Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і Эўразьвяз падрыхтавалі новыя санкцыі супраць Расеі


Рашуча настроеныя прадухіліць чарговы прарыў прарасейскіх сэпаратыстаў у Данбасе, Злучаныя Штаты і эўрапейскія дзяржавы падрыхтавалі новы раўнд санкцыяў супраць энэргетычнага і фінансавага сэктараў расейскай эканомікі ў рамках стратэгіі своечасовага плянаваньня санкцыяў на розныя выпадкі, паведамляе агенцтва Associated Press.

Спасылаючыся на ананімных прадстаўнікоў улады, інфармагенцтва паведамляе, што санкцыі могуць пачацца з новых забаронаў на выезд на Захад для расейскіх чыноўнікаў і бізнэсмэнаў і потым рэзка ўзмацніцца за кошт новых захадаў, якія моцна абмяжуюць здольнасьць расейскіх кампаній заключаць прыбытковыя зьдзелкі за мяжой.

У выпадку менш сур’ёзных парушэньняў эўрапейскія органы ўлады кажуць пра магчымасьць даданьня новых імёнаў у сьпіс расейцаў, якім забаронена бываць і весьці справы на Захадзе.

Улады ЗША, аднак, лічаць такі падыход занадта абмежаваным і абдумваюць захады, якія маглі б ударыць па замежных філіялах расейскіх кампаній і дадатковых сэктарах эканомікі — такіх, як здабыўная прамысловасьць і машынабудаваньне, гаворыцца ў паведамленьні АР.

Санкцыі супраць энэргетычнага сэктару могуць уключаць абмежаваньні для бізнэсу, зьвязанага з выведкай прыроднага газу або абсталяваньнем для здабычы і транспартаваньня так званай цяжка даступнай нафты, якую Расея плянуе здабываць для пашырэньня бізнэсу ў Азіі, паведамляе АР.

Для больш сур’ёзных парушэньняў прадугледжаныя жорсткія фінансавыя санкцыі, у тым ліку адключэньне некаторых расейскіх банкаў ад плацёжнай сыстэмы SWIFT, якая выкарыстоўваецца большасьцю краінаў сьвету для міжнародных грашовых пераводаў. Такая мера раней была ўжытая супраць Ірану ў сувязі зь яго ядзернай праграмай, нагадваюць аўтары матэрыялу.

XS
SM
MD
LG