Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Кныровіч: «Са свабодай слова гэта не спалучаецца ніяк»


Аляксандар Кныровіч

Аляксандар Кныровіч

Аўтар тэкста, за які Мінінфармацыі заблякавала доступ да сайта www.kyky.org абураны рашэньнем уладаў.

«Я стаўлюся да сытуацыі пагана, — заявіў Аляксандар Кныровіч Свабодзе і сайту www.tut.by. — Па-сутнасьці: мая публікацыя не абражала ні вэтэранаў, ні памяць пра вялікую перамогу савецкага народа. Я з глыбокай павагай стаўлюся да подзьвігу велізарнай масы людзей. Аднак, я, як чалавек дарослы, адукаваны, заклікаў задумацца, чым менавіта была тая перамога для нашага народа. Заклікаў асэнсаваць зь сёньняшняга дня ролю пэўных асобаў і кіраўніцтва савецкай дзяржавы ў тых падзеях. І, вядома, маё асабістае сфармаванае меркаваньне: Дзень Перамогі павінен быць днём памяці аб усіх, хто загінуў, днём смутку. Ня думаю што ў гэтым можна знайсьці абразу памяці народа.

Сайт kyky.org стварылі ў 2010 годзе некалькі маладых энтузіястаў — Дар’я Мацявіна, Дзьмітры Навумаў, Раман Рамановіч ды іншыя. У сакавіку 2015 сайт істотна абнавіўся, перазапусьціўся з новым дызайнам.

Цяпер у рэдакцыі 7 штатных супрацоўнікаў. Дырэктарка сайту — Дар’я Мацявіна, галоўны рэдактар — Аляксандра Раманава.

На самім сайце яны характарызуюць сваю аўдыторыю гэтак: «Нас чытаюць адукаваныя людзі з высокім узроўнем даходаў. Больш за 15% — бізнэсоўцы і топ-мэнэджэры. Чытаюць пра жыцьцё, ежу, бізнэс і сэкс, хочуць быць у курсе апошніх трэндаў Менску».

Паводле дырэктаркі сайту Дар’і Мацявінай, «наш чытач — гэта сучасны беларус, які хоча жыць у лепшай краіне, у эўрапейскай Беларусі, чалавек цікаўны, актыўны, які імкнецца штосьці зрабіць для сваёй краіны, для сваіх сяброў».

Па факце: сама па сабе магчымасьць блякаваць любы сродак масавай інфармацыі без рашэньня суду — нонсэнс.

Са свабодай слова гэта не спалучаецца ніяк.

Калі прапановай задумацца кожнаму асабіста пра падзеі, якія адбываліся шмат гадоў таму, і выразам свайго асабістага меркаваньня зь іх жа нагоды можна нанесьці шкоду — мабыць, нанёс. Але што гэта ў нас за такія слабыя і няўстойлівыя асновы, што ім асобны грамадзянін, які мае „іншую“ думку, можа так вось нашкодзіць?

Калі ж сур’ёзна па сытуацыі: я — не апазыцыянэр, і „Куку“ — ня „Хартыя“ і не інструмэнт у руках АГП ці Народнага Фронту. Гэта — грамадзкі, моладзевы рэсурс.

Вельмі сумна, што адбываюцца такія падзеі. Думаю, што гэта — „перагібы на месцах“, а не сьвядомая пазыцыя нашай дзяржавы.

Хацеў бы дадаць: думаю, гэта праява адной з глыбокіх хвароб нашага грамадзтва. Сур’ёзныя пытаньні гісторыі, філязофіі і будучага разьвіцьця роднай дзяржавы патрабуюць шырокай, адкрытай грамадзкай дыскусіі. Сёньняшнія дзеяньні Міністэрства інфармацыі адкідаюць нас як грамадзтва яшчэ трохі назад».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG