Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зноў клічуць у Крым, зноў не паедзем. І не паедзем напэўна больш ніколі.

А прапанова спакусьлівая, больш за тое, настальгічная. Карацей, паехаць хацелася б, але толькі ў ідэале.

А вось знаёмая наведалася. Крым яе радзіма, мае там кватэру і езьдзіць даводзіцца, не зважаючы на складанасьці. Дабіралася праз Маскву, адкуль недарагі палёт да Сімфэропаля. Якія ўражаньні? Цэны на нерухомасьць крыху падрасьлі. Зь кім размаўляла, задаволеныя, што пэнсіі расейскія цяпер. Пра нэгатыў гаварыць жаданьня няма. Што вернецца Ўкраіна, ня вераць. Раней людзі стараліся гэкаць на ўкраінскі лад, цяпер зьмянілі акцэнт, спрабуюць акаць пад масквічоў. А мора засталося морам…

Раней мы езьдзілі з жонкай на штогадовую сустрэчу навукоўцаў у Гурзуфе, я ў ролі вольнага наведніка, больш часу бываў на моры. Калі ўсім было цяжка, у 1992-м маскоўскія вучоныя запачаткавалі з дапамогай украінцаў міждысцыплінарную канфэрэнцыю: даклады прымалі зь любой галіны навукі і нават каля яе. Усё праходзіла ў санаторыі кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Ўкраіны. Міліцыянты на ўваходзе сваёй цалкам белай летняй формай нагадвалі рэгуліроўшчыкаў у даваенных савецкіх фільмах.

Цэны на марачнае віно, каньяк, прадукты вельмі прыемна ўражвалі пасьля нашых, беларускіх. Масквічоў таксама. Мэта якраз была спалучаць навуку з адпачынкам. Абавязковыя былі сустрэчы пры канцы дня з садавіной, каньяком, праўда, зь віном без асаблівай пераборлівасьці ставілі пару трохлітровых кардонных скрынак з кранікам, але ахвотныя маглі падліваць колькі захочаш. Гэта была нефармальная частка, можна было выступіць на любую тэму: пра кіно, пра падарожжы. На наступны раз мне замовілі аповед пра каралеўскія часы Горадні. Але мы больш не паехалі, адкладаючы на потым.

Чаму адкладалі? Езьдзілі сваім коштам. А ўмовы заставаліся савецкімі. Туды-назад цягніком на дваіх чатырыста даляраў. Ня вельмі прывабная цана. А калі ведаць, што ў купэйным вагоне вэнтыляцыя можа працаваць, а можа й зламацца, то яшчэ падумаеш. І нават калі не зламаецца, яе могуць адключыць, каб сэканоміць на пасажырах. А што датычыць самалёта, «Белавія» чамусьці не лічыла Крым папулярным курортам. Вам прапаноўвалі квіток да Масквы і там чакаць ажно сем гадзінаў да наступнага рэйсу на Сімфэропаль. Атрымлівалася амаль як цягніком, але даражэй, здаецца, у два з паловай разы.

І нарэшце летась пасьля Новага году «Белавія» абвясьціла аб прамым рэйсе ў Крым. Мы задумаліся. Але Расея захапіла Крым, і «Белавія» рэйс скасавала, ніхто не хацеў ляцець. А неўзабаве з Масквы прыйшло традыцыйнае запрашэньне наконт Гурзуфу. Такія ж атрымалі ўкраінцы. Яны праігнаравалі, яны былі ў шоку: Расея пачала неабвешчаную вайну супраць Украіны. Толькі адзін прафэсар спакусіўся. Зьлётаў у той Гурзуф, і яго зьнялі з загадчыка катэдры. Уласна кажучы, за здраду. Праўда, з працы ня выгналі.

Не хачу выдумляць нейкую ідылію, але ў Гурзуфе было ўтульна, іначай туды не хацелася б аднойчы вярнуцца. Начальнікам «зялёных чалавечкаў» было на гэта начхаць.

Ня ведаю, ці будзе яшчэ некалі новае запрашэньне, але сёлета з Масквы яго зноў прысылалі, вельмі запрашаў кіраўнік канфэрэнцыі прафэсар з выразна булгакаўскім прозьвішчам Гларыёзаў, яму я абяцаў сюжэт пра Горадню каралеўскую.

У Гурзуфе я заўсёды размаўляў па-беларуску і нічога. Сёньня маглі б арыштаваць як украінскага шпіёна, на маскоўскі лад акаць — гэта не для мяне.

«Крым – гэта Ўкраіна». Здымак зроблены днямі ў Варшаве на рагу Сьвентакшыскай і Новага сьвету, дзе памяшканьне «Ўкраінскага сьвету»

«Крым – гэта Ўкраіна». Здымак зроблены днямі ў Варшаве на рагу Сьвентакшыскай і Новага сьвету, дзе памяшканьне «Ўкраінскага сьвету»

Надпіс на сьцяне «Крым – гэта Ўкраіна», спраўлены чорнай фарбай — «не Ўкраіна». Здымак зроблены гэтай вясною ў Вільні на вуліцы Бэрнардыну

Надпіс на сьцяне «Крым – гэта Ўкраіна», спраўлены чорнай фарбай — «не Ўкраіна». Здымак зроблены гэтай вясною ў Вільні на вуліцы Бэрнардыну

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG