Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рыхтуемся не да халоднай, а да працяглай вайны»


Уладзімер Пуцін (зьлева) і Барак Абама

Уладзімер Пуцін (зьлева) і Барак Абама

Канфлікт Захаду з Расеяй ня вырашыцца на працягу тыдняў ці месяцаў, гэта будзе працягвацца гадамі, нават дзесяцігодзьдзямі, — перакананы аналітык Радыё Свабода Браян Уітмар.

«Супрацьстаяньне Захаду з Расеяй, якое ўключае ў сябе балянсаваньне на мяжы вайны, барацьбу за ўплыў у краінах Усходняй Эўропы і іх будучыню, зьяўляецца новай рэальнасьцю. На самай справе гэта супрацьстаяньне становіцца ўсё больш звыклым і інстытуцыялізаваным. Зараз мы зьяўляемся сьведкамі новага парадку і пачатку так званай «працяглай вайны».

Старшыня Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША заявіў, што Вашынгтон можа разгледзець пытаньне стварэньня базы для ядзернай зброі сярэдняй дальнасьці ў Эўропе. А міністар замежных спраў Вялікабрытаніі паведаміў, што яго краіна разгледзіць магчымасьць пабудовы гэтай базы на ўласнай тэрыторыі.

За апошні тыдзень расейскі ваенны самалёт праляцеў над ваеннымі караблямі НАТО ў Балтыйскім моры; расейскі зьнішчальнік праляцеў на адлегласьці трох мэтраў ад амэрыканскага самалёта-шпіёна над Чорным морам; а амэрыканскія і расейскія марскія афіцэры сустрэліся для абмеркаваньня таго, як пазьбегнуць выпадковага сутыкненьня ў моры або ў паветры.

Між тым, Пэнтагон абвясьціў пра свае пляны разьмясціць цяжкую тэхніку ў Балтыйскіх краінах, а Масква паабяцала адказаць паскарэньнем разгортваньня ракет «Іскандэр» у Калінінградзе і ўмацаваньнем расейскага войска ў Беларусі.

Вось яна, новая рэальнасьць. Пасьля больш чым году канфлікту ва Щкраіне супрацьстаяньне паміж Расеяй і Захадам ужо ёсьць чымсьці звыклым, і яно ўсё больш інстытуцыялізаванае.

Гэта ня новая «халодная вайна», прынамсі яе пакуль няма. Расея не зьяўляецца звышдзяржавай, якая валодае глябальным уплывам. Яна не кіруе блёкам краінаў, чый уплыў можна параўнаць з уплывам Захаду. Аднак, Расея выкарыстоўвае існую ўладу вельмі эфэктыўна.

Крэмль таксама не зьяўляецца жыцьцяздольнай альтэрнатывай для заходняга лібэральнага дэмакратычнага капіталізму. Аднак выклік, які расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін кінуў Захаду, мае ідэалягічны кампанэнт, узмацняе нэгатыўную рэакцыю на глябалізацыю і ўнівэрсалізацыю лібэральных заходніх каштоўнасьцяў.

Такім чынам, хоць мы і не знаходзімся ў стане «халоднай вайны», якая, у рэшце рэшт, была прадуктам пэўнага пэрыяду гісторыі, мы знаходзімся на раньніх стадыях таго, што павінна стаць «працяглай вайной».

Расея можа ня быць звышдзяржавай. Але яна не зьяўляецца і краінай, якую можна лёгка ізаляваць або нэўтралізаваць. Апошнія захады Эўропы і ЗША дэманструюць разуменьне таго, што з Масквой трэба дамаўляцца сыстэматычна і пастаянна.

Канфлікт Захаду з Расеяй, кажа Майкл Макфол, былы амэрыканскі амбасадар у Расеі, «ня вырашыцца на працягу тыдняў ці месяцаў, гэта будзе доўжыцца гадамі, нават дзесяцігодзьдзямі».

На кон пастаўлена ня што іншае, як лёс міжнароднага парадку, які паўстаў пасьля заканчэньня «халоднай вайны».

Выклік бясьпецы

Гэтым займаліся Барыс Ельцын, Уладзімер Пуцін і Дзьмітры Мядзьведзеў.

Кожны кіраўнік Крамля з 1991 году спрабаваў пераканаць Захад пераасэнсаваць архітэктуру эўрапейскай бясьпекі так, каб паменшыць уплыў НАТО і даць Маскве эксклюзыўную сфэру ўплыву на постсавецкай прасторы.

Кожнаму зь іх адмовілі. Рэакцыя на гэтыя адмовы зьяўляецца галоўным у цяперашнім выкліку, які Масква кінула Захаду», — піша Браян Уітмар, рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, аўтар англамоўнага блога «Вертыкаль улады» .

Цалкам артыкул чытайце на англамоўным сайце Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG