Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нуланд пра ракеты Пуціна: Ня ўсё так драматычна


Вікторыя Нуланд

Вікторыя Нуланд

Злучаныя Штаты чакаюць, што Расея будзе выконваць свае абавязальніцтвы ў галіне кантролю над узбраеньнямі. Пра гэта заявіла сёньня, знаходзячыся ў Празе, памочніца дзяржсакратара ЗША ў эўрапейскіх пытаньнях Вікторыя Нуланд.

Рэагуючы на нядаўнюю заяву прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна пра пашырэньне расейскага ядзернага арсеналу, Нуланд заўважыла, што словы гэтыя мелі перадусім застрашальны эфект і на самой справе сытуацыя не такая драматычная.

Два дні таму Ўладзімір Пуцін абвясьціў, што сёлета Расея ўмацуе свой ядзерны арсенал сарака новымі міжкантынэнтальнымі балістычнымі ракетамі, якія здольныя прабіць любую супрацьракетную абарону. Генэральны сакратар НАТА Енс Столтэнбэрг пасьля абвінаваціў Маскву у «патрасаньні зброяй» і перасьцярог ад далейшай дэстабілізацыі напружанай міжнароднай абстаноўкі.

Паводле Нуланд, Масква ў асноўным мадэрнізуе некаторыя са сваіх існуючых ракет, а заявы Пуціна «маюць стрымвальны эфект, і калі мы паглядзім на тое, што на самой справе адбываецца ўнутры Расеі, гэта нашмат менш драматычна».

Прадстаўніца ЗША падкрэсьліла: «Мы чакаем і будзем настойваць, каб Расея выконвала свае абавязальніцтвы па кантролі над узбраеньнямі. Мы будзем уважліва сачыць за разьвіцьцём сытуацыі».

Паводле ацэнак амэрыканскіх экспэртаў Расея зараз мае 1780 разгорнутых стратэгічных ядзерных баегаловак, ЗША – 1900.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG