Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні прэзэнтавалі «Беларускі алфавіт мастацтва» зь Беласточчыны


Станіслаў Паскробка. Вёска Рыбакі, 2002 год.

Станіслаў Паскробка. Вёска Рыбакі, 2002 год.

У Сэнатарскай зале Новага замку ў Горадні адкрылася выстава зь Беларускага музэю ў Гайнаўцы, што ў Падляскім ваяводзтве Польшчы.

Дырэктар Беларускага музэю ў Гайнаўцы Тамаш Ціханюк скончыў Варшаўскі ўнівэрсытэт, у музэі працуе адзінаццаць гадоў. Ён заўжды імкнецца ажывіць працу: каб ня толькі была экспазыцыя, але каб стала праводзіліся сустрэчы, «каб музэй жыў; каб паказаць, што беларусы жывуць», як сказаў ён Свабодзе. Яго жонка Агнешка Ціханюк — таксама супрацоўніца музэю, гісторык мастацтва. Яна і падрыхтавала выставу ў Горадні, на якой выстаўленыя карціны дзевяці аўтараў.

Мастакі Даніэль Грамацкі і Міраслаў Здрайкоўскі, дырэктар Беларускага музэю ў Гайнаўцы Тамаш Ціханюк

Мастакі Даніэль Грамацкі і Міраслаў Здрайкоўскі, дырэктар Беларускага музэю ў Гайнаўцы Тамаш Ціханюк

Тамаш Ціханюк зазначае, што ў Музэі і Цэнтры беларускай культуры ў Гайнаўцы «найбольшая бібліятэка на беларускай мове ў Польшчы — адзінаццаць тысяч кніжак». Там адбываюцца сустрэчы з тымі, хто піша па-беларуску ў Польшчы. З апошніх можна назваць сустрэчу з Дарафеем Фёнікам, з Міхалам Болтрыкам, які працуе ў «Пшэглёндзе праваслаўным». Паэтка Міра Лукша зь Беластоку прывозіла туды сваю дзіцячую кніжку (яна працуе ў газэце «Ніва»). Была там і прэзэнтацыя аўдыёкнігі ўспамінаў «Птушкі бяз гнёздаў» Ларысы Геніюш, якую падрыхтавала інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат».

Беларускай бібліятэкай у Гайнаўцы карыстаюцца, сьведчыць спадар Ціханюк:

«Канечне, паўсюдна інтэрнэт на першым месцы, кнігі крыху збоку. Але карыстаюцца настаўнікі. На Беласточчыне амаль у кожнай школе вывучаюць беларускую мову, перш за ўсё — на Гайнаўшчыне і Бельшчыне, але і ў Беластоку таксама. Бываюць студэнты беларускай філялёгіі, але таксама вучні».

У бібліятэцы імкнуцца, каб былі і кнігі на польскай мове, прысьвечаныя праваслаўю, Беларусі, гісторыі рэгіёну, і пераклады беларускіх аўтараў на польскую.

«Іх могуць пачытаць палякі і зразумець беларусаў», — кажа Тамаш Ціханюк. Знаёміцца зь бібліятэкай прыходзяць клясамі вучні зь ліцэю. А паасобку прыходзяць, калі рыхтуюцца да экзамэнаў.

Афіша выставы ў Новым замку, у ёй выкарыстана выява карціны Алега Кабзара “Сон”.

Афіша выставы ў Новым замку, у ёй выкарыстана выява карціны Алега Кабзара “Сон”.

Што да калекцыі сучаснага мастацтва, ёсьць думка не трымаць яе ў музэі, а паказваць у самой Гайнаўцы, куды прыяжджаюць тысячы турыстаў, распавядае дырэктар.

У музэі ствараюць «слоўнік беларускіх мастакоў». Пакуль што гэта сэгрэгатар, у якім сабраныя зьвесткі аб творцах: якой творчасьцю займаецца, дзе выстаўляў карціны. Такі «слоўнік» сёньня маюць усе вялікія бібліятэкі Польшчы: у Познані, Варшаве, Уроцлаве, Кракаве, Гданьску. У слоўніку цяпер больш за дваццаць прозьвішчаў. Гэта новы праект, кажа Тамаш Ціханюк, які ўвесь час дапаўняецца. Прычым пачалі адкрываць новыя імёны, пра якія раней ня чулі. Некаторых мастакоў ужо няма. Напрыклад, Віталь Сарасек, які жыў у Саколцы і лічыў сябе беларусам. Выставу ягоных карцін зрабілі пасьля сьмерці мастака. Ён маляваў сваю Саколку, вельмі дакладныя карціны, вельмі адметна перадаваў сьвятло, кажа Тамаш Ціханюк.

Музэй атрымлівае датацыі зь міністэрства адміністрацыі і цыфрызацыі Польшчы. Падтрымка дазваляе купляць карціны мастакоў; некаторыя каштавалі дзьве тысячы злотых, зазначае дырэктар.

На адкрыцьці выставы выступіў таксама мастак Міраслаў Здрайкоўскі, які скончыў Акадэмію мастацтваў у Менску.

Міраслаў Здрайкоўскі. “Старое і новае”, 2011 год

Міраслаў Здрайкоўскі. “Старое і новае”, 2011 год

Станіслаў Паскробка. Вёска Рыбакі, 2002 год.

Станіслаў Паскробка. Вёска Рыбакі, 2002 год.

Уладзіслаў Петрук. “Старыя Альшэўскія”, папера, пяро, 2008 год

Уладзіслаў Петрук. “Старыя Альшэўскія”, папера, пяро, 2008 год

Даніэль Грамацкі. “Кветкі”, 2011 год

Даніэль Грамацкі. “Кветкі”, 2011 год

XS
SM
MD
LG