Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці затрымалі таджыцкую апазыцыянэрку, ёй пагражае 20 гадоў турмы


Шабнам Худайдодава, фота з Твітэра

Шабнам Худайдодава, фота з Твітэра

На запыт уладаў Таджыкістану ў Беларусі затрыманая сябра эміграцыйнага аб’яднаньня таджыцкай апазыцыі «Група 24» Шабнам Худайдодава.

Пра гэта ў сваім блогу паведаміла прэзыдэнт асацыяцыі «Правы чалавека ў Цэнтральнай Азіі» Надзея Атаева.

Паводле праваабаронцы, 28-гадовая Шабнам Худайдодава актыўна падтрымлівала крытычныя меркаваньні палітычнай апазыцыі Таджыкістану, падкрэсьлівала неабходнасьць дэмакратычных рэформаў у краіне, брала ўдзел у гуманітарных акцыях у падтрымку таджыцкіх працоўных мігрантаў.

«Група 24» патрабуе правядзеньня ў Таджыкістане сумленных пазачарговых прэзыдэнцкіх выбараў. Да гэтага часу ніводныя выбары ў краіне заходнія назіральнікі не прызналі адпаведнымі агульнасусьветным стандартам дэмакратыі.

Цяпер таджыкская апазыцыянэрка ў сьледчым ізалятары ў Берасьці. Афіцыйны Душанбэ настойвае на яе экстрадыцыі, абвінавачваючы Худайдодаву паводле артыкула 37 Крымінальнага кодэксу краіны — «Саўдзел у злачынстве».

У прэсавай службе Берасьцейскай памежнай групы агенцтву Інтэрфакс паведамілі, што грамадзянка Таджыкістану сапраўды затрыманая на чыгуначным пункце пропуску «Брэст»:

«На станцыі „Брэст-Усходні“ ў цэнтральным раёне падчас правядзеньня памежнага кантролю асобаў супрацоўнікі памежнай групы выявілі грамадзянку Таджыкістану, якая знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку за экстрэмісцкую дзейнасьць на тэрыторыі сваёй краіны».

Асацыяцыя «Правы чалавека ў Цэнтральнай Азіі» выказвае занепакоенасьць у сувязі з пагрозай высылкі Шабнам Худайдодавай у Таджыкістан: «За адкрытае выказваньне сваёй думкі ў сацыяльных сетках ёй пагражаюць катаваньні і пазбаўленьне волі тэрмінам да 20 гадоў», — сьцьвярджае Надзея Атаева.

Яна заклікала офіс Упраўленьня вярхоўнага камісарыяту ў справах уцекачоў ААН у Менску аказаць дапамогу прыхільніцы таджыцкай апазыцыі, нагадаўшы Беларусі пра Канвэнцыю ААН супраць катаваньняў, якая забараняе высылку падазраванага ў краіну, дзе яму могуць пагражаць катаваньні.

Лідэр «Групы 24» Умаралі Куватаў быў забіты невядомымі ў Стамбуле 5 сакавіка. Яго прыхільнікі называюць забойства палітычным, а ўлады Таджыкістану спасылаюцца на «крымінальныя сувязі забітага». У Душанбэ неўзабаве пасьля забойства Куватава прайшлі тры судовыя працэсы над сябрамі «Групы 24», якую Вярхоўны суд абвясьціў экстрэмісцкай. Усяго асудзілі пяцёх чалавек на зьняволеньне тэрмінам ад 3 да 17 гадоў.

За апошнія паўгода затрымана ня менш за дзясятак прыхільнікаў «Групы 24». Кіраўніцтва арганізацыі сьцьвярджае, што ўсяго арыштавана больш за тры дзясяткі апазыцыянэраў. Шмат каго зь іх затрымалі на тэрыторыі Расеі і затым экстрадзіравалі на радзіму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG