Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КНР далучыла да сябе частку Манголіі, матываваўшы гэта рэвалюцыйнымі падзеямі ў гэтай краіне і тым, што землі, якія вярнуліся «Кітаю-бацьку», здаўна належалі Паднябеснай і былі адабраныя ад яе ў выніку абуральнай гістарычнай несправядлівасьці.

Сытуацыя, вядома, вельмі гіпатэтычная і нават фантастычная. Аднак што ў гэтай гіпатэтычнай і фантастычнай сытуацыі зрабіла б Расея? Зразумела, узмацніла б сваю ваенную групоўку на мяжы з магутным суседам, якому ўздумалася пераглядаць межы. Пры гэтым Маскву ніяк не супакойвалі б запэўніваньні Пэкіну, што ні на што большае, чым кавалак Манголіі, ён не прэтэндуе. Сёньня не прэтэндуе, а заўтра хто ведае — на расейскім Далёкім Усходзе кітайцаў жыве нямала, яны ў любы момант могуць адчуць сябе прыгнечанымі, мяжа паміж Расеяй і Кітаем была праведзена ў ХІХ стагодзьдзі ў неспрыяльных для Кітая гістарычных абставінах. Словам, калі суседу захацелася аднаўляць «гістарычную справядлівасьць», порах лепш трымаць сухім, мець яго пабольш і дэманстраваць гэта ваяўнічаму суседу.

Аналіз абстрактнай сытуацыі дазваляе лепш зразумець матывы дзеяньні аднаго з бакоў у сытуацыі, на жаль, зусім рэальнай. Пасьля далучэньня да Расеі Крыму, падчас гібрыднай вайны на ўсходзе Украіны Захад проста ня можа дазволіць сабе ў пытаньнях ўласнай бясьпекі спадзявацца толькі на добрую волю Масквы.

Варта згадаць і маштабныя вучэньні ў Расеі, якія пачасьціліся за апошні год, і рэзкае павелічэньне колькасьці інцыдэнтаў, калі ваенныя самалёты і караблі РФ аказваліся ў небясьпечнай блізкасьці ад межаў краін НАТО і іх самалётаў і караблёў. Пры гэтым прэзыдэнт Пуцін яшчэ ў мінулым годзе растлумачыў, што адбываецца гэта зусім не выпадкова.

Летась жа на саміце НАТО ў Уэльсе было прынятае рашэньне аб разьмяшчэньні дадатковых войскаў і ўзбраеньняў на ўсходняй мяжы альянсу. Тое, што адбываецца цяпер у Польшчы і краінах Балтыі — гэта проста рэалізацыя гэтай вельмі натуральнай рэакцыі на дзеяньні Расеі.

Праблема палягае яшчэ і ў тым, што НАТО, у адрозьненьні ад Расеі, не зьяўляецца адзінай дзяржавай. Апірышча Паўночнаатлянтычнага альянсу — 5-ы артыкул яго статуту, паводле якога напад на любую з краінаў-саюзьніц разглядаецца астатнімі, як напад на кожную з іх. Гучыць пераканаўча, але і гарантыі Беларусі і Украіне, дадзеныя ў 1994 годзе ядзернымі дзяржавамі, у тым ліку і краінамі НАТО ЗША, Вялікабрытаніяй і Францыяй, таксама ўяўляліся важкімі. Да 2014 году.

Пытаньне, ці будуць ЗША ваяваць за любую краіну НАТО, як за ўласную тэрыторыю, шырока дэбатавалася яшчэ ў часы «халоднай вайны». І хоць СССР ні разу не паспрабаваў гэта праверыць, у эўрапейскіх саюзьнікаў Амэрыкі былі пэўныя сумневы ў рашучасьці канчатковага гаранта іх бясьпекі. Ёсьць яны і цяпер. І разьмяшчэньне вайскоўцаў ЗША і краінаў Заходняй Эўропы ў краінах Балтыі і ў Польшчы — не ня столькі ваенны, колькі палітыка-псыхалягічны фактар: напад на гэтыя краіны будзе азначаць гібель амэрыканскіх, нямецкіх, брытанскіх салдатаў, якія знаходзяцца там. Што павялічыць гатоўнасьць Вашынгтона, Бэрліну і Лёндану ваяваць за Эстонію або Польшчу (магчыма, і з ужываньнем ядзернай зброі) так, як ваявалі б у выпадку прамога нападу на ЗША, Нямеччыну ці Вялікабрытанію.

Але тут ужо узьнікае праблема інтэрпрэтацыі бакамі дзеяньняў іншага боку, праблема, знаёмая чалавецтву і па «халоднай вайне», і па Першай сусьветнай, і наогул спрадвеку. Нядаўна прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў у інтэрвію італьянскай газэце Corriere della Sera, што «толькі хворы чалавек, і тое ў сьне, можа сабе ўявіць, што Расея раптам нападзе на НАТА». Ну, да лютага 2014 году меркаваньне, што Расея можа забраць Крым, таксама не выглядала прыкметай душэўнага здароўя.

Пры гэтым незразумела, ці лічыць Расейскі прэзыдэнт гэтак жа неверагодным напад НАТО на Расею.

Калі ня лічыць, то натуральны ход НАТО можа выклікаць далейшую эскаляцыю напружанасьці: Расея, палічыўшы ўзмацненьне групоўкі альянсу на ўсходзе Эўропы пагрозай, можа даць нейкі ваенны адказ, які, у сваю чаргу, выкліча адказ на адказ... Наколькі далёка можа раскручвацца гэтая сьпіраль і наколькі небясьпечнай можа быць гэтая раскрутка — невядома. У гады халоднай вайны сьвет дзесяцігодзьдзямі жыў у такім напружаньні, але пагрозьлівыя жэсты так і не ператварыліся ў дзеяньні. Магчыма, таму, што ўсе памяталі, што ў праціўніка ёсьць ядзерная зброя, і калі дойдзе да вялікай вайны, то яна можа перарасьці ва ўсясьветны ядзерны Армагедон. Напэўна, калі б не наяўнасьць гэтай зброі, то другая пасьля 1853 году крымская вайна Захаду і Расеі пачалася б яшчэ летась.

Аднак ёсьць і іншы вопыт. У 1914 годзе варагуючыя блёкі ў Эўропе таксама рабілі пагрозьлівыя жэсты, якія мелі на мэце запалохаць адваротны бок. У выніку ніхто нікога не напалохаў, а менавіта гэтыя жэсты і спарадзілі вайну, якой, па вялікім рахунку, ніхто не хацеў. Прынамсі, такой вайны ўжо пэўна не хацеў ніхто.

Пуцін не называў канцэнтрацыю дадатковых войскаў НАТО на ўсходзе Эўропы пагрозай, аднак заявіў пра тое, што Расея вырабіла 40 новых стратэгічных міжкантынэнтальных ракетаў. З улікам таго, што стратэгічных патэнцыял РФ складае 1780 боегаловак, а амэрыканскі — 1900, прыбаўленьне быццам бы невялікае, і балянс сілаў яно па сутнасьці не мяняе. Але раней бакі колькасьць ракетаў скарачалі.

На дзеяньні і пляны НАТО зьявілася куды больш жорсткая рэакцыя каардынатара ўпраўленьня генэральных інспэктараў Мінабароны РФ генэрала арміі Юрыя Якубава. Паводле яго словаў, «у першую чаргу, будзе ўзмоцненая групоўка войскаў па ўсім пэрымэтры заходняй мяжы Расеі, уключаючы новыя фармаваньні танкавых, артылерыйскіх і авіяцыйных частак, ракетная брыгада ў Калінінградзкай вобласьці будзе паскоранымі тэмпамі пераўзбройвацца на новыя апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы „Іскандэр“, зазнае значныя зьмены расейская агульнавайсковая групоўка ў Беларусі».

Варта адзначыць, што генэрал Якубаў — адстаўнік, кіраўнік так званай «райскай групы» такіх жа адстаўнікоў ў высокіх званьнях. Гэта значыць, што ён — пэнсіянэр-кансультант міністэрства абароны РФ. Але ўсё ж і яго прыватнае меркаваньне досыць паказальнае і, мяркуючы па ўсім, адлюстроўвае настрой прынамсі часткі ваенна-палітычнай эліты Расеі.

У гэтым меркаваньні асабліва цікавая згадка пра «расейскую агульнавайсковую групоўку ў Беларусі». Вядома пра існаваньне рэгіянальнай беларуска-расейскай групоўкі войскаў, аднак у непагражальны пэрыяд у Беларусі гэтая групоўка прадстаўленая беларускімі ўзброенымі сіламі. Ці то адстаўны генэрал запамятаваў дэталі, ці то агучыў нейкія новыя, больш амбіцыйныя пляны расейскага ваеннага кіраўніцтва наконт разьмяшчэньня ў Беларусі не пары ваенных аб’ектаў і авіябазы, а значных агульнавайсковых кантынгентаў.

У гэтай сытуацыі Беларусь аказваецца прыфрантавой дзяржавай. Афіцыйны Менск ваеннай актыўнасьці НАТО каля сваіх межаў, зразумела, не рады. Аднак выказвае свае пачуцьці ў досыць памяркоўных фармулёўках. Міністар абароны Андрэй Раўкоў: «Беларусь бачыць дадатковыя рызыкі ў сувязі з засяроджваньнем сіл НАТО каля межаў краіны». Прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка: «Гэтая актыўнасьць ня можа нас не насьцярожваць».

«Насьцярожанасьць», «рызыкі» — гэта ўсё ж на тон ніжэй, чым слова «пагроза», якое гучыць з вуснаў па меншай меры расейскіх генэралаў.

Новая ваенна-палітычная сытуацыя ў Эўропе — гэта і небясьпека, і дадатковыя магчымасьці для беларускай улады.

Калі шмат войскаў стаяць адны насупраць іншых, калі адбываецца шмат інцыдэнтаў у паветры і на моры, усякае можа здарыцца. І ў гісторыі гэта «ўсякае» ня раз пракатвалася па тэрыторыі менавіта Беларусі. Да таго ж афіцыйны Менск ня вельмі зацікаўлены ў тым, каб у Беларусі былі дысьлякаваныя шматлікія расейскія вайсковыя злучэньні. Пра гэта сьведчыць, у прыватнасьці, доўгая эпапэя з разьмяшчэньнем у Беларусі расейскай ваеннай авіябазы, якая адбываецца ня так, як гэта бачылася расейскім генэралам і палітыкам.

Калі Расея ў парадку адказу Захаду вельмі захоча ператварыць Беларусь фактычна ў ваенную акругу РФ, то на беларускую ўладу можа быць аказаны сур’ёзны ціск, каб схіліць яе да такога варыянту. Наўрад ці інструмэнтам стануць «ветлівыя людзі», але і эканамічных рычагоў дастаткова, каб аказаць вельмі балючы ціск. Паводле вядомага анэкдоту, расейская ўлада ня толькі пугай дзейнічае, яна і пернікам можа ўрэзаць.

Але можа і ня ўрэзаць. А пачаставаць. Мяркуючы па ўсім, заходні кірунак — ня самы галоўны ў плянах расейскага адказу на «прошукі НАТО». Паўночны захад, паўднёвы захад — больш важныя і адчувальныя напрамкі.

Адсюль вынікае, што пернік, хутчэй за ўсё, будзе выкарыстоўвацца па прамым прызначэньні. Сьведчаньне таму — заява пасла Расеі Аляксандра Сурыкава аб падтрымцы Расеяй кандыдатуры Аляксандра Лукашэнкі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Такога не было ня толькі ў 2010 годзе, калі Расея камэнтавала сытуацыю ў Беларусі мовай «хросных бацькаў», але і на ўсіх папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах.

Зразумела, матыў абвастрэньня супрацьстаяньня Расеі з Захадам быў не адзіным, якія заахвоцілі пасла Сурыкава «датэрмінова прагаласаваць» за Лукашэнку, але ён, без сумневу, у гэтым рашэньні прысутнічаў.

Расея значна мацней, чым раней, зацікаўленая цяпер у пашырэньні сваёй ваеннай прысутнасьці ў Беларусі. Так што, хутчэй за ўсё, яна аддасьць перавагу таму, каб гэта проста купляць. І мірыцца з тым, што не атрымоўваецца купіць усё, што хацелася б.

Аднак пры гэтым і Захад у значна большай ступені, чым раней, зацікаўлены ў тым, каб расейскай ваеннай прысутнасьці ў Беларусі было паменш. І калі яна будзе меншай, чым чакаецца, афіцыйны Менск можа разьлічваць атрымаць дывідэнды і ад Захаду.

У згаданым інтэрвію Corriere della Sera Пуцін сказаў: «У некаторых краінах проста, мне здаецца, спэкулююць на страхах ў дачыненьні да Расеі. Некаторыя хочуць гуляць ролю такіх прыфрантавых краінаў, якім за гэта трэба нечым дадаткова дапамагаць: ці ў ваенным пляне, або ў эканамічным, фінансавым, ці якім заўгодна іншым».

Трактоўка прэзыдэнтам Расеі матываў ўсходнеэўрапейскіх чальцоў НАТО ўяўляецца досыць спрэчнай. Страхі гэтых краінаў перад Расеяй цалкам рэальныя, яны тлумачацца як няпростай, мякка кажучы, гісторыяй іх адносінаў з Расеяй, гэтак і дзеяньнямі Расеі ва Ўкраіне непадалёк ад іх межаў.

Але, магчыма, Пуцін досыць сапраўды апісаў у гэтай сэнтэнцыі магчымасьці, якія адкрывае сытуацыя перад Беларусьсю. Яна, праўда, не напрошвалася на ролю прыфрантавой дзяржавы і не разьдзімае страхі перад НАТО, бо з гэтай задачай выдатна спраўляюцца расейскія дзяржаўныя СМІ і расейскія палітыкі. Але спэкуляцыя па сутнасьці — гэта выкарыстаньне якіх-небудзь абставінаў, нечых цяжкасьцяў у сваіх інтарэсах. Вось у гэтым Беларусь можа і папрактыкавацца.

Перадрук з парталу TUT.BY

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG