Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзея Саўчанка. Год у палоне


Надзея Саўчанка ў залі маскоўскага Басманнага суду. Травень 2015

Надзея Саўчанка ў залі маскоўскага Басманнага суду. Травень 2015

Суд над ўкраінскай вайскоўкай, захопленай сэпаратыстамі ў Данбасе і арыштаванай у Расеі, можа пачацца ў жніўні

Любоў Чыжова, Сьвятлана Паўлава, Расейская служба Радыё Свабода

Год таму ўкраінская вайскоўка Надзея Саўчанка трапіла ў палон да сепаратыстаў у «Луганскай народнай рэспубліцы», а пазьней апынулася на тэрыторыі Расеі, дзе яе абвінавацілі ў датычнасьці да гібелі расейскіх журналістаў Ігара Карнелюка і Антона Валошына. Пазьней да гэтых абвінавачаньняў дадалі «незаконнае перасячэньне расейска-ўкраінскай мяжы». На гэты момант сьледзтва, як паведамляецца, ужо завершана, Надзея Саўчанка знаёміцца зь яго матэрыяламі, яе адвакат Марк Фейгін мяркуе, што судовы працэс пачнецца ў жніўні.

Аднак паводле вэрсіі ўкраінскага боку і адвакатаў, Надзея Саўчанка была вывезена на тэрыторыю Расеі гвалтам і да інкрымінаваных ёй злачынстваў не датычная. У прыватнасьці, паведамлялася, што абароне ўкраінскай вайскоўкі ўдалося знайсьці доказы, што яна ня ўдзельнічала ў абстрэле, у выніку якога загінулі супрацоўнікі ВГТРК. За час свайго знаходжаньня ў зьняволеньні Надзея Саўчанка двойчы абвяшчала галадоўку. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка прысвоіў ёй званьне Героя Ўкраіны, па ўсім сьвеце праходзяць акцыі і кампаніі з патрабаваньнем вызваліць Надзею.

Акцыя ў падтрымку Надзеі Саўчанкі ў Міляне падчас візыту ў Італію прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна

Акцыя ў падтрымку Надзеі Саўчанкі ў Міляне падчас візыту ў Італію прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна

Пісьменьнік Уладзімір Вайновіч зьвяртаўся з адкрытым лістом да Ўладзіміра Пуціна з патрабаваньнем вызваліць Саўчанку, каб «ня ганьбіць сябе», а акторка Лія Ахеджакава назвала яе «сымбалем Украіны». За год палону Надзея Саўчанка была абраная дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны і членам пастаяннай украінскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Перамовы паміж кіраўнікамі Расеі і Ўкраіны аб вызваленьні вайскоўкі пакуль ні да чога не прывялі. 10 чэрвеня Маскоўскі гарадзкі суд падоўжыў тэрмін утрыманьня Надзеі Саўчанкі пад вартай да 30 верасьня.

Плякат у падтрымку Надзеі Саўчанкі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны

Плякат у падтрымку Надзеі Саўчанкі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны

Радыё Свабода падрыхтавала хроніку знаходжаньня Надзеі Саўчанкі ў зьняволеньні:

19 чэрвеня 2014 году ў інтэрнэце было распаўсюджана відэа допыту Надзеі Саўчанкі ўзброенымі сэпаратыстамі, запіс якога быў зроблены ў Луганскай вобласьці.

8 ліпеня 2014 году стала вядома, што Надзея Саўчанка ўжо знаходзіцца на тэрыторыі Расеі, у адзіночнай камэры сьледчага ізалятара Варонежу.

9 ліпеня 2014 году МЗС Украіны выказала пратэст у сувязі з вывазам на тэрыторыю Расеі ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі. Яна зьнікла каля тыдня таму, увесь гэты час пра яе месцазнаходжаньне не было ніякай інфармацыі. Сэпаратысты распаўсюджваюць інфармацыю, што Надзея Саўчанка датычная да гібелі расійскіх журналістаў. У гэты самы дзень ёй выставілі абвінавачаньне ў супольніцтве ў забойстве, а 10 ліпеня арыштавалі да канца лета.

11 ліпеня 2014 году адвакатам Надзеі Саўчанкі стаў Марк Фейгін (пасьля да яго далучыліся Мікалай Полазаў і Ільля Новікаў).

16 ліпеня 2014 году Эўрапейскі суд па правах чалавека пачаў вытворчасьць па справе Саўчанкі, надаўшы яму статус прыярытэтнага.

17 ліпеня 2014 году Надзея Саўчанка, якая ўтрымліваецца ў варонескім СІЗА, сустрэлася з консулам Украіны і пацьвердзіла, што яе вывезьлі ў Расею гвалтам — з мяшком на галаве і ў кайданках. (Паводле вэрсіі Сьледчага камітэту Расеі, Саўчанка трапіла ў Расею па сваёй волі без дакумэнтаў пад выглядам уцякачкі.)

25 жніўня 2014 году Марк Фейгін заявіў, што Саўчанка трапіла ў Расею да гібелі журналістаў ВГТРК.

25 верасьня 2014 году адвакаты Надзеі Саўчанкі знайшлі яе ў маскоўскім СІЗА-6.

18 кастрычніка 2014 году яе адвакаты заяўляюць, што Саўчанку падвяргаюць катаваньням у Інстытуце судовай псыхіятрыі імя Сербскага, куды яна была адпраўлена на экспэртызу. Паводле адвакатаў, яе пазбаўляюць сну. Актывісты правялі сэрыю пікетаў супраць катаваньняў Надзеі.

21 лістапада 2014 году ў Маскве і Санкт-Пецярбургу прайшлі акцыі ў падтрымку Надзеі Саўчанкі, многія ўдзельнікі якіх былі затрыманыя.

15 сьнежня 2014 году Надзея Саўчанка абвясьціла сваю першую галадоўку.

26 студзеня 2015 году Бюро Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) прызнала паўнамоцтвы Надзеі Саўчанкі ў якасьці члена пастаяннай дэлегацыі Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Да гэтага часу Надзея галадала ўжо 45 дзён, яе сястра Вера казала, што ёй прымусова ставяць кропельніцы. Па ўсім сьвеце праходзіць кампанія #FreeSavchenko

10 лютага 2015 году Радыё Свабода пабывала на чарговым судовым паседжаньні ў справе Надзеі Саўчанкі:

27 лютага 2015 году пісьменьнік Уладзімір Вайновіч зьвярнуўся з адкрытым лістом да прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, заклікаўшы вызваліць Надзею Саўчанку, «каб ня ганьбіцца».

2 сакавіка 2015 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка прысвоіў Надзеі Саўчанцы званьне «Герой Украіны».

4 сакавіка 2015 году ў Басманным судзе Масквы адбылося чарговае паседжаньне ў справе Саўчанкі, якая патрабавала дапусьціць яе да ўдзелу ў сэсіі ПАРЭ:

5 сакавіка 2015 году Надзея Саўчанка пачынае прымаць булён, каб выйсьці з галадоўкі.

10 сакавіка 2015 году да Надзеі зьвярнулася акторка Лія Ахеджакава:

12 сакавіка 2015 году Пятро Парашэнка заявіў, што Надзея Саўчанка «будзе хутка вызвалена». Ён паведаміў пра гэта пасьля заканчэньня перамоваў «нармандзкай чацьвёркі» ў Менску па ўрэгуляваньні канфлікту ў Данбасе. Пазьней прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што «пытаньне пра Надзею Саўчанку ўздымалася, але расейскі бок ніякіх запэўненьняў не даваў».

14 сакавіка 2015 году да Саўчанкі, якая трымае галадоўку ўжо 80 дзён, дапускаюць украінскіх лекараў. Яны паведамляюць, што «задаволены мэдычнымі захадамі па рэабілітацыі Саўчанкі пасьля працяглай галадоўкі».

16 сакавіка 2015 году Надзея аднавіла галадоўку — з патрабаваньнем зьмяніць ёй меру стрыманьня.

28 красавіка 2015 году Надзею Саўчанку пераводзяць у 20-ю гарадзкую бальніцу «ў сувязі зь нізкімі паказчыкамі цукру ў крыві», але ўмовы там аказваюцца горшыя, чым у СІЗА, куды Надзея і вяртаецца празь некалькі дзён.

11 траўня 2015 году, у дзень нараджэньня Надзеі Саўчанкі, у Маскве прайшла акцыя ў яе падтрымку, удзельнікі якой былі затрыманыя.

12 траўня 2015 году Надзея Саўчанка пачала прымаць ежу.

21 траўня 2015 году Радыё Свабода атрымала ліст ад Надзеі Саўчанкі.

3 чэрвеня 2015 году СБУ Ўкраіны ўзбудзіла справу ў дачыненьні да чыноўнікаў з Расеі, вінаватых у «выкраданьні» украінскай вайскоўкі Надзеі Саўчанкі, якая цяпер у чаканьні суду знаходзіцца ў маскоўскім СІЗА.

10 чэрвеня 2015 году Маскоўскі гарадзкі суд падоўжыў тэрмін утрыманьня Саўчанкі пад вартай да 30 верасьня.

Наколькі добра цяпер сябе адчувае Надзея Саўчанка, чым яна займаецца і як рыхтуецца да суду? Пра гэта Радыё Свабода распавёў адзін зь яе адвакатаў Марк Фейгін:

Адвакат Марк Фейгін

Адвакат Марк Фейгін

— Адчувае яна сябе цудоўна. Яна набрала вагу, дастатковую для таго, каб ня мець праблем са здароўем, і ўсу наступствы галадоўкі цяпер нібыта сышлі. Таму з пункту гледжаньня здароўя ў Надзеі Віктараўны ўсё больш-менш пакуль добра.

— Вядома, што яе днямі наведваў кіраўнік Савету па правах чалавека Міхаіл Фядотаў, і ён адгукаўся вельмі добра аб гэтай сустрэчы, сказаў, што ніякіх скаргаў Надзея не выказвала ...

— У яе скаргаў на здароўе сапраўды няма. Скарга адна і яна засталася ранейшай — што па сканчэньні году невінаваты чалавек працягвае знаходзіцца ў расейскай турме. Гэта асноўная скарга, якая нязьменная і, напэўна, яшчэ доўга будзе прадметам клопату ня толькі самой Надзеі Саўчанкі, але і ўжо сапраўды расейскіх уладаў і, напэўна, міжнароднай супольнасьці. Набліжаецца суд, я мяркую, што ён будзе ў жніўні. Калі б суд прайшоў законна, і ўсё, што разглядалася б на ім, працэсуальна разглядалася ў адпаведнасьці з законам, то яна была б вызваленая. Але ўпэўненасьці ў тым, што суд будзе свабодным і незалежным і сапраўды выканае функцыі правасудзьдзя, няма. Таму, хутчэй за ўсё, кіраўнік Савету па правах чалавека вельмі хоча згладзіць сытуацыю, хоча яе трохі зьмякчыць.

Саўчанка не пераходзіла мяжу, яна проста была вывезена на тэрыторыю Расеі

Ну, сапраўды, да Надзеі Саўчанкі ня ставяцца дрэнна ў турме, яе там не зьбіваюць — тут пытаньняў няма. Але мы гаворым пра тое, што асноўны прадмет ня вычарпаўся, што чалавек трапіў у палон, потым быў перакінуты ў Расею спэцслужбамі, прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці за няўчыненае злачынства, ды яшчэ і прыцягнуты за злачынства, якое па вызначэньні ня мог учыніць, па артыкуле за «незаконнае перасячэньне расейскай мяжы». Мы знаёмімся цяпер з крымінальнай справай, і па фабуле абвінавачаньня ўжо цяпер выявілася, што яна нібыта перасякала мяжу не ў Варонескай вобласці, а ў Растоўскай. Гэта значыць абвінавачаньне скача і спрабуе зрабіць праўдападобным абвінавачаньне, каб яно было пераканаўчым для суду і грамадзкай думкі. Але гэта немагчыма! Таму што Саўчанка не пераходзіла мяжу, яна проста была вывезена на тэрыторыю Расеі.

— Як вы лічыце, у выпадку чарговых неправасудных рашэньняў Надзея можа вырашыцца на нейкія пратэстныя дзеяньні, на чарговую галадоўку?

Я не выключаю магчымасьці абмену Саўчанкі на двух расейскіх вайскоўцаў з ГРУ

— Надзея — чалавек імпульсіўны, неспакойны, энэргічны, яна можа пад узьдзеяньнем эмоцый гэта зрабіць. Хоць, на мой погляд, гэта неэфэктыўна. Менавіта гэтыя дзеяньні стваралі напружаньне ў справе. Мне здаюцца значна больш эфэктыўнымі, па-першае, салідарныя дзеяньні міжнароднай грамадзкай думкі, міжнароднага істэблішмэнту і міжнародных арганізацый па патрабаваньні вызваленьня Надзеі Саўчанкі. З другога боку, намаганьні, безумоўна, абароны, якая, па-рознаму выкарыстоўваючы розны працэсуальны інструмэнтар, спрабуе абараняць Надзею Саўчанку, дамагаючыся яе вызваленьня. У канчатковым выніку, я лічу, суд расставіць усе кропкі над i. Незалежна ад прысуду, які будзе вынесены ў дачыненьні да Надзеі Саўчанкі, бок абароны напэўна пераканае грамадзкую думку ў поўнай яе невінаватасьці, і гэта будзе галоўным вынікам гэтага суду. У канчатковым выніку я не выключаю магчымасьці абмену Саўчанкі на двух расійскіх вайскоўцаў з ГРУ, якія ўтрымліваюцца ў Кіеве і таксама будуць, магчыма, асуджаныя. Адбудзецца нейкі патаемны абмен, і ў адпаведнасьці з пагадненьнем аб прававой дапамозе, на запыт Украіны, Саўчанка паедзе адбываць пакараньне з Расеі ва Ўкраіну, а гэтыя двое вайскоўцаў на запыт Расеі паедуць адбываць пакараньне ў Расею. Гэта вельмі лягічна, мне здаецца.

— Ужо год доўжыцца гэтая гісторыя, і зразумела, што знаходжаньне ў месцах зьняволеньня адбіваецца і на характары чалавека, і на яго стаўленьні да жыцьця. Ці можна сказаць, што ў характары Надзеі за гэты год нешта зьмянілася, у яе поглядах на жыцьцё?

Надзея такая ж рашучая, гэтак жа рэзкая ў сваіх паводзінах, гэтак жа ацэньвае падзеі на ўсходзе Ўкраіны

— Яна вельмі хоча дадому! І яна прысьпешвае падзеі. Вось гэта ў яе ёсьць — такая неспакойная рыса. Яна першапачаткова была, але па сканчэньні года ёй усё цяжэй ўсьведамляць, што ўдумлівая і спакойная праца па доказу яе невінаватасьці зьяўляецца закладам пасьлядоўнага, у тым ліку і палітычнага, выніку. Вось яна вельмі сьпяшаецца азнаёміцца са справай, і для яе кожны тыдзень знаходжаньня ў турме — гэта катаваньне. Яна прысьпешвае і нас, бок абароны, хутчэй знаёміцца са справай. Але гэта не заўсёды дапамагае, таму што лішнія тыдзень-два надвор’я не робяць. Улада памкнулася правесьці суд у жніўні, калі будзе найбольш спакойны для яе пэрыяд з пункту гледжаньня увагі СМІ, грамадзкай думкі, міжнародных арганізацыяў да справы — усе проста будуць у адпачынках, у палітычным анабіёзе. І незалежна ад таго, хутка або павольна мы будзем знаёміцца, улада ўсё роўна арыентуецца менавіта на жнівень, і ў яе ёсьць працэсуальныя рычагі, як гэта зрабіць рэальна — абмежаваць у азнаямленьні са справай бок абароны і гэтак далей. Таму я мяркую, што ў канчатковым выніку, якімі б дзеяньні ні былі, паскоранымі або запаволенымі, суд пройдзе ў жніўні. У астатнім у яе характары я асаблівых зьменаў не знайшоў. Надзея такая ж рашучая, гэтак жа рэзкая ў сваіх паводзінах, гэтак жа ацэньвае падзеі на ўсходзе Ўкраіны. Я ня бачу тут нейкіх зьменаў у яе характары, істотных.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG