Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тальявіні разьвітаецца з калегамі-перамоўнікамі 23 чэрвеня


Гайдзі Тальявіні (зьлева) адказвае на пытаньні журналістаў пасьля пермоваў па ўрэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Менск, 16 чэрвеня 2015 году

Гайдзі Тальявіні (зьлева) адказвае на пытаньні журналістаў пасьля пермоваў па ўрэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Менск, 16 чэрвеня 2015 году

Кантактная група па мірным урэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны можа сабрацца ў Менску двойчы бліжэйшым часам — 23 чэрвеня, а таксама 7 ліпеня.

Пра гэта Інтэрфаксу распавялі крыніцы, блізкія да перамоўнага працэсу.

Зрэшты, пакуль з адносна высокай імавернасьцю абмяркоўваецца толькі дата 23 чэрвеня, калі бакі і паспрабуюць дамовіцца пра наступны раўнд перамоваў.

Калі дамоўленасьці будуць дасягнутыя, то ня выключана, што акурат 7 ліпеня перамоўнікам будзе прадстаўлены новы каардынатар ад АБСЭ — цяперашняя прадстаўніца арганізацыі Гайдзі Тальявіні спыняе сваю місію. А 23 чэрвеня яна плянуе разьвітацца з удзельнікамі сустрэчы.

Мінулым разам зацікаўленыя бакі зьбіраліся ў Менску 16 чэрвеня. Прайшлі паседжаньні працоўных падгрупаў па палітычных, гуманітарных пытаньнях і пытаньні бясьпекі. Паседжаньне групы па эканамічных пытаньнях не праводзілася.

Тады з прадстаўнікамі трохбаковай кантактнай групы сустрэўся міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей — абмяркоўваліся «асобныя арганізацыйныя і тэхнічныя пытаньні працы кантактнай групы і працоўных падгрупаў».

Да сустрэчы 16 чэрвеня была прыцягнутая адмысловая ўвага пасьля фактычнага зрыву перамоваў 2 чэрвеня. Тады паведамлялася, што паседжаньне пакінуў прадстаўнік Расеі Азамат Кульмухаметаў, а прадстаўніца АБСЭ Гайдзі Тальявіні неўзабаве падала заяву пра адстаўку. Вядома, што ў хуткім часе Тальявіні на перамовах заменіць аўстрыйскі дыплямат, імя якога пакуль не называецца.

Украінскі прадстаўнік Леанід Кучма патлумачыў зрыў перамоваў тым, што Масква настойвае на ўключэньні ў працэс трохбаковых перамоваў прадстаўнікоў асобных раёнаў Данбасу: «Мы з гэтым пагадзіцца ня можам», — заявіў Кучма.

Прадстаўнікі так званых ЛНР і ДНР рэгулярна прымаюць удзел у перамовах як кансультанты.

XS
SM
MD
LG