Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэстываль «Магутны Божа» ў Магілёве пачаўся з выставы «Беларусь праваслаўная»


Адкрыцьцё выставы-кірамшу

Адкрыцьцё выставы-кірамшу

У Магілёве 20 чэрвеня пачаўся міжнародны фэстываль духоўнай музыкі «Магутны Божа». Сёлета ён праходзіць 21-шы раз. Яго ўдзельнікамі стануць 500 музыкаў з больш як 20 краінаў. Урачыстага адкрыцьця фэсту не было. Завершыцца ён 27 чэрвеня гала-канцэртам на гарадзкім стадыёне «Спартак». Асноўныя фэстывальныя мерапрыемствы пачнуцца з 23 чэрвеня.

Конкурсная праграма фэстывалю пройдзе ў касьцёле Ўнебаўзьцьця Найсьвяцейшай Паны Марыі і сьвятога Станіслава. У 1993 годзе, калі ўпершыню адбыўся фэст, гэты касьцёл быў яго асяродкам. З часам роля касьцёлу ў правядзеньні фэстывалю зьвялася да забесьпячэньня месца, дзе праводзяцца фэстывальны конкурс ці асобныя выступы ўдзельнікаў. Ролю арганізатараў перахапіла ўлада. У касьцёле кажуць, што ня маюць сродкаў, каб забясьпечыць правядзеньне фэстывалю. У першыя гады яго правядзеньня грошы вышукваліся ў прыватных фондах.

Цяпер арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, а таксама ўпраўленьне культуры Магілёўскага аблвыканкаму ды Магілёўскі гарвыканкам. У палажэньні фэстывалю пазначана, што спрыяюць яго правядзеньню Канфэрэнцыя Каталіцкіх біскупаў Беларусі і Патрыяршы Экзарх, Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павал.

У палажэньні ня згадваецца як раней, што на адкрыцьці і закрыцьці фэстывалю выконваецца музычны твор паэткі Натальлі Арсеньевай ды кампазытара Мікола Равенскага «Малітва». Першы радок з гэтага гімна і даў назву магілёўскаму фэстывалю. У ранейшай вэрсіі палажэньня гаварыла, што ўдзельнікі фэсту мусяць ведаць «Магутны божа» на мове арыгіналу.

Фэстываль распачаўся 20 чэрвеня з адкрыцьця аднаго з асноўных яго мерапрыемстваў — Міжнароднай духоўна-асьветніцкай выставы-кірмаша «Беларусь праваслаўная». Маштабны праект у межах фэстывалю праводзіцца ўпершыню.

Кірмашовы гарадок

Кірмашовы гарадок

Якое ж дачыненьне ён мае да фэсту духоўнай музыкі?

«Мы хочам паказаць усю культуру праваслаўя. Усю яе прыгажосьць, — адказвае адна з арганізатарак выставы. — Удзельнікі з Украіны, Малдовы, Расеі і Беларусі прадстаўляюць вядомыя і ня дужа вядомыя храмы, манастыры ды выдавецтвы. Ёсьць сярод удзельнікаў і майстры. На просьбу гарвыканкаму выставу праводзім у рамках фэстывалю „Магутны Божа“, каб тыя хто прыедзе на фэст пабачылі нашы праваслаўныя храмы. Нашы сьвятыні беларускія».

Для кірмашовага гарадку выдзелілі пляцоўку ў цэнтры гораду, акурат насупраць будынка гарвыканкаму. Тут ён будзе месьціцца да закрыцьця фэсту. У адмысловых павільёнах выстаўлена на продаж праваслаўная літаратура, абразы, прадметы царкоўнага ўжытку, а таксама сувэніры, прадукты пчалярства ды лекавыя зёлкі. Большасьць удзельнікаў, праваслаўных прыходаў, мае падпарадкаваньне маскоўскаму патрыярхату.

У самім гарадку

У самім гарадку

«Тут прадстаўленыя храмы Маскоўскага патрыярхату, бо іншай царквы быць ня можа. Украінская праваслаўная царква падначальваецца таксама патрыярху Маскоўскаму і ўсёй Русі. Яна ня можа быць падзеленай, то бок, царква мусіць быць адзінай», — зазначыў адзін са сьвятароў на выставе-кірмашы. — Наш спадзеў на тое, каб прасунуць нашу праваслаўную культуру ў кожным абласным і раённым горадзе, — даводзіў сябра аргкамітэту выставы-кірмашу «Беларусь праваслаўная» Аляксандар Савін на яе адкрыцьці. «Для гэтага, — казаў ён, — і створаны праект, зь якім мы езьдзім па ўсёй Беларусі больш за дзесяць гадоў».

Адкрыцьцё выставы-кірмаша выдалася нешматлюдным. Бальшыня наведнікаў не заўважылі ўрачыстасьці. Сьвятары адслужылі літургію. На яе сабралася невялікая грамада людзей. Прагучалі вітальныя выступы на расейскай мове. Намесьнік старшыні гарвыканкаму Андрэй Кунцэвіч у прыватнасьці зазначыў:

«Праваслаўе ў шэрагу зь іншымі традыцыйнымі канфэсіямі — неадлучная часткай духоўна-маральнага падмурку, на які абапіралася і абапіраецца наша грамадзтва і дзяржава. Асабліва цяпер у нашым няпростым, імкліва зьменлівым сьвеце, як ніколі раней актуальна прыхільнасьць да традыцыйных, агульнахрысьціянскіх каштоўнасьцяў, скіраваных на падтрыманьне міру, дабрыні, любові і справядлівасьці».

На выставе-кірмашы «Беларусь праваслаўная» ў павільёне выдавецтва Беларускага экзархату адшукалася толькі адна кніга на беларускай мове «Свяшчэннае Эвангелле» і зь дзясятак прапанавалі на расейскай мове пра гісторыю і культуру беларускага праваслаўя.

Адшуканая кніга на беларускай мове

Адшуканая кніга на беларускай мове

Па словах прадаўца, беларускамоўнай праваслаўнай літаратуры выдаецца дужа мала, бо яна не карыстаецца попытам.

Яшчэ адна кніга пра гісторыю і культуры беларускага праваслаўя на расейскай мове

Яшчэ адна кніга пра гісторыю і культуры беларускага праваслаўя на расейскай мове

Абвесткі пра фэстываль спрэс расейскамоўныя. Расьцяжка над адной з цэнтральных гарадзкіх магістраляў, праспэкце Міру, якой вітаюць удзельнікаў, таксама на расейскай мове. Панаваньне расейскай мовы ў рэкляме фэстывалю звыкла тлумачаць тым, што беларускую ня ўсе ўдзельнікі разумеюць.

Расьцяжкай з немудрагелістым тэкстам на расейскай мове вітаюць удзельнікаў фэсту

Расьцяжкай з немудрагелістым тэкстам на расейскай мове вітаюць удзельнікаў фэсту

У першы дзень фэстывалю асабліва не адчувалася, што ў Магілёве ён ужо пачаўся. На выставе-кірмашы «Беларусь праваслаўная», да прыкладу, толькі на некалькіх плякатах было пазначана, што яна праводзіцца ў межах фэсту духоўнай музыкі «Магутны Божа».

Бальшыня магілёўцаў, зь якімі ўдалося пагутарыць, прызнаваліся, што ўпершыню ад журналіста даведваліся пра пачатак фэстывалю. Нямногія маглі апавесьці пра гісторыю знакавага для гораду мерапрыемства. Яшчэ менш маглі прыгадаць чаму фэстываль названы «Магутны Божа». Некаторыя сьцьвярджалі, што наведвалі раней канцэрты фэсту альбо зьбіраюцца гэта зрабіць сёлета.

Як і ў апошнія гады, застаецца інтрыга фэстывалю, ці прагучыць на гала-канцэрце гімн «Магутны божа».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG