Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераемнік Тальявіні будзе ў Менску ўжо заўтра


Марцін Сайдык

Марцін Сайдык

Аўстрыйскі дыплямат Марцін Сайдык абяцае працягнуць курс Гайдзі Тальявіні па ўрэгуляваньні канфлікту ў Данбасе.

Марцін Сайдык, якога разглядаюць як будучага пераемніка Гайдзі Тальявіні на пасадзе спэцпрадстаўніка старшыні АБСЭ ў Трохбаковай кантактнай групе па Данбасе, абяцае працягнуць яе курс па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны:

«Гайдзі Тальявіні — далікатная жанчына, якая пакінула пасьля сябе важкія сьляды. Я буду старацца прытрымлівацца яе прыкладу і працягваць яе курс, таму што мы павінны працаваць на карысьць людзей, якія сапраўды пакутуюць ад гэтага канфлікту», — заявіў Марцін Сайдык падчас свайго візыту ў Маскву, паведамляе Інтэрфакс.

Аўстрыйскі дыплямат адзначыў, што плянуе сустрэчу з намесьнікам кіраўніка МЗС Расеі Рыгорам Карасіным:

«Я пляную абмеркаваць маю будучую працу ў якасьці спэцпрадстаўніка старшыні АБСЭ ў кантактнай групе, і я спадзяюся, што гэта будзе добрая размова», — заявіў Сайдык.

Што да плянаў урэгуляваньня на ўсходзе Ўкраіны, Сайдык адзначыў:

«Пра гэта яшчэ рана казаць, пакуль я не прызначаны. Мяркую, што я буду прызначаны сёньня».

Мяркуецца, што на маючым адбыцца 23 чэрвеня ў Менску паседжаньні Трохбаковай кантактнай групы Марцін Сайдык возьме ўдзел як новы прадстаўнік АБСЭ. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар Леаніда Кучмы Дарка Аліфэр.

«Перад пасяджэньнем Трохбаковай кантактнай групы адбудуцца паседжаньні трох працоўных падгрупаў — па гуманітарных, палітычных і эканамічных пытаньнях», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Фонду Кучмы.

XS
SM
MD
LG