Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэтокс: міт ці панацэя?


У гэтым выпуску пра папулярнае сёньня паняцьце «дэтокс». Загадзя хачу папярэдзіць, што некаторыя чытачы могуць быць расчараваныя: магічнага ачышчальнага сродку не існуе.

Тэрмін «дэтокс» традыцыйна ўжываўся дактарамі, якія лячылі людзей зь небясьпечнай для жыцьця залежнасьцю ад алькаголю ці наркатычных рэчываў. Але ў апошняе дзесяцігодзьдзе гэтае слова перавандравала на ўпакоўкі бяскрыўдных прадуктаў і сайты натурапатаў. Этыкеткі так званых дэтокс-прадуктаў сьцьвярджаюць, што дапамогуць выдаліць таксіны, якія назапасіліся ў вашым целе.

Яшчэ ў 2009 годзе брытанскія навукоўцы, аб’яднаныя дабрачыннай арганізацыяй Sense About Science («Сэнс навукі»), зьвязаліся з вытворцамі 15 дэтокс-прадуктаў. Прадукты былі самыя розныя, ад дыетычных дабавак і кактэйляў да шампуняў. Калі навукоўцы папрасілі вытворцаў вызначыць, што яны разумеюць пад «дэтаксыкацыяй», ніводзін вытворца ня змог даць вызначэньня, ня кажучы ўжо пра апісаньне таксінаў. Sense About Science тады выпрацавала спэцыяльнае «Дэтокс-дасье», у якім гаварылася, чаму дэтокс — гэта міт. Дасье ў свой час выклікала шмат рэакцый у мас-медыях. Паважаныя выданьні палічылі сваім абавязкам напісаць пра разьвянчаньне міту пра дэтокс і растлумачыць чытачам, як арганізм сам сябе чысьціць. Гэта, аднак, было ўжо 5 гадоў таму, і цяпер, насуперак здароваму сэнсу, назіраецца новая хваля пагоні за дэтоксам.

Як адбываецца штодзённае ачышчэньне арганізму

У працэсе эвалюцыі чалавечы арганізм разьвіў магчымасьці сваіх органаў пазбавіцца ад непатрэбных або шкодных рэчываў. Функцыі пяці наступных органаў важныя для гэтага працэсу.

Скура

Ваша скура зьяўляецца ахоўным бар’ерам, празь які можа пракрасьціся вельмі малая колькасьць хімічных рэчываў. «Дэтокс-плястыры» і іншыя «дэтокс-прадукты» ня могуць трапіць у ваш арганізм і ня маюць уплыву на вашыя ўнутраныя сыстэмы. Вытворцы «дэтокс-плястыраў» для ног сьцьвярджаюць, што ступні становяцца карычневымі на працягу ночы з-за таксінаў, якія яны быццам выводзяць з вашага цела. Але на самай справе нічога падобнага — рэчыва ў пракладках становіцца карычневым, калі яно зьмешваецца з вашым потам!

Печань

Ваша печань вырабляе фэрмэнты, якія ператвараюць таксічныя рэчывы ў менш шкодныя. Потым гэтыя рэчывы выдаляюцца з спаражненьнямі. Калі печань не пашкоджаная, яна ў стане самастойна справіцца з наплывам шкодных рэчываў з паўсядзённага жыцьця. Напрыклад, яна ў стане ачысьціць амаль сьмяротную дозу алькаголю ўсяго за 36 гадзін (гэта ня ёсьць пасылам да дзеяньня!).

Кішэчнік

Ваш кішэчнік — гэта натуральнае варожае атачэньне для многіх шкодных бактэрый, што паступаюць у арганізм. А адна з функцый тоўстай кішкі — выдаляць непажаданыя цьвёрдыя рэчывы зь цела (напрыклад, ягадныя костачкі). Так званая гідракалонатэрапія можа пашкодзіць карысную флёру кішэчніка, якая зьяўляецца натуральным бар’ерам супраць варожых бактэрый. Гэты працэс можа нанесьці і мэханічную шкоду ўнутранай паверхні кішэчніка.

Ныркі

Ныркі можна параўнаць з рэшатам, празь якое прасочваюцца непажаданыя хімічныя рэчывы. Яны натуральным чынам выводзяцца з урынай на працягу некалькіх гадзін, каб прадухіліць іх назапашваньне ў вашым целе.

Лімфатычная сыстэма

Лімфатычную сыстэму можна ўявіць як сетку труб (лімфатычных сасудаў), праз якую цыркулюе лімфа. Лімфа — гэта белаватая, практычна празрыстая вадкасьць, якая цячэ па лімфатычных сасудах і абмывае ўсе органы. Лімфа выдаляе з тканін шкодныя рэчывы і вяртае іх у кроў (без таксінаў). Бактэрыі і вірусы адфільтроўваюцца ад лімфы ў лімфатычных вузлах. Гэтая сыстэма цыркулюе бесьперапынна. Яе немагчыма стымуляваць «дэтокс-прадуктамі».

Чаму дэтокс такі папулярны?

Дэтокс — гэта гарачы маркетынгавы шлягер. На гэтай тэме зарабляе вялікая колькасьць вытворцаў і асобаў. Чаму гэта адбываецца? Газэта Guardian прыводзіць словы прафэсара псыхалёгіі Лёнданскага гарадзкога ўнівэрсытэту Пітэра Эйтана (Peter Ayton). Ён кажа, што мы схільныя верыць такім хітрыкам, бо мы жывем у сьвеце зь неабсяжнай колькасьцю інфармацыі. Мы рады перакласьці адказнасьць на іншых, хто мог бы разумець рэчы лепш, чым мы самі. «Каб зразумець нават склад шампуню, неабходна мець доктарскую ступень у галіне біяхіміі», — кажа Пітэр Эйтан. — Але, натуральна, шмат людзей яе ня маюць. Калі нехта нам тлумачыць простымі тэрмінамі нейкую дзіўную зьяву, напрыклад тую самую дэтаксыкацыю, і гэтае тлумачэньне нам падаецца разумным і праўдападобным, то мы рады, вобразна кажучы, пайсьці ўсьлед за гэтым знаўцам«.

А як наконт тых, хто сьцьвярджае, што адчувае сябе больш маладым, лёгкім і энэргічным пасьля дэтокс-дыеты? Несумненна, пераход на (больш) здаровае харчаваньне, адмова ад алькаголю, дастатковае спажываньне вадкасьці, садавіны і агародніны станоўча адаб’ецца на здароўі, самаадчуваньні і масе цела. У харчаваньні важная разнастайнасьць. Розныя прадукты ўтрымліваюць розныя карысныя для нашага арганізму рэчывы, якія часта працуюць сынэргічна, гэта значыць разам. Але ёсьць адно рэчыва, якое само па сабе паляпшае працу ачышчальных органаў арганізму — нырак, печані, кішэчніка, скуры. Гэтае рэчыва — вада!

Ідэя, што вы можаце змыць свае калярыйныя грахі дэтокс-прадуктам ёсьць выдатным проціядзьдзем да нашага сучаснага ладу жыцьця, палівам для якога зьяўляецца хуткае харчаваньне, а змазкай — алькаголь. Калі большасьць з нас вымаўляе слова «дэтокс», гэта, як правіла, адбываецца пасьля абцяжаранага калёрыямі і алькаголем пэрыяду.

Большасьць людзей думаюць, што трэба абмяжоўваць сябе у нечым, або наадварот зьвярнуць асаблівую ўвагу на некаторыя групы прадуктаў харчаваньня, напрыклад, на так званыя супэрфуды (пра якія мы абавязкова пагаворым у наступных выпусках). Сапраўдная доўгатэрміновая дэтаксыкацыя — гэта, як ні банальна, здаровы лад жыцьця, які ўключае ў сябе разнастайнае харчаваньне з націскам на прадукты расьліннага паходжаньня, трэніроўкі, адмову ад паленьня і ўмеранае ўжываньне алькаголю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG