрыю вучэньняў паблізу сваёй мяжы з Украінай. Кіраўнік мытнага камітэту Беларусі заявіў, што мытны кантроль будзе ўзмоцнены на ўкраінскай мяжы, каб прадухіліць кантрабанду зброі з Украіны ў Беларусь.

Такім чынам, Беларусь яшчэ больш умацавала свае адносіны з Расеяй. Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў, што Расея паставіць Беларусі 4 ракетныя комплексы S-300 да канца году і што ідуць перамовы аб пастаўцы комплексаў S-400. Раўкоў таксама сказаў, што адкрыцьцё расейскай авіябазы ў Беларусі «разглядаецца ў палітычным вымярэнні». Авіябаза, якая будзе знаходзіцца ў Бабруйску, стане значным актывам Масквы ў яе імкненьні да дамінаваньня ў былой савецкай пэрыфэрыі.

Тым ня менш, база яшчэ не зьявілася з-за перасьцярогаў Лукашэнкі, што зьяўленьне дадатковых расейскіх вайскоўцаў на беларускай тэрыторыі зробіць краіну больш верагоднай мішэньню для НАТО. Беларускі лідэр настойвае на разгортваньні самалётаў без расейскіх пілётаў, альбо, прынамсі, на парытэце прысутнасьці, як гэта зафіксавана ў прававых рамках адзінай рэгіянальнай групоўкі войскаў і адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны.

Але некаторыя фактары могуць зьмяніць пазыцыю Лукашэнкі ў гэтым пытаньні. Па-першае, гэта большая вайсковая прысутнасьць НАТО ля межаў Беларусі і рост пагрозы, якую яна ўяўляе для Беларусі. Па-другое, дрэнная эканамічная сытуацыя ў Беларусі, у якой Расея больш здольная і гатовая дапамагаць, чым Эўразьвяз. Нарэшце, ёсьць беларускія прэзыдэнцкія выбары, на якіх Лукашэнка зьбіраецца выйграць пяты тэрмін запар.

Расейская авіябаза будзе важным інструмэнтам гандлю для Лукашэнкі, які мог бы даць прэзыдэнту значную эканамічную падтрымку з боку Масквы. Прагрэс на перамовах можа адбыцца ў бліжэйшыя месяцы. Гэта стане важным фактарам узмацненьня ваеннай канкурэнцыі паміж Расеяй і Захадам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG