Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, што заходнія краіны не павінны ўмешвацца ў справы Масквы і ніхто не павінен размаўляць з Расеяй на мове ўльтыматумаў.

«Нам увесь час кажуць, што Злучаныя Штаты лепш ведаюць, што нам трэба. Дайце нам самім вызначыць нашы ўласныя інтарэсы і нашы патрэбы,» — заявіў Пуцін падчас Санкт-Пецярбурскага эканамічнага форуму. «З намі не павінны гаварыць на мове ультыматумаў», — сказаў ён.

Па словах Пуціна, Расея доўгі час маўчала і прапаноўвала розныя элемэнты супрацоўніцтва. «Але паступова нас усё адціскалі і адціскалі, і ўжо падціснулі да такой рысы, за якую мы ня можам адступіць», — заявіў ён.

Расейскі лідэр таксама папярэдзіў, што Расея не прымае спробаў вырашыць украінскі канфлікт сілай.

Пуцін заявіў, што спадзяецца на дасягненьне Іранам і сусьветнымі дзяржавамі канчатковага пагадненьня па ядзернай праграме Тэгерану ў бліжэйшы час. Кіраўнік Расеі заклікаў не патрабаваць ад Ірану таго, што зьяўляецца абсалютна незьдзяйсьняльным для вырашэньня галоўнай праблемы — праблемы нераспаўсюджаньня.

Ён таксама сказаў, што падтрымка з боку Масквы рэжыму Башара аль-Асада абумоўлена асьцярогамі таго, што любое гвалтоўнае зьвяржэньне прэзыдэнта ўвядзе яго разбураную вайной краіну ў яшчэ большы беспарадак. Паводле Пуціна, існуюць засьцярогі, што Сырыя можа пагрузіцца ў такі ж стан, як Лібія ды Ірак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG