Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ва Ўкраіне трывожна. Спадзеў на тое, каб не было горай», — праваслаўны сьвятар


Айцец Вячаслаў – сьвятар з Адэскай вобласьці
Айцец Вячаслаў – сьвятар з Адэскай вобласьці

Праваслаўныя сьвятар і вернік з Украіны распавялі Свабодзе пра тое, як бачаць і адчуваюць сытуацыю на радзіме. Абодва падпарадкоўваюцца Маскоўскаму патрыярхату, а жывуць па розныя бакі лініі фронту. У Магілёў яны прыехалі на фэстываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» і ўдзельнічаюць у выставе-кірмашы «Беларусь праваслаўная».

Айцец Вячаслаў — з Адэскай вобласьці. На выставе-кірмашы «Беларусь праваслаўная», калі аднаверцы зьвяртаюцца да яго па-ўкраінску, адказвае ім на той жа мове. Для беларуса сытуацыя, калі праваслаўны сьвятар гаворыць на нацыянальнай мове свайго народу, нязвыклая. Вось і на выставе ў павільёне выдавецтва Беларускага экзархату адшукалася толькі адна кніга на нацыянальнай мове беларусаў.

«Я думаю па-ўкраінску і гавару па-ўкраінску Я нарадзіўся ў той мясцовасьці, дзе ўкраінская мова — родная мова. Хоць гэта і Адэская вобласьць», — зазначае айцец Вячаслаў.

«У Адэскай вобласьці ёсьць сёлы і малдаўскія, і баўгарскія, і гагаускія. Богаслужэньні ў нас ува ўсіх храмах — на стараславянскай мове. А вось пропаведзі ва ўкраінскіх сёлах — па-ўкраінску. У асобных мясцовасьцях і богаслужэньні адбываюцца па-ўкраінску. Мітрапаліт Адэскі дабраслаўляе гэта, калі людзі патрабуюць», — удакладняе сьвятар.

«Ніхто нікога па мове не ўціскае. Тое, што часам кажуць у сродках масавай інфармацыі на гэты конт, крыху перабольшана. У нас не было такой ужо моцнай украінізацыі. Адэсу ніхто не змушаў пераходзіць на ўкраінскую мову. Гэты горад — шматнацыянальны і расейскамоўны».

На пытаньне, ці разумеюць прыхаджане стараславянскую мову, суразмоўца адказвае: «Тыя, хто ходзіць у храм стала, разумеюць».

Гаворачы пра сытуацыю ў Адэскай вобласьці, айцец Вячаслаў характарызуе яе як неспакойную. Ён адзначае: людзі спадзяюцца, каб горш не было:

«Трывожна. Усе перажываюць, што робіцца на ўсходзе Ўкраіны. Адтуль прывозяць салдат, якія там загінулі. Шмат каго прызываюць у войска. Усе моляцца, каб вайна спынілася. Адзін аднаму міру жадаюць. Людзей стала больш хадзіць у храм. Прыходзяць жонкі, маці салдат. Моляцца. Замаўляюць службы за сваіх родных, якія ў салдатах, якія ваююць».

Як кажа сьвятар, прызначэньне на пасаду кіраўніка Адэскай вобласьці Міхаіла Саакашвілі шмат каго зьдзівіла. Многія, на ягоную думку, спадзяюцца, што ён навядзе парадак. Тым ня менш суразмоўца асьцярожны ў сваіх прагнозах.

«Ніхто гэтага прызначэньня не чакаў, — кажа айцец Вячаслаў. — Саакашвілі хоча навесьці парадак, перамагчы карупцыю. Але паглядзім, як будзе складацца далей сытуацыя».

Пакуль гутарыў з айцом Вячаславам, нямала наведнікаў прыклаліся да выстаўленага абраза і прачыталі малітву за спакой ва Ўкраіне.

Беларусы прыкладаюцца да абраза, які выклаў айцец Вячаслаў, і просяць міру для Ўкраіны
Беларусы прыкладаюцца да абраза, які выклаў айцец Вячаслаў, і просяць міру для Ўкраіны

У іншым павільёне з выстаўленымі на продаж вырабамі Сьвята-Ўзьнясенскага мужчынскага манастыра, што на Луганшчыне, завіхаецца хлопец, які назваўся Ардальёнам. Ён брат настаяцеля. Пра тамтэйшую сытуацыю Ардальён пагадзіўся апавесьці зь неахвотаю. Зазначыў, што апошнім часам стала спакайней.

«Наша сяло непадалёк ад Луганску — за трыццаць кілямэтраў. Гэтая тэрыторыя кантралюецца апалчэньнем. Ня кіеўскай уладай. Часам у нас бывае і неспакойна. Тыя людзі, што засталіся — яны выжываюць. Складана дужа. Усё разбурана. Працы няма. Ня плацяць пэнсіі. Проста няма з чаго плаціць.

Многія людзі пазьяжджалі. Манастыр наш у сяле, дык людзей і так было няшмат. У асноўным да нас езьдзілі з Луганску. А цяпер такія паездкі сталі небясьпечнымі. Дык людзі не рызыкуюць ехаць», — апавёў пра ўмовы жыцьця на Луганшчыне Ардальён.

Па словах суразмоўцы, тыя вернікі, якія хадзілі ў храм да вайны, застаюцца адданыя яму і цяпер.

Павільён, дзе выкладзеныя вырабы Сьвята-Ўзьнясенскага мужчынскага манастыра з Луганшчыны
Павільён, дзе выкладзеныя вырабы Сьвята-Ўзьнясенскага мужчынскага манастыра з Луганшчыны

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG