Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Гомелі — суд над пастарам пратэстанцкай царквы


19 чэрвеня пастара пратэстанцкай царквы «Праабражэньне» Сяргея Нікалаенку будуць судзіць за правядзеньне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

На пастара Сяргея Нікалаенку і пяцёх прыхаджанаў царквы супрацоўнікі міліцыі склалі пратаколы і патрабавалі іх падпісаць.

Пастар адмовіўся падпісваць пратакол, бо не прызнае сваёй віны.

31 траўня падчас нядзельнага набажэнства, якое праходзіла ў афіцыйна арандаваным памяшканьні, уварваліся супрацоўнікі АМАП зь відэакамэрай. Яны сталі здымаць усіх прысутных, набажэнства было сарвана. Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што нібыта паступіў тэлефонны званок з таксафона, што «тут нейкі натоўп праводзіць несанкцыянаванае мерапрыемства».

Супрацоўнікі міліцыі задавалі вернікам пытанні: «Чаму вы наведваеце гэтую царкву, а не нармальную або правільную?»

У прысутных узялі зьвесткі пра рэгістрацыю, нумары тэлефонаў і асабістыя дадзеныя. Пасьля гэтага вернікам загадалі пакінуць памяшканьне.

Раней у Сьветлагорску міліцыя сарвала богаслужэньне баптысцкай царквы, якое праходзіла ў прыватным доме. У дом уварваліся двое ў цывільным і адразу ж пачалі відэаздымкі. Затым у дом увайшлі 11 узброеных міліцыянтаў у форме і загадалі ўсім заставацца на месцах. Падчас малітвы яны падышлі да прасьвітара царквы Ўладзімера Дайнэкі, запатрабавалі ўстаць з каленяў і прачытаць пастанову пракурора на агляд жылога памяшканьня. Пасьля адмовы яго адвезьлі ў пастарунак і склалі пратакол за парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства. Усіх прысутных на набажэнстве перапісалі. 8 чэрвеня суд Сьветлагорскага раёну аштрафаваў пастара і яшчэ аднаго верніка на 3 600 000 рублёў, паведамляе fondsp.org.

XS
SM
MD
LG