Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмэш: Думаю, Лукашэнка выпусьціць Статкевіча ў верасьні


Павал Дэмэш

Павал Дэмэш

Славацкі палітык Павал Дэмэш спадзяецца адзначыць шасьцідзесяцігодзьдзе разам са сваім сябрам і аднагодкам Мікалаем Статкевічам, калі той будзе ўжо на волі.

Былы міністар міжнародных адносін Славацкай Рэспублікі, сузаснавальнік сеткі незалежных офісаў і недзяржаўных арганізацыяў SAIA-SCTS, грамадзкі дзеяч, фатограф і палітычны аналітык Павал Дэмэш распавёў Свабодзе, чаму спадзяецца адзначыць 60-годзьдзе разам зь Міколам Статкевічам, а таксама патлумачыў свой пэсымізм наконт удзелу беларускіх апазыцыянэраў у выбарчай кампаніі 2015 году.

«Беларусь — гэта Лукашэнка, хакей і вайна»

— Заўсёды цікава даведацца, што ў іншых краінах ведаюць пра тваю радзіму. Беларусь часта асацыююць з асобай яе прэзыдэнта. У Славаччыне, мабыць, таксама. Што яшчэ ў вашай краіне ведаюць пра беларусаў?

Вам ёсьць чым ганарыцца, але вы абсалютна ня ўмееце піярыць сваю краіну.

— Першая асацыяцыя — гэта Лукашэнка, вы маеце рацыю. Другая — хакей, яна толькі падмацоўвае першую, таму што ваш прэзыдэнт — хакеіст. Трэцяя рэч — гэта Другая ўсясьветная вайна, у тым сэнсе, што на тэрыторыі Беларусі ёсьць пахаваньні славакаў. Паміж Славаччынай і Беларусьсю няма актыўнага турызму, мы ня хочам ехаць у вашу краіну, бо калі шараговы турыст пачынае шукаць інфармацыю пра Беларусь, ён пераконваецца, што гэта паліцэйская, ізаляваная ад усяго сьвету дзяржава, якая знаходзіцца пад санкцыямі. Зразумела, тыя, хто трапляе ў Беларусь, вельмі зьдзіўляюцца. Я трапіў у Беларусь упершыню ў 2000 годзе і быў шакаваны тым, што ў вас ёсьць Макдональдс (сьмяецца. — РС). Увогуле, вам ёсьць чым ганарыцца, але вы абсалютна ня ўмееце піярыць сваю краіну.

— Вы шмат разоў бывалі ў Беларусі і ведаеце шэраг нашых палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў. У прыватнасьці, вы добра знаёмы зь Міколам Статкевічам. Як вы лічыце, што дае яму сілы для змаганьня?

— Для мяне незразумела, як гэты чалавек у тых умовах, у якіх ён знаходзіцца апошнія пяць гадоў, здольны жыць і быць верным таму, у што ён верыць. Для звычайнага чалавека вельмі складана зразумець, якая ўнутраная сіла павінна быць, каб чалавек мог існаваць у такіх жахлівых умовах. Гэта такія агульныя словы, але — так, пра Міколу Статкевіча ў мяне ёсьць і даволі асабістыя ўспаміны. Напрыклад, калі сьпякотна, я ў рэстаране заўсёды замаўляю сумесь 1 траціны белага віна і 2 трацін вады. Гэты рэцэпт падказаў мне менавіта Мікола Статкевіч, калі я сустрэў яго ў Кіеве 10 год таму. Ён мне сказаў, што, будучы вайскоўцам, ён разам з таварышамі па службе тэставаў, якая вадкасьць самая лепшая для сьпякотных умоваў. І цяпер я заўсёды п’ю «Статкевіч-мікс». І перакананы, што гэта найлепшы напой у сьпёку.

— Калі спадзеяцеся пабачыць спадара Статкевіча наступным разам?

— Я вельмі схільны думаць, што Лукашэнка выпусьціць яго перад сваёй паездкай да папы Рымскага ў верасьні гэтага году альбо адразу пасьля яе. Мы зь Міколам аднагодкі. Вельмі спадзяюся, што мы адзначым наша 60-годзьдзе разам.

«Гісторыя Бяляцкага вартая галівудзкага блокбастэра»

— Хто яшчэ з сучасных беларусаў выклікае захапленьне ў эўрапейцаў?

Беларусь вельмі ўнікальная краіна за кошт вялікай колькасьці сучасных герояў, якія змагаюцца за правы чалавека.

— Насамрэч, Беларусь вельмі ўнікальная краіна за кошт вялікай колькасьці сучасных герояў, якія змагаюцца за правы чалавека. Я добра ведаю Алеся Бяляцкага. Па шчырасьці, яго гісторыя для мяне — гэта сюжэт галівудзкага фільма. Алесь змагаецца за чалавечыя правы, дапамагае іншым. Усё гэта адбываецца ў супрацы з Эўразьвязам, які падзяляе такія ж каштоўнасьці і таксама хоча дапамагаць Беларусі. Пасьля той жа Эўразьвяз выдае ўладам у Беларусі зьвесткі пра Алеся Бяляцкага, праваабаронца трапляе ў турму. Затым Эўразьвяз змагаецца за тое, каб яго адпусьцілі. Фантастыка! Алесь — таксама чалавек нязломны. Я перакананы, што большасьць людзей, прайшоўшы яго шлях, адмовіліся б ад праваабарончай дзейнасьці.

— У выніку міратворчых намаганьняў афіцыйнага Менску ў расейска-ўкраінскім канфлікце ці стаў Лукашэнка ўспрымацца як нэўтральны палітык? Або Эўропа разумее залежнасьць Беларусі ад Масквы?

— Лукашэнка — самы вялікі доўгажыхар у палітыцы ў нашай частцы сьвету. Ён выдатна разумее, што Беларусь знаходзіцца паміж дзьвюма геапалітычнымі рэальнасьцямі — Расеяй і Эўрапейскім Зьвязам. І з самага пачатку свайго прэзыдэнцтва ён балянсуе паміж гэтымі рэальнасьцямі для таго, каб максымізаваць свой посьпех і вынік для сябе. І цяпер, калі паўстаў крызіс паміж Расеяй і Эўрапейскім Зьвязам, гэта прыносіць пэўныя хваляваньні і для Беларусі таксама. Таму ён спрабуе паказаць, што Беларусь — незалежная краіна, ён хоча ўзмацніць незалежнасьць краіны. Таму гэтыя міратворчыя высілкі — гэта лягічны працяг балянсаваньня Аляксандра Лукашэнкі ў новых умовах. Што новага ў гэтых умовах — гэта тое, што Лукашэнка змог адкрыць некалькі заблякаваных раней для яго каналаў, у выніку чаго Менск стаў горадам падпісаньня мірных пагадненьняў. І парадокс: ізаляваны палітык Лукашэнка прымае ў сябе міратворчую ініцыятыву. Гэта адзнака часу і адзнака постсавецкай прасторы, якую Аляксандар Лукашэнка вельмі добра разумее.

«Выбары ў Беларусі — гэта заўсёды драма»

— Што вы думаеце пра прэзыдэнцкія выбары, якія адбудуцца гэтай восеньню? У якой атмасфэры яны пройдуць?

Любы сусьветны палітык, які паспрабаваў бы супернічаць з Лукашэнкам ва ўмовах сучаснай Беларусі, прайграе.

— Я так разумею, што Лукашэнка ўжо абвясьціў пра свой удзел у выбарах. Для вас выбары будуць выключна фармальнасьцю, бо тая палітычная сыстэма, якую прэзыдэнт Беларусі выбудаваў, папросту не дазваляе празрыстых і справядлівых выбараў. Таму выбары ня будуць спаборніцтвам, як гэта павінна быць. З гэтага вынікае, што быць пасьпяховым апазыцыйным палітыкам у Беларусі цяпер немагчыма. Таму абвінавачваць апазыцыйных палітыкаў у тым, што яны нічога ня робяць, проста несправядліва. Любы сусьветны палітык, які паспрабаваў бы супернічаць з Лукашэнкам ва ўмовах сучаснай Беларусі, прайграе.

— Ці мэтазгодны ўдзел у выбарах вялікай колькасьць прадстаўнікоў апазыцыі?

— Мне здаецца, што любая форма выбараў, байкот ці актыўны ўдзел, для беларускіх апазыцыянэраў — гэта шэксьпіраўская драма. Пэрсанальна я ўпэўнены, што ўдзельнічаць няма сэнсу, таму што такім чынам адбываецца легітымізацыя сыстэмы. Я ня бачу ніводнай прычыны ўдзельнічаць у выбарах. Магчыма, гэтая прычына, якой беларускія апазыцыянэры тлумачаць сваё жаданьне ўдзельнічаць, — магчымасьць быць заўважанымі, сустракацца зь людзьмі. Але з практычнага гледзішча — удзельнічаць у выбарах няма сэнсу. Бо перадвыбарчая атмасфэра ў Беларусі не дае прасторы для сапраўднага спаборніцтва — ніякага доступу да мэдыяў, да выбарнікаў.

— Ці пашле Славаччына назіральнікаў на выбары ў Беларусь?

Гэта будзе замацаваньне пазыцыі аднаго чалавека, а не спаборніцтва.

— Пакуль складана казаць, бо дата толькі што была абвешчана. Калі АБСЭ будзе назіраць за выбарамі, то вельмі імаверна, што будуць экспэрты і ад Славаччыны. Таксама ў нас ёсьць некалькі недзяржаўных арганізацыяў, якія заўсёды назіраюць за выбарамі ў постсавецкіх краінах. Але я ня думаю, што гэта будзе мець вялікі ўплыў — што мы можам назіраць? Гэта будзе замацаваньне пазыцыі аднаго чалавека, а не спаборніцтва.

Павал Дэмэш нарадзіўся ў Славаччыне ў 1956 годзе. Пачатковую і сярэднюю школу скончыў у родным горадзе Ўрабле (Vráble). Пазьней вучыўся на факультэце прыродазнаўчых навук у Браціславе. У 1980 годзе скончыў Карлаў унівэрсытэт у Празе. Тамсама пазьней атрымаў доктарскую ступень. У 1991–1992 гадах Павал Дэмэш быў міністрам міжнародных адносін Славацкай Рэспублікі.

У 1993-1996 гадах Дэмэш кіраваў аддзелам зьнешняй палітыкі ў апараце прэзыдэнта Славацкай Рэспублікі. Быў дарадцам прэзыдэнта Міхала Ковача.

XS
SM
MD
LG