Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Пэнтагону: мы ня хочам, каб Расея была нашым ворагам


Эштан Картэр

Эштан Картэр

Расеі не атрымаецца «ўцягнуць у мінулае» Злучаныя Штаты і іх саюзьнікаў, заявіў міністар абароны ЗША Эштан Картэр, выступаючы ў Бэрліне. Яго словы прыводзіць Бі-Бі-Сі. Картэр абвінаваціў Маскву ў спробах аднавіць сваю сфэру зьнешнепалітычнага ўплыву часоў СССР.

Амэрыканскі міністар сказаў, што саюзьнікі па НАТО гатовыя палепшыць адносіны з Масквой, калі Крэмль таго пажадае.

«Мы не імкнёмся да халоднай, ня кажучы ўжо пра гарачую, вайны з Расеяй. Мы ня хочам, каб Расея была нашым ворагам. Але нават не сумнявайцеся: мы гатовыя абараніць нашых саюзьнікаў і міжнародны парадак, які абапіраецца на законы», — сказаў кіраўнік Пэнтагону.

Падобную думку выказаў у панядзелак і генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг.

Падчас эўрапейскага турнэ, якое будзе доўжыцца 22-26 чэрвеня, Эштан Картэр наведае Нямеччыну, Эстонію і Бэльгію, каб абмеркаваць, у прыватнасьці, выклікі з боку Расеі, паведаміла прэсавая служба міністэрства абароны ЗША.

Раней Эштан Картэр сказаў, што Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі па НАТО чакаюць, што напружанасьць у адносінах з Расеяй працягнецца доўга.

Паводле кіраўніка Пэнтагону, палітычны курс Расеі можа не зьмяніцца пры прэзыдэнце Ўладзіміры Пуціне і нават пасьля яго, таму НАТО варта прытрымлівацца жорсткага, але збалянсаванага падыходу ў дачыненьні да Расеі.

Адказваючы на пытаньне, ці можа Пуцін зьмяніць сваю палітыку, Картэр сказаў, што ён спадзяецца на гэта, але ня можа быць у гэтым упэўнены.

Анэксія Крыму і ўдзел Расеі ў канфлікце на ўсходзе Ўкраіны, які Масква катэгарычна адмаўляе, вымусілі НАТО правесьці сэрыю вучэньняў у Эўропе і стварыць сілы хуткага рэагаваньня Паўночнаатлянтычнага альянсу.

«Ня ворагі і не партнэры»

Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг заявіў сёньня, што Паўночнаатлянтычны альянс павінен стаць мацнейшым з увагі на пагрозы, якія сыходзяць ад «Ісламскай дзяржавы» і Расеі.

«На нашай міністэрскай сустрэчы мы прымем новыя захады для таго, каб яшчэ больш апэратыўна і эфэктыўна рэагаваць на гэтыя выклікі. Перш за ўсё, мы прымем рашэньні па далейшым ўзмацненьні і пашырэньні магчымасьцяў сілаў хуткага рэагаваньня НАТО», — заявіў ён, выступаючы ў Брусэлі перад міністрамі абароны краінаў-чальцоў альянсу.

Ён паведаміў, што колькасьць сілаў хуткага рэагаваньня альянсу будзе павялічаная да 30-40 тысяч чалавек, гэта значыць, больш чым удвая.

Генэральны сакратар НАТО пацьвердзіў прыхільнасьць тэрытарыяльнай цэласьці і незалежнасьці Ўкраіны.

«Менскае пагадненьне — гэта вельмі крохкае замірэньне, але я ня бачу альтэрнатывы падтрымцы поўнага выкананьня ўмоваў гэтага пагадненьня», — сказаў Столтэнбэрг.

«Мы не знаходзімся ў стане халоднай вайны, але мы не зьяўляемся і стратэгічнымі партнэрамі з Расеяй. Таму мы знаходзімся ў прамежкавым стане паміж гістарычным досьведам халоднай вайны і тым, да чаго мы імкнёмся — стратэгічным партнэрствам з Расеяй пасьля завяршэньня халоднай вайны», — сказаў генэральны сакратар НАТО.

XS
SM
MD
LG