Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 20 чэрвеня: уручэньне прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава ў Бычках і фэст «Купальскае Кола 2015» у Дудутках


ФОТА ДНЯ: Дарога да вёскі Ператок. Любанскі р-н, Менская вобласьць. Сяргей Бяспалаў

ФОТА ДНЯ: Дарога да вёскі Ператок. Любанскі р-н, Менская вобласьць. Сяргей Бяспалаў

Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Новае фота кожны дзень, увесь год. Прысылайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 9 на 16. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Афіша

У вёсцы Бычкі Ўшацкага раёну Віцебскай вобласьці адбудзецца ўручэньне прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава. Пачатак а 15.00 (Ад’езд зь Менску на аўтобусе ад ўваходу ў Батанічны сад, каля дома № 80 па пр-це Незалежнасьці аб 11.30)

У вёсцы Пціч Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці ў Музэйным комплексе «Дудуткі» адбудзецца open air фэст «Купальскае Кола 2015». Пачатак сьвята ў 10.00 у суботу, заканчэньне — у нядзелю, 21 чэрвеня. Кошт квіткоў: 180 тыс. рублёў — на адзін фэстывальны дзень, 250 тыс. рублёў — на два дні.

Патрыярх Кірыл

Патрыярх Кірыл

У Менск прыбывае патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, які будзе знаходзіцца ў Менску і Берасьці да 22 чэрвеня. 20 чэрвеня патрыярх ушануе памяць ахвяраў вайны на Плошчы Перамогі, а ўвечары адслужыць набажэнства ў Сьвята-Духавым катэдральным саборы і адкрые Духоўна-адукацыйны цэнтр Беларускага Экзархату РПЦ.

У Менску, у Цэнтральным батанічным садзе Нацыянальнай акадэміі навук каля Лебядзінага возера адбудзецца Трэці сырны фэстываль. Уваход платны.

У Менску, у Нацыянальным гістарычным музэі адкрываецца выстава гарадзенскай мастачкі Марыны Эльляшэвіч. Пачатак а 17.00.

У гісторыі:

1531 — Слонім атрымаў магдэбурскае права, гэта значыць, слонімцы самі сталі выбіраць гарадзкое кіраўніцтва.

1606 — у Магілёве пачалося мяшчанскае паўстаньне пад кіраўніцтвам Стахора Мітковіча.

1948 — адкрылася для наведнікаў філія Літаратурнага музэю Янкі Купалы ў Вязынцы.

У памяці:

1566 — нарадзіўся Жыгімонт Ваза, вялікі князь літоўскі і кароль польскі, кароль швэдзкі.

1740 — нарадзіўся Юзэф Сангушка, дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. На сойме 1767–1768 гадоў абвясьціў «Праект рэформы ўраду», які прадугледжваў прыняцьце адзінага кодэксу права для ўсёй Рэчы Паспалітай. Падпісаў акт Кардынальных правоў.

1843 — у маёнтку Новы Двор Рэчыцкага павету Менскай губэрні нарадзіўся Хведар Стравінскі, выпускнік Мазырскай гімназіі, опэрны сьпявак, бацька славутага кампазытара Ігара Стравінскага.

1908 — нарадзіўся Ўладзімер Галубовіч, беларускі і польскі археоляг.

1928 — нарадзіўся мастак Гаўрыла Вашчанка. Мноства ягоных твораў прысьвечана падзеям і пэрсанажам беларускае гісторыі і культуры, за што Гаўрыла Вашчанка ўганараваны званьнем народнага мастака Беларусі.

Валеры Раеўскі

Валеры Раеўскі

1939 — нарадзіўся Валеры Раеўскі, беларускі тэатральны рэжысэр, на працягу 35 гадоў быў галоўным рэжысэрам і мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Стварыў амаль паўсотню спэктакляў, сярод іх — «Радавыя», «Апошні журавель», «Парог» Аляксея Дударава; «Мудрамер» Мікалая Матукоўскага; «Трыбунал», «Пагарэльцы» Андрэя Макаёнка; «Брама неўміручасьці» Кандрата Крапівы; «Апошні шанец» Васіля Быкава.

Цытата:

«Радыёстанцыя «Вызваленьне» ёсьць голасам стойкіх і адважных. Яна зьяўляецца тэй прыладай, пры дапамозе якой мы будзем інфармаваць Вас аб запраўдным, свабодным жыцьці ў вольным сьвеце, аб тэй бязьмежнай сымпатыі, якую выказвае гэты вольны сьвет да Вас, прыгнечаных, але захаваўшых поўнасьцю сваё людзкое «Я».

Пётра Сыч, пісьменьнік, журналіст, зь першага эфіру Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG