Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Акцыянэры ЮКАСу ганяцца за Расеяй будуць доўга»


Расея нэрвова рэагуе на арышт сваёй маёмасьці і актываў у Аўстрыі, Бэльгіі і Францыі ў рамках выкананьня пастановы Гааскага арбітражнага суду па справе ЮКАСу. У краіне нават чуюцца галасы, што гэта гібрыдная вайна Захаду супраць Расеі. Былы ўладальнік ЮКАСУ Міхаіл Хадаркоўскі, які ў 2004 годзе прадаў свае актывы іншым акцыянэрам, заявіў сёньня, што цяперашнія падзеі навучаць кіраўніцтва Расеі паважаць прыватную ўласнасьць.

Рэдактар парталу CIS Arbitration Forum, юрыст Яраслаў Крывой зь Вялікай Брытаніі ў інтэрвію парталу ІДЭЯ патлумачыў, што будзе з арыштаванай маёмасьцю і як доўга былыя акцыянэры «ЮКАСу» будуць ганяцца за Расіяй.

Адказваючы на пытаньне, ці прывядуць арышты маёмасьці да яе канфіскацыі, Яраслаў Крывой сказаў, што ня трэба перабольшваць посьпехі каманды юрыстаў «ЮКАСу» на гэтым этапе. Насамрэч, на яго думку, «мы хутка пабачым адкат, бо звычайна накладаецца арышт на маёмасьць, якая належыць дзяржаве, але потым, калі дзяржава абскарджвае гэта ў судах, то ў большасьці выпадкаў гэты арышт здымаецца. Па іншых справах, як у выпадку швэйцарскай фірмы Noga, Расея таксама была вінаватая вялікую суму, і тады, паводле Крывога, атрымалася арыштаваць у Францыі нават вайсковае абсталяваньне Расеі. Але пазьней суд вырашыў, што дзяржава мае імунітэт і нельга накладаць арышт на маёмасьць, якая выкарыстоўваецца краінай у дзяржаўных мэтах. Суды адрозьніваюць тую маёмасьць, якая выкарыстоўваецца ў дзяржаўных мэтах, і маёмасьць, якая выкарыстоўваецца дзеля камэрцыі».

Яраслаў Крывой прывёў і іншы выпадак зь Нямеччыны, дзе частка маёмасьці належала Расейскай Фэдэрацыі, але яна выкарыстоўвалася не амбасадай, а здавалася пад офісы. Нямецкі суд наклаў арышт на гэтую маёмасьць, якую прадалі, і прыбытак з прададзенай маёмасьці аддалі чалавеку, якому Расея была вінаватая грошы. Гэта, паводле Крывога, даволі рэдкі посьпех. Ён лічыць, што ў большасьці выпадкаў гэтыя арышты будуць зьнятыя, але ёсьць верагоднасьць, што частка гэтай маёмасьці будзе прызнаная неабароненай імунітэтам, таму яе можна будзе прадаць ды заплаціць былым акцыянэрам «Юкаса».

«Тэарэтычна былыя акцыянэры «ЮКАСу» маюць права ганяцца паўсюль за маёмасьцю Расеі, дзе б яна не знаходзілася ў сьвеце: хоць у Аргентыне, хоць у Японіі, хоць у Аўстрыі. Калі яны нешта знаходзяць, яны будуць накладаць спачатку арышт, а пасьля спрабаваць прадаць гэтую маёмасьць, каб атрымаць грошы».

Разважаючы на тэму, як гэта адаб’ецца на дачыненьнях паміж Расеяй і Захадам, Яраслаў Крывой зазначыў, што гэта не дадасьць пазытыву для інвэстыцыйнага клімату Расеі. Тым болей, што расейскія ўлады ўжо заявілі, што зьбіраюцца прымаць меры ў адказ. Рашэньне па справе «ЮКАСу» на $ 50 млрд. насамрэч беспрэцэдэнтнае: раней ніколі рашэньні на такія сумы не прымаліся. Таму праз такую вялізную суму ўсё, што будзе адбывацца ў гэтым працэсе, даволі незвычайнае і можа выклікаць досыць гарачыя камэнтары. З іншага боку, лічыць Крывой, тое, што інвэстары спрабуюць адабраць маёмасьць у дзяржавы за парушэньні сваіх правоў, — гэта ня тое, каб нешта нечуванае, гэта даволі часта здараецца.

XS
SM
MD
LG